Нам часамі прывозілі кіно, за ўступ трэба было плаціць, але кожны стараўся яго паглядзець. Аднойчы быў фільм аб юным Каруза, і мы доўга сьнілі аб ім. У кіно пускалі ў першую чаргу прыдуркаў і рабочыя брыгады, якія выпаўнялі плян.
У культбрыгадзе я прабыла амаль зіму. З Тамарай Ве-раксо працавалася добра. Яна вельмі цешылася з кожнага маяго ўдалага верша. Да аднаго падабралі музыку, і яна ставіла яго, як номер балету са сьпевам. Канцэрты былі цікавыя, часам на высокім узроўні. Але зышлося ў гэтай брыгадзе й нямала стукачоў, як Мара Аграновіч, якая лавіла кожнае маб слова, чаплялася да яго й адносіла начальству. Ды ці толькі яна адна… Напрыклад, скажу: «Чаго баяцца бедных манашак, няўжо і яны страшныя сільнай дзяржаве» — як ужо Мара падымае крык, што я казала аб слабасьці Савецкага Саюза. Пасялілі яе каля мяне, і страх было аказацца, так яна ўсё перакручвала. А бедных манашанек, пераважна расеяк, заганялі ў БУР і вельмі прасьледавалі. Аднойчы нейк мы з імі сустрэліся і яны ўгаворвалі нас не працаваць, што яны прызнаюць толькі «труд на добровольных началах», таму не прызнаюць нат калгасаў. Аднойчы прывезьлі нешта 30 манашанек, якія не хацелі нічога казённага апранаць і есьці. Яны не хацелі ў няволі йсьці нават у баню, і іх цягнулі ў яе сілаю. Выдзялялі на гэта брыгады. Цягауць дзяўчаткі няшчасных у іх латаных-пералатаных лахмоцьцях, і яны, выхудлыя, страшныя, толькі стогнуць: «Господи, помилуй, Господи, помилуй…» Аднойчы я іх убачыла ў бані, гэта былі шкілеты з вялікімі крыжамі на грудзях, жудасныя й счарнелыя. Нават Віктор Гюго ня змог бы апісаць такой нэндзы, у якой жылі яны. Раз пабралі ім вопратку, спалілі яе й на месца спаленай палажылі казённую. На дварэ быў мароз 40°, і яны не апранулі казённае. Страх было глядзець, як голыя ў такі люты мароз беглі ў барак. Яны паміралі пры мне ў Абезі, як мучаніцы. Калі далі ў баракі радыё й лозунгі, дык яны, няшчасныя, не маглі гэтага сьцярпець і, наколькі былі ціхія, усё ж лозунгі зрывалі, а радыёточкі проста разьбівалі. Тады ім саджалі дзяўчат, каб тыя вартавалі, але мы былі душою з манашкамі, і калі было трэба, дык «стража» выходзіла, а манашанькі распраўляліся з радыё. А то старэнькія ў неймаверным лахмоцьці ўцякалі ў жудасныя ўборныя і там, як шэрыя камякі, сядзелі днямі пад сьценамі ў смуродзе й брудзе. Брыгады нанач зьбіралі іх і сілаю адводзілі ў баракі. Яны стагналі, так ненавідзелі ўсё, да чаго іх змушалі. Ужо нічому й нікому ня верылі. Дзяўчаты злаваліся на іх, бо пасьля працы і ўсякіх шмонаў і шпаркі блашчыцаў, якія масава вядуцца й на поўначы, ім трэба было яшчэ валачыць сілаю няшчасных, каб не памерзьлі насьмерць. Яны ўсё посьцілі, елі свой хлебушак, маліліся й чэзьлі. Такіх стойкіх, як былі яны, я не сустракала болей. Яны, раз зьняверыўшыся, не маглі й не хацелі болыд слухаць усякай хлусьні, проста паміралі. Наагул нейк верылася толькі людзям, якія не адракліся Бога. Такія толькі й былі стойкія й спагадлівыя заўсёды. Такія не падводзілі. Вельмі моцна трымаліся, хоць ня так адчайна, грэка-католікі. Было многа баптыстаў, яны трымаліся цеснай групай, але былі занятыя толькі сабою. Выдзяляліся многім, хоць бы тым, што вечна плакалі й заводзілі. Зьбяруцца ў канцы лагеру ля ўборных і падымуць такі плач «ля сьцяны Іерусалімскай», што мароз ідзе па скуры. А нам плакаць было нельга, бо трэба было нам выжыць. I дапамагаць нам трэба было кожнаму чалавеку бяз розьніцы нацыі, рэлігіі, пераконаньняў, проста хоць маральна ратаваць людзей. Баптысты прыставалі да мяне горай за тое начальства… «Вы ж мусіце быць з намі, — казалі, — вы ж такая, як мы». I калі мяне асабліва мучылі, дык казалі, што гэта Бог дае мне пазнаць, што мне ўжо час перайсьці да іх… Яны вербавалі сабе «веруючых», і вось адна масквічка, здаецца, пайшла да іх. У іх былі пасылкі з волі, і гэта было даволі выгадна. Надзела бабка даўгую сукню, схавала валасы пад хусту і ўсё тварыла, што і іншыя, да тых пор, пакуль не памёр Сталін. А пасьля, калі пачыналі пакрысе пускаць людзей дамоў, яна скінула ўсе лахмоцьці й пайшла да Вераксо ў кардэбалет і такія каленцы там яшчэ выкідвала, што ўсе хахаталі. Была там яшчэ такая вельмі пабожная, якая не давала мне жыць, што трэба ні аб чым ня думаць, нічога не хацець — ні вайны, ні асвабаджэньня, ні помсты на ворагу — і ўсё даказвала мне, што я аб гэтым усім думаю й каб як найхутчэй адраклася. Выглядала гэта вельмі дзіўна, і, нягледзячы на яе посны твар, так і думалася, што і яна з кардэбалету, але не ад Вераксо… Іншыя былі больш-менш нармальныя, але людзей не было ім жаль, вось толькі сваіх «веруючых»… I наагул было розных сэктаў, напрыклад, нейкія «плясуны». Прыехаў раз этап, разьмясьцілі жанчын па нарах, і раптам пад вечар пару з іх саскоквае, пачынаюць такую пляску, як упіўшыся на вясельлі. Мы думалі, што ў іх ня ўсе ўдома, а гэта ж такая іх сэкта… А верыць было так проста: маліцца, любіць людзей і выжыць, усім жыць.
