Выбрать главу

Глядзіць гэта прасьветленымі вачыма ў душу, бачыць мой боль, а можа, і маё махлярства, і маўчыць сьцішана. Не вылечвалі такіх, яны, як сьвечачкі, гасьлі ў мяне на руках. Прыходзілі манашанькі, маліліся над імі, мы выносілі лёганькі трупік у скрынцы, які адсылалі на ўскрыцьце. Усе «па-навучнаму»… Яшчэ ляжала такая старэнькая ў Штэера са мной у адной палаце, быў у яе рак кішок. Кроў давала адна літоўка, у якой былі добрыя пасылкі, але старушка на гэта не згадзілася, бо не хацела сваю праваслаўную кроў мяшаць з літоўскай. Як мы яе ні ўгаворвалі, яна ўсё цьвярдзіла, што хацела б толькі маю кроў. Штэер сьмяяўся, але не згадзіўся, бо надта было ў мяне мала гэмаглабіну.

Тым часам да нас прывезьлі немак з Варкуты. Мелі яны ўжо свае пасылкі, лісты з дому, адзеньне. Іх пасялілі ў асобных бараках, было іх шмат. Леглі яны цяжарам на наш ОЛП. Як іх ні прасілі, яны не’ хацелі нам нічым памагчы, былі няветлівыя, такая «пануючая нацыя». Яны разумелі, што бабкам цяжка цягаць усё на іх, мыць, варыць, карміць і чысьціць, але што ім да зьнясіленых старэнькіх украінак? Яны адчувалі сябе нечым вышэйшым за нас, і на гэта было прыкра глядзець. Сытуацыя была такая, што трэба было нам ратавацца ўзаемна. Дабраты ў гэтых фрау не было, як і ў нашага начальства. Толькі нейкае дзяўчо прыходзіла часам падзяжурыць ноччу ля нашых хворых. Казала, што на Варкуце выпальвала ў печах цэглу. Тым часам прыйшоў раз ліст ад мужа, і там была картка ад мае сястры, гдзе яна пісала, што Юра ў той жа школе, што й Ларыса… Ясьней яснага, я так і абмякла, але мой муж гэтага не прыкмеціў і думаў, што Юра сапраўды вучыцца… Я абмярцьвела, але ня плакала, а толькі думала: як жа, як ратаваць маё дзіця… Ад’яжджалі немкі, прыйшоў разьвітацца Штэер, ён быў узрушаны, і відно было, што харошы ён чалавек. Я яго прасіла нейк даведацца, што з маім сынам, весткі, аднак, ад яго не было. Часта ў гутарцы ён успамінаў мінулае й казаў, што немцы мусяюць рэабілітавацца перад людзкасьцю за тое, што натварылі вайною, што цьвёрда цяпер мусяюць стаць на дарогу гуманнасьці.

А з КВЧ мне не давалі спакою, усё ім трэба было нешта напісаць. У Інце на нейкае пушкінскае сьвята прасілі мяне аб гэтым таксама, але ў насьценнай газэце надрукавалі мой верш бяз прозьвішча. Усё ж прыходзілі жанчыны й дзякавалі за яго, пяро мае пазнавалі. Тут друкавалі мяне й нават давалі тэмы, але яны ў мяне ніколі не атрымоўваліся.

I тут стварылася ў нас свая сямейка. Былі Оля Стаўбцова, добрая вельмі дзяўчына з Капыля, Люся Краснадубская, мілае дзяўчо, Лёдзя Кавальчык, якая закончвала срок, і трэба было аб ёй думаць, і інш. Ладзілі мы разам куцьцю нашу й зноў мой дзень нарадзінаў. У мяне было з Інты крыху грошай, хоць на цукеркі для іх. Ледзю я завочна пазнаёміла з Кастусём Шышэям, ён і ажаніўся з бю. А пакуль да гэтага дайшло, яна працавала электрыкам у Абезі, як вольная. Была маладзенькай, прыгожай, сядзела за арганізацыю «Чайка», пасадзілі малую ў 16 год. I так дзяжурачы ў Абезі як электрык, апаясвала сваю канурку дротам з высокім напружаньнем, каб ніхто ня сьмеў да яе прыблізіцца, бо аматараў танных пачуцьцяў хапала. Так дачакалася яна сваяго Кастуся, якога яшчэ перавыхоўвала на свой лад, як казалі. Людзкае дзяўчо! Наймілейшай была сустрэча й дружба там з Маты Іосіфай Вітэр, супрацоўніцай мітрапаліта Шаптыцкага, — таксама як Маты Марта — ігуменьняй. Была гэта такая цікавая жанчына, такая шматгранная ў сваіх зацікаўленьнях, што мне стала лягчэй жыць. Іх прывезьлі з Нарыльску, гэта былі катаржанкі. Маты Іосіфа мела тубэркулёз — у час сьледства яна сядзела тры месяцы па калені ў вадзе. Яна, напэўна, ужо сама аб сабе не пісала, а было што. Мой муж казаў, што такой прыгожай і разумнай жанчыны ў жыцьці ня бачыў, не сустракаў. Але я тут крыху памылілася, Маты Іосіфу я сустрэла не ў Абезі, а ў Мардоўскай АССР, годам пазьней, тут былі іншыя сёстры-ўкраінкі — прачысты ідэйны народ.

