Горам для нас былі этапы. Прыяжджалі купцы. Гэта былі звычайна босы з нейкіх лагероў, гдзе стройкі. Кожны начальнік лагеру прагнуў збыць старых і набраць маладзейшых. Нас заганялі брыгадамі. Спачатку лагерныя лекаркі ці лекары (пераважна апошнія — сьцервы) глядзелі нас на цяжарнасьць, ня мыючы рук… Пасьля мы йшлі голыя да пояса да стала, гдзе засядалі лекары, купцы й начальнікі. Нам заглядалі ў зубы, мацалі, круцілі голавы й бралі нас на ўлік этапны альбо, крывячыся, адкідалі. «Хадавы тавар» быў тады: «З трыццатага года нараджэньня». Часам везьлі аж у Караганду. Усюды тое самае! Да нас прыбывала папаўненьне з волі, прыбывала шчодра… На Інце доўга была з намі Соня Радэк. Яна рабіла прыдуркам. Была францужанка Пірэт, якая дзеля «славы Францыі» старалася працаваць разам з усімі. Была яна нейкай вечна надутай, а можа, ганаровай, што яна ня мы… З ёю гутарыла нейкая Угрымава (здаецца, так), якая разам з мужам з патрыятычных меркаваньняў вярнулася на «родину» з Францыі. Іх з Адэсы, здаецца, проста з парахода далі на Інту. Працавала яна художніцай. Малявала карыкатуры на розныя лагерныя парушэньні, напрыклад, як мамкі лезуць праз вузенькае вакноў калючым дроце да сваіх дзяцей. Ну, гэта, як і другое, нас не сьмяшыла… Была з ёю і яе сястра Волкава, якая старалася мне давесьці, што сталінская «эпоха» найслаўнейшы час расейскай гісторыі. Дык аб чым было з дурнем болей гутарыць? Я цесна дружыла з Люцынкаю, а калі яе адвезьлі ў Абезь, дык з харошаю жанчынай Ольгай Фоцюк, з Ольгай Мароз, са сваімі дзяўчатамі, якіх, прызнацца, пабойвалася за малымі выняткамі. На іх быў асаблівы націск, а мы — як каты ў мяшку. Часта каторая з дзяўчатак гаварыла мне: «А цяпер „пасварымся“ з вамі, ня будзем гутарыць, ні сустрачацца…» Я за гэта дзякавала, ведала, што застаўляюць на мяне даносіць, і нам выгадней было «пасварыцца».
Тактыка не зьмянілася, так робяць са мною й цяпер. I цяпер ходзяць да людзей і рознае на мяне выдумоўваюць, падобнае было і ў лагеры. I тут, і там мала гэтаму верылі.
Было розна, але ў лагеры мяне даволі слухалі. У нас ладзілі канцэрты вельмі харошыя: балеты, мантажы з опэраў, эстраду. Аднойчы запрапанавалі даць нешта ўкраінскае, думалі што, але адна з масквічак так непрыгожа выразілася аб менейцэннасьці беларусоў і ўкраінцаў, што вас заела. Канцэрт гатовы, але на яго ніхто ня йдзе! Сцэна пустая, брыгады ня рухаюцца з месца… На гэта трэба было толькі сказаць: «Калі так, дзяўчаткі, дык нам там ня месца…» Гэта была цудоўная зьяднанасьць, нават прыдуркі ня йшлі… Пасьля давалі і ўкраінскія намяры: песьні, нешта з «Запарожца за Дунаем» і, здаецца, нават «Шэльменку».
