Пакуль прыйшоў муж, я ўжо паслала сваіх знаёмых чэшак да нашых людзей, каб яны ратаваліся, хутчэй уцякалі. Паслала з адной і таго хлопчыка, сама плачу. Калі прыйшоў муж і нешта пачаў казаць, што нясмачная вячэра, што ён каўбасы ня любіць, я расплакалася горкімі сьлязамі, але аб падзеях на могілках я яму не сказала. Мяне апанаваў сьмяротны страх перад той доляю, якую гэты чалавек згатаваў мне, сабе й нашаму дзіцяці, бо было ясна, што перад намі прорва й цяпер ужо яе нам не абмінуць…
Божа мой, няўжо й нам гінуць, як няшчасным бацькам маім, як усяму нашаму роду? Божа мілы, ратуй нас, зьмілуйся, Божа, над дзецям маім у гэтай зямлі чужой і цяпер варожай для нас.
Знача, поўная найстрашнейшых прадчуваньняў, я ні слова не абмовілася мужу й назаўтра з раніцы аб падзеях на могілках. Мае чэшкі дасканала выпаўнілі просьбу, папярэдзілі каго належыць. Муж пайшоў на працу, сын гуляў з дзяцьмі на дварэ. Раніца была сумрачнай, а сэрцу неспакойна як ніколі. Я пачала варыць нейкае павідла на зіму, але з рук мне ўсё падала. Так у абед нехта пазваніў. Калі я адчыніла, дык убачыла двох учарашніх афіцэраў, яны стаялі ля парога. «Не спадзяваліся нас?» — папытаўся рыжы.
«Спадзявалася», — адказваю абсалютную праўду, бо я такі думала, што прасьледаваць мяне не пера’стануць. Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык ня так спалохалася б… Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесьці. Пачалася гутарка. «Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывеце, а ў нас Алесь Кучар зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж». — «А што вы зрабілі з нашымі пісьменьнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбная на тое ж?» — кажу ім. «Мы чакалі вайны», — адказвае афіцэр. «Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны й рабіць тое самае». На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярталіся ў Беларусь. Глянуўшы на кніжкі, паабяцаў усё нам перавезьці. «Дзякуй, — кажу, — а што вы зрабілі з маімі бацькамі?» — «Мы былі суровыя самыя да сябе», — кажа мне той душыцель. «Вы зноў можаце быць суровыя самыя да сябе, — кажу. — Не, адстаньце ад нас, мы нікуды не паедзем!» У час нашай размовы ўсё званкі. Гэта сьцерва пытаецца, хто ў нас? Калі я ёй сказала хто, дык яна схавалася, быццам спалохаўшыся, каб яе ня злапалі. Я, здаецца, ёй верыла, так яна ўмела прытварацца. Я вярнулася ў пакой, і яны папыталіся ў мяне: «Хто там быў?» Кажу: «Лістанош». Пасьля прыйшла адна чэшка й села ў кухні, прыбег Юрачка. Гутарка ў нас адна: «Слухаць і ведаць вас не хачу, ідзеце сабе, скуль прыйшлі». Тады рыжы афіцэр кажа: «Вось мы навучым вас любіць савецкіх афіцэраў. Едзьце з намі цяпер на пляц Пабеды, заедзем у кафэ». — «Што ж, там у вас штаб, і туды вы мяне хочаце вязьці, мне ясна, дык каб ведалі, што жывой мяне ў рукі не дастанеце. Хутчэй я скочу з вакна й заб’юся на месцы, чымсьці вы мяне схопіце». А сьцерва ўсё звоніць… Я махлюю ім як умею. «Што казаў ваш муж на гэта, што мы вас учора затрымалі?» — «Нічога не казаў, ён нічога ня ведае». — «Няўжо вы яму не сказалі?» — «Не, — кажу, — не сказала». — «Дык вы яму й далей не кажыце», — радзіць мне бандыт. Сама, думаю, ведаю, што рабіць, а ты вось пакідай маю хату!
Нарэшце яны пайшлі, баявая мая чэшка, думаючы, што мне нешта грозіць, ужо сабралася клікаць чэскую паліцыю. Зазваніла і ўвайшла сьцерва, і якраз прыйшоў муж. Я хуценька расказала яму ўчарашняе й сяньняшняе й сама стала бяз памяці ля сваяго ложка на калені й пачала горача маліцца Богу. Я нейк проста анямела ў сваёй маўклівай малітве.
А падыходзіла страшнае, і трэба было прыняць усе, і нельга было думаць аб сабе, а толькі й толькі аб тым запавеце, аб тым тэстамэнце, і нельга было зыходзіць са шляху, пракладзенага шчырымі сынамі Айчыны. Нельга было, так мне дапамажы, Бог!
Янка вельмі спалохаўся. Я падала абед і запрасіла сьцерву, як звычайна. Толькі на гэты раз не было ў нас за сталом харошага Петры. Ня раз мы ўсе разам палуднавалі й рознае плянавалі за гэтым сталом. Сядзіць дзяўчына, якой я так хацела дапамагчы, чым толькі магла. Яна нічога браць не хацела, а я ёй, «беларусачцы беднай», то панчошкі, якіх нідзе няма пасьля вайны, то грошы. Папяросы толькі яна брала ахвотна й курыла, як той комін.
