Выбрать главу

Жонка дзядзькі Васіля была родам з маленькага фальва рачка Валосава каля сяла Бязводнага, цяпер у Зэльвенскім раёне. Гэта была асьвечаная, разумная жанчына. Яна прыяжджала да нас, калі ехала да сваяго брата й маці. Мы з мужам у 35-м годзе яе фурманкай да іх адвозілі. Паліна Іванаўна з Ляўтаў была шчырым і дастойным другам дзядзькі Васіля, і без яе ён пастарэў і асунуўся. Пры мне ён пісаў гісторыю Беларусі. Усё жыцьцё на гэта зьбіраў матэрыялы. Усім нашым ён ахвотна чытаў адрыўкі са свае працы, якую не спыняў да сьмерці. Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасьць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў, калі былі яны менавіта чэснымі людзьмі.

У Чэхах я адразу адчула вельмі нямілую зьяву — там выразна не любілі т. зв. чужынцаў. Іх было ў Празе многа, ад яўрэяў пачынаючы. У Чэхаславаччыне была сапраўдная дэмакратыя, свабода, там кожны мог вучыцца й жыць. Праўда, працаваць ня ўсім дазвалялася, бо было шмат сваіх беспрацоўных, і так мой муж працаваў, сказаць, нелегальна за маленькія грошы. Ён замяшчаў лекара — спэцыяліста скурна-вэнэрычных хваробаў, чэскага легіянера палкоўніка Вітэслава Градзіла, які працаваў сам па Чэскім Градзе[18] (Крамлі), а муж увесь час вёў ягоны кабінет. Градзілу падабалася чэснасьць і працавітасьць беларуса, а муж меў там харошую й цікавую практыку й мінімум для нашага пражыцьця.

Я вельмі хутка навучылася па-чэску і ўсюды ўжо магла даць сабе рады. Культура, якую я вынесла са сваяго дому, нічуць не ўступала хвалёнай эўрапейскай. Чэснасьць і ветлівасьць, праўдзівасьць і сьмеласьць, гасьціннасьць, ахвярнасьць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі. Яны казалі: «Іжычэк е хытры по мамінцэ» — знача, што Юрка разумны па маме, бо «хытры» па-іхняму гэта разумны. Калі я да іх прыгледзелася, дык і народ наш ня быў горшы ні ў чым за іх. «Слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі», — падумала я сабе. Вось каб нам даць такую самастойнасьць, як маюць яны, і мы ўмелі б працаваць для сябе ня горай за іх, бо й нашыя людзі талковыя.

А чэхі працаваць умелі! Яны цудоўна разбудавалі свае гарады, паставілі промысел амаль на ўзровень амэрыканскаму, вялі разумную дэмакратычную палітыку. Іх першы прэзыдэнт быў даслоўна бацькам для народу. Яго так і называлі «Тацічэк Масарык». Томаш Гарыг Масарык (Гарыг — прозьвішча па жонцы-амэрыканцы) быў лепшым прадстаўніком дэмакрацыі й гуманізму ў Эўропе. Памер ён у год, калі мы прыехалі з сынам, яшчэ перад нашым прыездам. Казалі, што народ не зыходзіў з вуліцаў і ноччу, каб пабачыць яшчэ, правесьці ў апошнюю дарогу сваяго дарагога «Тацічка». Цяпер быў прэзыдэнтам Эдуард Бэнэш — паплечнік Масарыка, друг заходніх дэмакрацыяў і вялікі славянафіл. Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі ня сьнілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва з любоўю й вялікай надзе яй на яго ў будучыні. На граніцах славянства зрадзілася такая аж маліцьвенная адданасьць яму, аб якой, напрыклад, ніколі не падумалі палякі, асабліва ў адносінах да нас.

