Выбрать главу

Ніхто ня ведаў, хто я — проста паэтка й вязень. Мае імя з волі нічога ня мела супольнага з маім лагерным імем. Гэта паўставала асобна, гартавалася ў горы. Кожны ведаў толькі, што сын у мяне і ў няволі муж. Гэта і слабасьць мая, і сіла. Застыць, аднак, у горы мне было і нельга, і непатрэбна. Патрэбна было думаць і жыць і памагаць думаць другім. Мае думкі — мае вершы. Памятаю, раз на куцьцю ў палякаў, гдзе сапраўды было вельмі цёпла й міла, у мяне папрасілі вершаў. Яны пасыпаліся з самага сэрца. Па-беларуску, і так усюды, заўсёды.

«За что вам дали срок?» — пытае нейкі сьледавацель у лагеры. «Имею честь терпеть за Беларусь…» Гэта дзейнічала. Свае думалі, вярталіся да нас, чужыя нас шанавалі. Гэта не была палітыка лозунгаў, нянавісьці інстынктаў, а хутчэй палітыка розуму, праўды й сэрца. Некалі сябры казалі мне, што я летуценьнік, што без палітыкі нельга. Я згодная, але ў гэтым выпадку лепш было так. Разьлічвалася на доўга, усе словы й чыны ня раз яшчэ праверыць час. Сапраўдны беларус — чалавек, з дарогі ня змыліць, і мэта яго адна: Беларусь.

Працаваць мне было штораз цяжэй, балела паясьніца — ні сесьці, ні ўстаць. Мяне паслалі да лекарак. Глядзелі мяне, давалі мазі, але боль не сьціхаў. На Абезь тым часам прыяжджалі мужчыны з канцэртамі, была й свая культбрыгада. Мужчынаў мы частавалі ў нашай сталовай запяканымі макаронамі на іх гонар, капустай, чаем. Парадкі мяняліся відавочна. Яшчэ на Інце, расказвалі дзяўчаты, якія былі ў зоне, што прыйшлі нейкія начальнікі, шкадавалі зьняволеных, падавалі нат рукі… Ну, гэта ня быў Казлоў і яго хэўра… Недзе з нетраў гэтай вялікай зямлі прабівалася чалавечнасьць, прачыналася сумленьне ў людзей, але не ва ўсіх.

Мяне паслалі на прыём да Штэера. Ён вельмі зьдзівіўся, убачыўшы мяне, нейк узрушыўся. Знайшоў маю хваробу й адразу назначыў легчы ў яго стацыянар. Пані Луцкая, украінка, з якою мы пасябравалі, крыху спалохалася, я — не! I вось апэрацыя. Ноччу зьявілася да мяне ўся мая сям’я ў сьне. Тата, мой магутны тата схапіў мяне на рукі й недзе адносіў з чорнага, нейкага захмаранага Абезя й цэлы аж лекацеў са страху, прыціскаючы мяне да грудзей… «Не, не хачу апэрацыі, — сказала я, — зусім не хачу». — «Не, вы паляжэце сабе ў больніцы, — сказаў Штэер, — пасьля будзем бачыць, я вам дам тут працу, будзьце ў нас раздатчыцай для хворых і мне падасьце ежу. Цяпер тут раздатчыцай страшны чалавек, полька пані Ніка. Яна мяне ненавідзіць і я яе, а вы тут адпачнеце, ужо я вас скрыўдзіць ня дам». Там працавала Кэтты, англічанка, якую з Інты вывезьлі раней. Была яна ў Штэера санітаркай і вельмі добра глядзела хворых. На жаль, яна дружыла з пані Нікай. Ніка была з Вільні, нямілая дама, яе нянавісьць перайшла й на мяне.