Нашую брыгаду назначылі ў воінскую часьць. Там мы нешта вычышчалі, наводзілі парадкі, а малодшых дзяўчат узялі мыць салдацкую сталовую. Звычайна туды йшлі неахвотна, хіба што на двары была сьцюжа. Дзяўчаткі выбеглі нейкія неспакойныя, вочы ім аж блішчалі, і адразу пачалі шаптаць нам, што чулі па радые — захварэў Сталін. Наша групка — украінкі, я й дзяўчаты з Прыбалтыкі — так і зьбегліся, ня ведалі, як стрымаць сваю радасьць. «Кровоизлияние в мозг». Божа, Божа, ці хоць добра памятаю? Гэта ж, здаецца, сьмяртэльна, няўжо канец зьдзекам, няўжо пачуў нас Бог? Кубаткіна пачала заводзіць, другія дурніцы — крывіцца, а мы ажылі! Падышла да мяне Афанасьева, стукач ад’яўлены, і кажа: «Он был гений, как вы находите?» I што тут сказаць, ану ж яшчэ ажыве нехрыст… Кажу: «Ёсьць розныя геніі, светлыя ёсьць і чорныя, гэты быў найчарнейшы…» Ідзем у зону, а йдзецца лёгка, надзея малюе ўжо волю, сына, мужа і ўсе чалавечае. У зоне марафонскім бегам у санчасьць да першае лекаркі: «Ці выжываюць з кроваізліяньня?» Амаль не!!! Божа мой, знача, «кат всех времен» ужо ня ўстане. Сьвята для нас, о, як жа добра, што нелюдзю няма ратунку. Кубаткіна ў чамадане з рэчамі хавала яго партрэт, якіх навалам было ва ўсіх газэтах. Дастала яго й плача. Няшчасны, бедны ліцамер, які звучыў усе самыя хітрыя ходы, каб выжыць, хоць мёртвы ня ўстане. «Кінь к чорту яго, — кажам, — ён ужо ня страшны…» Яна сьмяецца, пачынае верыць у тое, у што ёй, Кубаткінай, паверыць трудна…
I вось яго няма. Недзе хаваюць у Маскве, а нам загадалі на працы стаяць і маўчаць хвіліну. Цяжка выстаяць, цяжка маўчаць, калі Бог адчыніў справядлівасьць. Паглядаем на канваірскія морды, пасьмейваемся, што ж сіроткі без сваяго «тата», вам ня сорам за ўсе?.. Нас яшчэ пусьцяць ня хутка, але вецер павеяў цяплейшы, ад аднаго факту той сьмерці людзям стала дыхаць лягчэй.
Мяне часта выклікалі, то пытаюць, напрыклад, ці Натальля Арсеньнева камсамолка, ці ведаю Клімовіча і т. п. Вось пакінулі ў зоне, знача, зноў нечага хочуць, чаго цяпер? Выклікаюць з абеду да опера. Уваходжу, сядзіць невысокі сьціплы чалавек у ваенным і кажа: «Сядзьце, у мяне справа да вас. Я так шкадаваў вас, што пакінуў, каб хоць дзень адпачылі». Выглядае, што ня лжэ. Уваходзіць опер і як зараве: «Устаць, чаму не ўстаеце, калі я ўваходжу!» — «Я прыехала, лепш сказаць — вы мяне прывалаклі сюды з Эўропы, а там жанчыны, нават зьняволеныя, перад мужчынамі не ўстаюць». Мяне трасе, а малы чалавечак у ваенным лапоча: «I ў нас культурна, і ў нас вельмі культурна…» Пытаўся, здаецца, пра Калошу, і ўсё лагодна, ніякай грубасьці. Там ужо недзе пачынаўся новы хрушчоўскі дух, але ўсе гэта яшчэ вельмі абманчывае, верыць тут ніколі й нікому нельга. Людзкасьці тут не было й ня будзе, тут хітрасьць. Пасьля зноў прыехаў нейкі рыжы «таварышч», я так і не пыталася, хто ён. Гэты пытаўся, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей? «Якіх? — пытаю. — Прасьветава?» Яму сказалі, хто Прасьветаў. Гэты «дазволіў» пісаць мне — толькі не пра кірку, не пра лапату, проста пра «любоў» да савецкае родзіны… О іронія, о жах… «Вам блішчаць яшчэ вочы», — кажа той рыжы. О так, яны мне будуць век гэтак блішчэць нянавісьцю й помстай на адзін успамін аб такіх дыпляматах. Я яму на гаварыла, што ён аж пазапісваў. Кубаткіну й Радзіонаву ён адпусьціў у Маскву. Мне толькі парадзіў карыстацца бібліятэкаю, тады калі не было ў мяне акуляраў і нават найменшай надзеі на іх. Ня ведаю, хто быў гэты чалавек, але я мела ўражаньне, што яны нарэшце сьцямілі, што сяджу дарма. I яшчэ адно я зразумела, што калі пыгаецца, нехрыст, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей, знача, мяне згэтуль ня пусьцяць… Я даўно выйшла б з лагеру, калі б гэта было ў Эўропе нават камуністычнай, там была нейкая логіка ў людзей, законы й пасьлядоўнасьць, тут Сталін і мера пачуцьцяў да яго вырашалі людзкія лёсы. Не, гэта было ніяк не для мяне. Мая мілая сяброўка Галіна Уолэс, жонка некага з амэрыканскага пасольства, прасіла мяне: «А ты хоць маўчы й пабачыш — будзе табе лепей, прашу, не высказвайся». Калі нейкі канваір, якога мы празвалі за нялюдзкасьць Гітлерам, зьдзекаваўся нада мной, кажучы: «Вось графіня…» — дык Галіна падыходзіла да мяне й сама высказвалася на ўвесь голас: «Да, он прав, всё же ты среди них выделяешься…» Навучылася яна рабіць печы, што давала ёй магчымасьць быць у зоне, як-ніяк — цяплей.
