Выбрать главу

Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й мае пяро. За сабою я пакідала ўлюбены прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыцьце, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў масьлячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песьні яе пайшлі сьледам за мною. I я пакідала сваю сям’ю й той пятачок зямлі на вялікай планэце, мае Жлобаўцы, гдзе я ніколі не сумавала й ня трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод алыныны як-раз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе бяз таты, ён вельмі разумны, нейк усе бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень… Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсёды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небясьпека, як прадчуцьце таго, што пасьля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсе відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.

Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, гдзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесьці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацьвердзілі пасьля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы схалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасьля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасьля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, сваяго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасьць нейкая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент[7] мэдыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасьля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж беларус сьведамы, упарты, непахісны, такога ня купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.

Я ніколі нічога не плянавала, пляны гэта домікі з карт, а ў сьвеце было такое ўсё нестабільнае, і вайна ў Гішпаніі кідала нецікавы цень на ўсю Эўропу. Я сабе думала: ну, што ўжо будзе, калі двое людзей ідуць з чыстым сэрцам і з верай у харошае, дык жыцьце ж іх не загубіць. Мне не давалі вялікай нейкай выправы, паводле слоў маяго мужа, гэта ўсё было лішнім, бо ж моды мяняліся, там, гдзе ён жыве, далі нам проста вэксалі на кусок зямлі й крыху грошай. Небагаты мой муж нейк ня вельмі аб гэтым усім клапаціўся, здавалася — будзем жыць з ветру. Ці проста быў ён мужчынам, які заўсёды ўпэўнены, што так ці іначай на сваю сям’ю кусок хлеба заробіць. I так ішлі мы ў жыцьце з ярым кляймом беларускасьці на чале. Ішлі насупраць, з чыстым, адданым Айчыне сэрцам, усіх тых ворагаў, для якіх адна назова нашай Зямлі была нямілай.

2. Зэльва

Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць мэдыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль ня знаю. Ведаю М.Танка й вельмі захапляюся яго творчасьцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу, расказвае аб сабе, як, скончыўшы расейскую гімназію ў Горадні, ня мог паступіць на польскі унівэрсытэт. Гiмназія ня мела дзяржаўных правоў. У Ліцьве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР[8] у дваццатых гадох, які пасьля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпэндыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвэнтаў беларускай гімназіі, на навуку ў Прагу. Гэта было несказана хораша, але ж як там дастацца? Вось у 22-м годзе выбраўся туды па навуку й мой муж. Трэба было нейк перабірацца нелегальна праз Літву, дарожкі тудой ужо былі беларусамі пракладзеныя.

У Вільні была Беларуская Школьная Рада[9], гдзе працавалі Тарашкевіч і Грыневіч, якія пэрспэктыўным студэнтам давалі посьвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку й бралі ад кожнага забавязаньне, што, атрымаўшы асьвету, кожны беларус выдасьць кніжку на роднай мове па спэцыяльнасьці й дасьць за свой кошт вышэйшую асьвету аднаму сваяму суайчыньніку. Не было інтэлігенцыі, якую належала тварыць. Падпісаў гэта й муж. На дарогу благаславіў яго Браніслаў Тарашкевіч, а старэнькі Грыневіч толькі ва ўсіх пытаўся, якія ведаюць песьні народныя, каб засьпявалі. У Літву трэба было перайсьці тры добра вартаваныя зоны. Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў сваяго ліста. Цягнік не затрымоўваўся, і Янка скочыў з яго, трапіўшы проста ў рукі паліцыі. Янка нейк выбраўся з іх рук і дабраўся да таго літоўскага ксяндза. Відавочна, нашыя й літоўскія ксяндзы сабе спрыялі, і той ксёндз паслаў мужа да сувязнога літоўца. Той сувязны й правёў дажджлівай ноччу, сагнуўшыся ля пагранічнай вартоўні, маладога беларуса на яго далейшы шлях. Яны расцалаваліся, абняліся. «Раблю вам гэта, як брату», — сказаў літовец, які рабіў гэта для беларусаў дарма. Так дастаўся муж за граніцу й сеў на цягнік у Каўнас. У цягніку правяралі пашпарты, і посьвядкі не хапіла. Ніякія посьвядкі тут значэньня ня мелі, мужа забралі ў паліцыю, але туды зьявіліся прадстаўнікі БНР В.Захарка й Дзьмітрыеў, якія хутка давялі літоўцам, што гэта не шпіён, і забралі Янку з сабою. Там муж сустрэўся з Гілярыем Дварчанінам, які таксама прайшоў падобны шлях. Ім далі вельмі прыгожыя беларускія пашпарты, але на іх не давалі візы. Тады далі ім нейкія літоўскія «люйдымас»[10] і на іх толькі далі візы ў Чэхаславаччыну. Ластоўскі даў ім з сабою крыху грошай, і так яны паехалі на Бэрлін, ледзь пераехаўшы польскі карыдор, гдзе палякі прычапіліся да іх, жадаючы транзітнай візы. Яны абяцалі паказаць ім візу, едучы назад. I так праз Бэрлін у жаданую чэскую Прагу. Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзьве бульбіны, каб вяроўка ня коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Эўропу. Так прыйшлі туды і іншыя з нашай зямлі, каб магчы вучыцца. Многа іх памерла, — расказваў мне некалі адзін сябра, — прычынай было цяжкае, задымленае паветра Прагі, слабыя стыпэндыі, у выніку чаго сухоты, а другою прычынаю іх гібелі была любоў да сваяго народу й вера ў тых, каму верыць было нельга… Вярталіся на ўсход, гдзе будаваўся «беларускі дом», як ім казалі, і там вельмі хутка знаходзілі толькі магілу сабе… Вельмі хораша было з боку чэхаў даць нам хоць гэтыя магчымасьці, і я гэта запамятавала назаўсёды. А хлопцы сьпяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што сьлед іх жыцьця й навукі не міне бясьсьледна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны. Адныя, расказвалі, купілі па дарозе ў Бэрліне круглы вялікі бохан хлеба, а так, як нашыя людзі любяць есьці паважна, вымыўшы рукі, так і яны зайшлі ў кафэ нейкае, каб за сталом пад’есьці. Парэзалі хлеб на скібы й лупянулі ўвесь бохан адразу. Немцы, гледзячы на такое, вырачылі вочы, здаецца, пайшлі аб залог: ці зьелі б яны яшчэ нешта, ды паслалі ім ад сябе вялікае блюда нямецкіх сэндвічаў. Хлопцы весела лупянулі і іх. Немцы іх падзіўлялі. Так ехалі нашыя ў вялікі сьвет. Шмат пазьней давялося мне чуць ад чэхаў, што беларусы ў Празе былі самымі чэснымі й працавітымі людзьмі, на іх не было ніколі ніякіх скаргаў урадам.

вернуться

7

Абсальвент (польск. absolwent) — выпускнік навучальнай установы.

вернуться

8

Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), 9.03.1918–1925.

вернуться

9

Культурна-асветніцкая арганізацыя, на аснове якой было створана Таварыства беларускай школы (ТБШ), 1921–1937.

вернуться

10

Люйдымас (літ. liudijimas) — пасведчанне.