Ня ведаю, паколькі праўда, але Штэер казаў мне, што яна дабівалася яго сэрца… З маяго боку тут Штэеру нічога не пагражала, а што я ніколі не прадам яго, ён добра ведаў. Знача, пакуль апэрацыі ня будзе. Ноччу зноў пры мне тата. У Абезі сьветла й ціха, ён абняў мяне, памахаў рукою й сам адзінока пайшоў у напрамку лесу… Знача, усё добра. А мне добра было там, хворыя такія свае, такія харошыя. У палаце нашай Слава Грэбянюк. У яе нешта з лёгкімі, некалі выразалі ёй два рабры, і цяпер горай, і яшчэ мілыя ўкраінкі ляжаць на выцяжцы — хворыя касьцякі. Гутарым, сьмяемся. Са Штэерам працуе вольная злая сястра й надзвычай прыгожая й мілая ўкраінка Анечка. Злая Косьця сьпіць ня з намі. Штэер ад Нікі збавіўся, ад Косьці ўсё ня можа. Штэеру даю тое, што ўсім, але прыгожа кладу гэта на талерку. Ён ненавідзіць кашы й кажа, што калі вернецца ў Бэрлін, дык забароніць падаваць іх на стол, а ў тое, што ён вернецца, ён моцна верыць. Гаворым з ім шчыра аб усім. У сваім пакоі бн вельмі любіць кветкі, «грюнэ эккэ», як кажа, зялёны куточак. А кветак у Абезі многа, паклоньніцаў удзячных у Штэера яшчэ болей, дык кветкі ў вазонах заўсёды ёсьць. Ніка недзе ў брыгадзе, а што там робіцца ў зоне, я нават ня ведаю, хоць прыходзяць да мяне дзяўчаты, але ў нас свае беларускія справы. Маты Марта прыслала мне ў пасылцы кетгуту, пэніцыліну й шчотачкі мыць хірургу рукі, бо мыў вельмі сьцертымі, але апэрацыю мы адкладаем. «Вы мне не давяраеце?» — пытае Штэер… «Не, я не давяраю Косьці й гэтай вальняшцы, што з ёю шэпчацца й што вам асыстуе на апэрацыях. Я іх баюся й апэрацыі баюся». Пра свой сон не кажу, гэта мая тайна, мая сіла. Даўно ўжо мне не было так зацішна ад начальства, так добра. На Штэера розна кажуць, што ён закаханы ў маладое ўкраінскае дзяўчо і т. п. Гэта мяне не датычыць, і я сапраўды ня бачу злога за ім. Ён чэсны, адданы хворым, разумны. Мне добра, але цяжка Олі Мароз, вось бы ёй так адпачыць тут крыху са мною. Патрэбная якраз санітарка. Кажу яму ўсё як ёсьць, што Оля штрафнік, як і я. Ён кажа, што і яму 25 сроку і ён штрафнік, паспрабуе яе ўзяць. Оля ў нас, і мы пасьмейваемся. Штэер разумеецца на моцных людзях і рады, што ёй памог. Кэтты й пані Ніка пасінелі са злосьці, вольная сястра — як зьвер! Вось чапляецца да мяне. Я разьліваю хворым малако, цяжкахворым. Крыху застаецца, даю яго слабенькай бабцы пры ёй, і вось яна даносіць на мяне, што раздаю малако каму ня трэба… Што я дакажу, што мы наагул можам даказаць? Мяне выклікаюць, каб апэраваць. «Я вам ня веру, — кажу вольнай сястры. — Калі так лжацё, дык можаце й забіць чалавека…» Мяне выпісваюць з больніцы ў брыгаду, забіраюць адразу і Олю, а так хацелася, каб яна адпачыла…

Я ў брыгадзе, ходзім за зону на «овощехран», перабіраем бульбу, прымерзла. Тут даюць бульбу й для нас, а ў Інце для нас сыпалі яе ў роў і прыкрывалі сьнегам. Варылі нам яе мерзлую, сьмярдзячую. Нас пасылалі яе абіраць, і калі разьмярзалася, яна была як порхаўкі. Так сапсаваць, сьвіньні ня елі б, ну, мы яе елі… Пад весну яна гніла, чарнела, і мы ўсё ж яе елі. Тут нам варылі добрую. У засеку напісана, што бульба з Беларусі. Гарыць печачка, дзяўчаткі пякуць па бульбачцы… Кажу: «Як вам смакуе бульба з мае зямлі?» Яны частуюць мяне, а канвой пытаецца, скуль я. Я-то не хачу з ім гаварыць, пытаецца зноў. Кажу, што з Беларусі. Ён усё болей, болей пытаецца, аж дайшлі да Гудзевіч, і ён паправіў мяне, што фэст там на Зельну, а на Пятра ў Воўпе. Знайшлі сваякоў яго ў нашым сяле, і ён сам з Машталераў. Кажа, што такога блізкага чалавека яшчэ на поўначы не сустрэў і, быццам перапрашаючы мяне, гаворыць, што й роднага бацьку мусяў бы канваіраваць, каб яму загадалі. Паглядаю на яго з жалем, але цешуся, што і ў ім яшчэ тлее іскра чалавечай беларускай народнай культуры, і жаль, і ўстыд яму, што сабакаю стаіць над сваімі…