Зэкі адбывалі на этапы, прыбывалі новыя. Мая Оля Фоцюк была ў нейкай чужой брыгадзе, і мы цяпер рэдка бачылігя. Аднойчы яна завітала да мяне з дзіўнай просьбай, што яе брыгадзірка вельмі прасіла, каб я да яе прыйшла. Яшчэ што, кажу, калі трэба, дык няхай сама прыйдзе, але пані Оля так прасіла, што ўрэшце мы пайшлі. Сустрэла нас чарнавокае, сумнае й вельмі прыгожае дзяўчо. Быда гэта беларуска Жэня Пазьняк. Узялі яе за СБМ роўна ў 16 год, і вось яна канчала свой срок, цяжкую дзесятку, даслужылася да брыгадзіра, але, паводле слоў пані Олі, была людзкай. Пачаставала нас яблыкамі, відно, з пасылкі. Я адмовілася, бо маладым цынга куды страшнейшая, але яна ўперлася, кажучы: «Мне адмаўляць нельга!» Я задумалася, нічога адмаўляць у нас нельга толькі цяжарным… «У чым шрава?» Жэня глянула мне з цэлай душы ў вочы й загаварыла: «Будзьце мне як маці, я ў горы. У мяне ёсьць родная мама, але гэтага не магу ёй сказаць, не перанесла б…» Жэня была цяжарнай ужо пяты месяц. Іх, якія канчалі срок, паслалі ў тундру на сенажаць. Начальнік, нейкі прараб з быўшых зьняволеных, немалады й гадкі тып, проста траўляю й зьдзекам на рабоце воддаль ад большага начальства рабіў там з людзьмі, што хацеў. Ён закахаўся ў Жэню, хадзіў здалёк ад нашае зоны й чакаў, калі яе асвабодзяць, ведаў, што яна цяжарная ад яго. Яна ж так люта яго ненавідзела, так брыдзілася яго маральнай візасьці, што спакойна не магла аб ім гутарыць. I вось што рабіць? Я сказала коратка, што дзіця належыць пакінуць, гэта перад усім яе дзіця. Менавіта тут, гдзе ўсе забіваюць — ад волі чалавечай да самога чалавека, — трэба ратаваць жыцьцё. Справа была пастаноўленай, Жэня лёгка згадзілася, Але ў мяне ж свая беларуская сям’я, перад усім дзяўчаты. Спакойна ім усё расказала й сваю пастанову, пачаўся бунт! Нельга такое дзідя, нельга тут раджаць, трэба гэта зьнішчыць і зацерці сьляды… Што ж, практычна, вельмі «па-людзку»… Я толькі не магла зразумець, што гэта гавораць жанчыны… Я ім сказала, што думаю я й што маленькае будзе жыць! «Мы адмаўляемся гэта падтрымоўваць!» — «Ну й добра, я гэта падтрымоўваю, гэта пяты месяц, і нельга забіць…» Мы з Жэняй узялі на сябе цяжкую адказнасьць. Яна ўжо сядзела ў бараку мамак і вышывала. Вышывала прыдуркам, якім усяго было мала. За пайку яны выкарыстоўвалі патрабуючых і шылі, шылі… гатавалі сабе выправы, але як жа яны маглі глядзець на гэтыя рэчы з лагернай нядолі ў сваіх хатах, дый хто такіх жанчын калі пакахаў бы, бяздушных… Ну, але Жэня вышывала ім і начальству й мела нават капейку за гэта для будучага дзіцятка. Аб гэтым я паведаміла сяброў, думаю, што скажуць? Адныя адразу напісалі, што нельга, каб было дзіця, бо яно ўсб роўна ніколі ня скажа «Жыве Беларусь», а толькі «Всегда готов» і г.д. Другія напісалі: «Нам гэта не падабаецца, але калі скажаш, маці, дык паможам». А трэція ўсьцешыліся, што гэта можа быць нейкі паэт ці паэтка, і калі будзе дзяўчынка, дык каб назвала Жэня найдарожшым для іх імем — Ларыса… А Жэня зацяла вусны, не наракае, такая тактоўная, мудрая, церпіць. Божа мой, гэта ж жыцьцё, і не адна, якая Жэню асуджае, мае куды больш на сумленьні… Аднойчы йдзем мы з работы, а ля вахты чакаюць мяне хмараю проста й віншуюць, што ў мяне ўнук! Ну й так трэба! Жэня была львіца, ня маці, зайздросная за сваё дзецятко, улюбёная ў яго. На жаль, у яе ўспыхнуў тубэрхулёз, трэба было легчы ў больніцу й пакінуць на час які дзіця. Яна не згадзілася, толькі б карміць, толькі б даглядаць яго.