Аднойчы прысьніліся мне зноў усе свае. Мама выцягнула па мяне рукі, але да яе бегла чорнае жарабя з тварыкам мае наймалодшай сястронкі Люсі, і Люсеньку мама прытуліла й забрала з сабою… Я атрымала праз Маты Марту ліста з Польшчы ад сястры Ніны, гдзе яна пісала аб сьмерці Люсі. 22 мая 1952 года яе знайшлі нежывую са сьлядамі крыві, атручаную газам. Ніхто ня ведае, як гэта сталася, але кожны ведае, што гэта была збродня[128]. Я мучылася, як жывёла, на гэты раз голасна ня плакала, выношвала плян. Люся была прыгожай і здольнай, працавала. Нарадзілася яна, калі мы ўжо пападрасталі, мне было 15 год. Мы крыху злаваліся, што ў мамы малое дзецятко, нейк устыдаліся, тупыя, неразумныя стварэньні… А дзецятко расло, былі вельмі пышныя хрысьціны, зьехаўся ў Жлобаўцы ўвесь наш род. Было гэта на Вялікдзень. Калі я прыехала на канікулы са школы, дык дзіцятка ляжала ціхенька, яно ніколі ня плакала. Мама ўсе ў гаспадарчых справах, а дзіця глядзелі, як сабе хацелі, служанкі. Раз нейк завалілі яе падушкамі й ледзь не задушылася малое. Я вельмі палюбіла тады яе. Перад яе нараджэньнем памёр мой маленькі брацік Юрачка, меў цудоўныя сінія вочы. Пэніцыліну тады не было, а ў яго было васпаленьне лёгкіх, і я сама апранала яго, убірала ў кветкі. Не магла мама. Я яго й да доктара вазіла, сама дзіця яшчэ, бо я ўсё магла. I вось Люсенька, Пуца, як мы яе называлі, такая яна незвычайна добрая, ласкавая й цікавая для мяне, як сама наша зямля, як паэма. Мне несказана цяжка было ў школе без яе й бяз мамы, наагул бяз Жлобаўцаў. Там кожны кусьцік размаўляў са мною. А дзіця расло, разумнела, ад мяне яно не адыходзіла. Паставілі новы дом і нам з ёю далі асобны пакойчык — найстарэйшай і наймалодшай. Мы не разлучаліся. Я ўсё шыла для яе, усё ёй маленькай аддавала. А калі ёй было шэсьць гадоў, дык абняла яна мяне за шыю аднойчы й прашаптала: «Ларачка, а я буду цябе называць мамаю, толькі паціху, бо мамачцы балела б сэрца, каб гэта ведала». Але мама ведала гэта, канаючы ў Казахстане, яна сказала аб гэтым Люсеньцы й аддала яе мне пад апеку. Я бачыла Люсю на гары Сьнежцы, што між Польшчай і Чэхамі. Мы там сустрэліся як турысты, гаварыць не маглі. Мы яе хацелі забраць у Чэхаславаччыну, гэта было ў 1947 годзе, але другая сястра Ніна не дала мне яе, баялася, што палякі яе пасадзяць, а чэхі так хацелі мне памагчы. Яны дазволілі мне пасылку ў Польшчу, і я гэтых абарваных з высылкі няшчасных хораша адзела. Мае знаёмыя ў Польшчы далі ім кватэру, працу, дапамогу, і вось нас арыштавалі, вывезьлі ў лагеры на канец сьвету, дурных сёстраў маіх спаілі, купілі, здаецца, тыя, якія спойваюць і купляюць дурных. Яны забыліся аб маёй дапамозе, аб сваім цярпеньні, аб сьмерці бацькоў і братоў, аб нашых мучэньнях і думалі толькі й толькі аб сабе самых і аб тым, аб чым ім загадалі. Яны ведаюць, што было з Люсею, заціраюць сьляды. I вось маё дзіця ў вязьніцы, мая сястронка ў зямлі — колькі ж можна й гдзе мне падзецца з такім горам нечалавечым? Я й так ледзь перажыла сьмерць бацькоў і братоў, аб чым даведалася ў адзін дзень, а пасьля разьбілі, зьняволілі нашую сям’ю, а цяпер яшчэ гэта… Божа мой, калі ж канец…

вернуться

128

Збродня (дыял.) — злачынства.