Нідзе, як тут, ня ясна было, што «вера без дел мертва есть», а без любові да людзей — тым болей. Я часам думала, як чуўся б і што ў гэтых варунках рабіў бы які сапраўдны амэрыканскі місіянер? Якую ён тут застасаваў бы тактыку? Я толькі ведала, што не заўсёды трэба быць голубам, у гэтым выпадку — лепей лісою. На ражон было лезьці ня час, а, як той лекар казаў — перахітрыць ворага. Дзіўна, што яны найболей баяліся ўсе ж рэлігіі. За малітоўнымі кніжачкамі й абразкамі дык проста палявалі. Аднойчы я ляжала хворая, засталіся ў бараку й другія дзяўчаты і, карыстаючы з гэтага, маліліся. Увайшлі надзоркі, з якіх найболей дурная й найболей лютая была нейкая Дунька. Пачаўся шмон. Убачыўшы малітоўнік, Дунька накінулася на дзяўчо, як гіена. Дзяўчына пачала ўцякаць, скакаць па верхніх нарах, Дунька за ёю ў сваіх боцішчах. Малітоўнічак кінулі мне, і я яго ўраз прыхавала, а сама пачала стагнаць. Дунька не знайшла яго, з чаго ледзь ня выла. Наагул надзірацелі былі нелюдзі. Калі аднаму з іх, нейкаму Кір’янаву, нарадзілася дзіця, дык людзі не пыталіся: хлопец ці дзяўчына, а канваір ці надзорка? Ніхто ня мог уявіць сабе, што з гэтых кацюгаў можа быць нешта іншае. Кір’янаў пасьля сьмерці Сталіна, кажуць, пайшоў вучыцца на афіцэра. Так, зусім на гэта адпаведны элемэнт, ад нечалавечага выразу твару пачынаючы.
Людзей у лагеры амаль ня білі. Мяне дык біў толькі раз нейкі Іваноў за тое, што не хацела йсьці мыць падлогу ў воінскі барак. Я так і не пайшла, але ўжо енчыла, што мела сілаў, аж адскочыў ад мяне й кінуў біць. Нас мучылі вышукана маральна. Забіралі нам спакой, рвалі, як маглі толькі, нэрвы, ганялі, усяк прыніжалі. Штодзённа мы павінныя былі казаць ім канец сваяго сроку. У мяне гэтае «сьвята» прыпадала на 73-ці год! Вось мы мусялі такое памятаць. Нас жудасна апраналі, забіралі ўсе нашыя паперкі, забівалі нашыя радасьці. Не, усяго не перасказаць… Ніхто з іх ня меў літасьці, і гэта палохала найболей, знача, ня будзе на зямлі людзей — адныя ўзаемныя мучыцелі толькі… Мне, праўда, і сяньня ня лепей, мучаць яшчэ болей прадумана й садыстычна, як некалі… Вера толькі ў сілу, а рэшта ўсе ня мае значэньня паводле іх. А сілы гэтае ніхто яшчэ не парушыў, яе прызнаюць, і енкі няшчасных мільёнаў зьняволеных моўкнуць у тундры, у пустынях і стэпах гэтай надзеленай прасторамі й дзікасьцю краіны, якая мучыць і губіць даўно ўжо самую сябе, ня знаючы меры.
Пасьля байкоту канцэрту мне зноў прыгразілі «сухарыкамі» й заперлі ў такую брыгаду, гдзе ні дыхнуць. Вярнуўшыся з працы, я заставала свае нары як пасьля землятрусу. Усякая нечысьць зьдзекавалася нада мною ў вочы, во прыдуркі. Нарэшце я ня вытрымала й пайшла да начальства. Быў там нейкі беларус, так і перла з яго нашая мова. Вось я яму й вылажыла свае погляды. «Лепш вы ўжо раз мяне забеця й не дазваляйце кожнаму мучыць мяне, гэта ж так нізка…» Рэзультат быў той, што далі мяне ў брыгаду штукатураў Марыі Мельнік — шкуры, не чалавека. Я гэта ведала, стала хітрэйшай. А сябры пісалі, і вершы пісаліся й палілі мае далоні, іх трэба было рассылаць, каб жылі й думалі так, як я. Бяліць і папраўляць печы нічога, але вось паставілі мяне тынкаваць столь. Кіну раствор на столь, а ён мне ляп назад у вочы… З вапнаю жа й ніяк мне не атрымоўваецца. Нарэшце сябры прыслалі мне шахцёрскія акуляры, ды я крыху падвучылася гэтай мудрай штуцы, і ўжо было лягчэй. Мельнік мяне ад сябе не адпускала, а яе падружка нейкая Надзя Карава папярэдзіла мяне, што Мельнік так і працягваюцца рукі, каб мяне задушыць уначы за тое, што я супраць «любімае родзіны».