Раптам дзяўчына ўстае й кажа: «Не палохайцеся, гэта я пасланая, каб вас выкрасьці, мяне на гэта школілі. Ужо тры тыдні мы стараемся, каб чэхі выдалі вас, але яны ня хочуць гэтага зрабіць ні за што. Усіх выдалі, а вас выдаць проста не жадаюць, і нам трэба вас схапіць і ўкрасьці. А цяпер пытайцеся пра сваіх знаёмых на Беларусі й вам усё скажу». Я толькі папыталася пра Петру, і яна сказала мне, што яго ня выратуе, бо ён быў у Саюзе Беларускай Моладзі[72]. Я яшчэ раз папрасіла ратаваць Пётру — дарма. Я анямела з болю й агіды да гэтай шпіёнкі, якая ўлезла пад выглядам «няшчаснай зямлячкі» ў нашую хату й вось чаго начаўпла.
Сябры мне многа пазьней сказалі, што ў зьняволеньні бачылі ў прыбіральні напісанае прозьвішча Пётры й крыж ля прозьвішча, знача, яго забілі…
Я нічога не пыталася ў сьцервы, я не магла глядзець у яе бок і толькі чакала, калі гэты смурод выйдзе з хаты. Яна ж, відно, хацела нам дабра, можа, за тое маё збалелае за Беларусь сэрца, а я яе зненавідзела, як гіену. Я не магла зразумець, як можна лапаць, выкрадаць няшчасных, якія ўставалі з векавое няволі й як маглі стараліся падняць, усьвядоміць народ. Усе прадажныя перакідаліся з лагеру ў лагер, выплывалі пры любых абставінах, як нечысьць, на паверхню, а вось ідэйны, найлепшы наш элемэнт гінуў.
Я разумела бальшавікоў — яны заплацілі велькімі ахвярамі сваю перамогу, але іх перамога — гэта ня нашая перамога, бо мэта іх — вынішчыць нас і асыміляваць, што ж даказалі яны за ўвесь пэрыяд сваяго існаваньня. Яны ж ня могуць жыць з народамі, як брат з братам, як роўны з роўным, але, як той фюрэр нямецкі, гатовыя перарабіцьсілаю на свой маскоўскі лад увесь сьвет, ня думаючы аб тым, якія вартасьці нішчаць… Страшнымі цяпер мне зрабіліся і ўсе тыя харошыя хворыя байцы, якія выжылі з цяжкіх баёў і сапраўды жадалі людзям дабра. «Не вяртайцеся, не вяртайцеся дамоў, вам няма там чаго рабіць…» — іхнія словы.
Цяпер я іх баялася ўсіх, не магла іх ні бачыць, ні чуць. Не адчыняла ім ніколі дзьвярэй больш. Іх недзе перавялі за Прагу з іх штабамі, і чэхі вельмі сардэчна з імі разьвітваліся, хоць многае ім не падабалася. Замест гэтых шэрых скромных герояў з крывавых баеў паявіліся цяпер тылавыя «ваякі» ад МВД, і яны ўжо анулявалі тое добрае й шляхотнае, што было ў франтавікоў. Нельга было цяпер выдаваць нашых, пройдзе час, стрэцца розьніца, болей зразумеюць адныя другіх, тады…
Пераважна гэта адносілася да беларусаў-заходнікаў, якія ня мелі абавязкаў да савецкай дзяржавы, бо не жылі амаль пад ёю, і нічога пакуль што яна ім не дала, нават КПЗБ[73], рэвалюцыйная, марксісцка-ленінская партыя (1923–1938) не прызнала, а хацела ад нас усяго! Усяго безапэляцыйна! Яшчэ на Беларусі чуліся крыкі раскулачаных на сьмерць і вывожаных з хатаў у пустэчы, якімі надзяліў лёс гэтую дзяржаву на пакуту ўсім людзям. Я хадзіла як учадзеўшы — свой боль і боль за харошага беларуса Петру…
Як тут выкруціцца, як ратаваць сям’ю? Аб сабе я ня думала. Вось трэба было плаціць, сурова плаціць за асьліную ўпартасьць сваяго «сацыяліста». Праўда, уцякаць з немцамі, ня маючы з імі нічога супольнага, лагічна, не было пашто, але якая ў Сталіна логіка, калі ад яго капрызаў гінулі мільёны людзей… Такі ўжо лёс, і сапраўды з пагранічнага Вімпэрку, як мы, — трапіць проста на канец сьвету ў Комі, дык гэта трэба мець сапраўды беларускую долю… I вось я ведаю прыблізна, калі па нас прыйдуць, і ведаю тое, што чэхі ня хочуць нас выдаць, і ведаю, што ня маюць права ламаць нам дзьвярэй… Ведаю многа, але як ратавацца — засталося два дні… Паганая «панская» натура, ня можам недзе схавацца ў чэхаў з той няшчаснай прычыны, каб не зрабіць ім зла, бяды, якога «Сібіру» на іх не прыклікаць. Гэта з нас можна дзерці скуру, але мы нікога яшчэ нічым ня скрыўдзілі, мае рукі на тое, каб памагаць людзям, і вось мы як дурні, і што нам самотным рабіць? Бог і мы, вера толькі на Бога продкаў маіх.