Яшчэ ў адной штрафной зоне пазьней паклікаў мяне канваір да вышкі й сказаў, што гэтая малая зона — нашая праверка, каго пусьцяць, каго навечна засадзяць, што ён знае — хто я, і хоча, каб я была хітрай. Гэта быў малады літовец. Калі мяне адвозілі ў Абезь, тое самае казала мне Марыя-беларуска, яна была блізка ля начальства, радзіла хоць крыху пісаць, іначай загубяць… Але доўга мне не давялося там папрацаваць. Рана нейк прыслалі па мяне ў КВЧ (Культурно-воспитательная часть), я не пайшла, па мяне зьявіліся зноў, каб я там працавала. Я ні за што не хацела. Перад гэтым я са злосьці пайшла да начальніка, хоць ведала, што ён быў паганы чалавек, і папыталася яго, чаго ад мяне тая вольная сястра хацела? Няўжо яны забралі мяне стуль за рэшту малака бабцы? Што яны сабе думаюць і чаго хочуць? Я была грубай. Ён сказаў мне толькі, што тут тое малако ні пры чым, другая справа… Ну, мне было ясна й толькі прыкра, што Кэтты стукала, што рабіла гэта пані Ніка — ня дзіва… Было жаль Олі й Штэера. Вось і ўчапіліся да мяне, і я мусяла йсьці туды рабіць нейкія цацкі на ёлку ў пасёлак, рыхтаваць касьцюмы для канцэртаў. Працавалі там ужо пані Ядзя, старэнькая нейкая супрацоўніца Пiлсудскага, мілыя латышкі, украінкі. Было цікава. А доктар пераказваў, каб нейк непрыкметна забегла. Было важна, ён вычытаў у газэце, што ААН нешта пастанавіла пазытыўнае для нас, зьняволеных тут чужынцаў, і што нас, напэўна, пусьцяць, ён спадзяваўся. Другі раз ён мяне клікаў, бо рыхтавалі этап, баяўся, каб мяне гдзе не заперлі на канец сьвету. Радзіў ісьці куды хоць санітаркай, бо з больніц ня будуць браць. Я паслухала яго рады, але мяне ня ўзялі санітаркай, лепш, сказалі, сястрой-гаспадыняй. Так я перайшла ў корпус. Этап ехаў у Караганду, адвозілі Олю Мароз і шмат, шмат дарагіх дзяўчат. Ад мяне не адчапіліся тыя з КВЧ, я ім мусяла пісаць частушкі і іншыя рэчы. Хацелі вершаў, але мне было не да іх. Корпус быў велькі, усе паехалі на этап, толькі засталіся хронікі ў нашым корпусе. Усяго абслугі — я й адна санітарка, а колькі людзей! Лекарка нейкая руская, баптыстка, між іншым. Вельмі нам добра з ёю працавалася, але работы было. Адной вады навазіць колькі. Але калі мелася быць нейкая камісія, дык мае хворыя ажывалі, яны спаўзалі з нараў і памагалі мне, хто што мог. I тут было па-сямейнаму й вельмі чыста. Розныя нацыі, розныя людзі й «класы», але адно гора, якое нас аб’яднала. У стацыянары многа хворых са сьледства, то ныркі адбітыя, то бакі, то косьці, то голавы. Ёсьць даволі сымулянтаў, якія маюць пасылкі й так кантуюцца, і мы іх абслугоўваем. У корпусе ўборная, але такія пісяюць у баначку, і сястра-хазяйка, бо санітарка адна, мусяе зьбіраць гэта, выносіць па іх, мыць, тады, калі ляжаць ледзь жывыя манашанькі, у іх васпаленьне лёгкіх найчасьцей, яны паміраюць. Тут іх каля 200 чалавек, у іх свой барак, і жывуць яны па-свояму, моляцца, посьцяць. На раздачы я ім асобна давала ежу, яны нясьлі яе ў свой барак. Мяса, якога яны ня бралі, мне загадалі даваць такім ці іншым брыгадам. Галя-малдаванка вельмі дзівілася, што я ня з імі. Не, я не пайшла да іх, акрамя малітвы трэба ж было яшчэ нешта думаць. Таксама яны білі радыё, як на Інце, зрывалі неймаверныя лозунгі, як: «Доблестный труд — путь к освобождению», так жа старажылі іх, так жа яны мерзьлі па ўборных зімою ў латаных-пералатаных сваіх лахманах з волі. Шэрыя верабейчыкі са стойкасьцю волатаў. Вось цяпер яны ў мяне ляжалі. Прынясуць такі мяшэчак касьцей, і яно ні за што ня ляжа на казённае. Добра, што Маты Марта прыслала падушачку й навалачкі, дык нацягну навалачку сваю й так падману крыху, каб толькі нейк улажыць.