Мне падабалася, што на вуліцах цудоўнай Прагі мы свабодна гутарылі на роднай мове й ніхто не паказваў на нас пальцамі, не высьмейваў нас і не прасьледаваў, як гэта было ў Польшчы. На ўсё гэта я паглядала з вялікай радасьцю, а мае асабістыя адносіны да людзей здабылі мне такія сымпатыі, што шмат пазьней сьледавацель у Менску сказаў мне на злосных допытах: «Што вы за чалавек — ні ў Беларусі, ні ў Чэхаславаччыне ня можам на вас знайсьці сьведкаў!» Так іх і не знайшлі, мяне судзілі без ніякіх сьведкаў. Чэхі часам крыху зыходзяць са свае яснай дарогі, але трэба прызнаць ім, што зноў на яе вяртаюцца Масарыкавыя дзеці.

Усё мне тут было новым, але ня лепшым, чымсьці ў нас. Сытасьць ніколі не была маім ідэалам, а вось чалавечнасьць — заўсёды. Чэхаў я часам не разумела — яны маглі плакаць, калі птушанятка ўпала з гнязда, і спакойна праходзіць міма чалавека ў бядзе. Усе ў іх лічылася на «коруны», і кожным трэцім словам у гутарцы іхняй была «коруна»[19]. Тут ня верылі так моцна ў Бога, як у маім краі, і хоць храмы ў іх былі болей велічныя й прыгожыя, чымсьці ў нас, здавалася мне, што ў нас сумленьне, ахвярнасьць і праўда ў адносінах да людзей куды вышэйшыя. Чыста было ў іх усюды й вялікі парадак ва ўсім, і гэта я падзіўляла.

Як жа часта шчаміла мне сэрца туга па сваіх. У вачох стаяла мама з сьлязамі пры прашчаньні — так я апошні раз яе бачыла й болей ужо не сустрэла ў жыцьці. Нарэшце мы знайшлі пакойчык у Празе й разьвіталіся з дзядзькам Васілём і паняй Крэчэўскай. Там жылі зімою артысты цырку. Вясною яны выяжджалі на гастролі па мястэчках і сёлах і на гэты час здалі нам кватэру са скромнымі мэблямі. Наш сын зусім добра чуўся й праяўляў вялікую самастойнасьць. Аднойчы недзе падзеўся, і знайшла я яго на другім баку шырачэзнай вуліцы, гдзе сядзеў за столікам і папіваў спакойна малачко. Гэта менавіта замовіў. Чэхі любяць дзяцей і ахвотна яго абслужылі, пэўныя, што я за ўсё разьлічуся. Хлопец быў харошы настолькі, што зьвярталі на яго ўвагу ў трамваях, на вуліцы, а суседзі вельмі яго любілі, насілі яму розныя смачнасьці, клікалі да сябе.

Жылі мы ў вялікім доме, т. зв. Кашпараку. Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэскі настаўнік з сям’ей, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыяжджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваею жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсе жыцьцё. Я навучылася варыць чэскія стравы, пячы булкі па-іхняму.

Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасьці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь.

Мы жылі ў адных сенях з той сям’ей, гдзе жыў мой муж раней з панам Новакам — маладым студэнтам. Якія дзіўныя чэхі! Аднойчы прыйшла да мяне тая гаспадыня з прэтэнзіямі, што, пэўна, з мае віны выберацца яе добры кватэрант. Я зьдзівілася, бо амаль ня ведала яго. Аказалася, што прыгожы студэнт ня можа вучыцца, ён, бачыце, улюбіўся ў пані дактарову, бярэ ўсе да сябе Іжычка, згубіў спакой і зусім ня можа вучыцца, і я вінавата! Хто такую несуразіцу чуў? Пасьля мы шчыра пагаварылі з панам Новакам. Ён стараўся зразумець незразумелае. Паводле яго слоў, быў ён сынам гандляра, ніякі не рамантык, меў нарачоную, якую, здавалася яму, кахаў. Усё абдумана, заплянавана як належыць, і раптам нешта такое, з чым яму ніяк ня справіцца! Для мяне гэта таксама было дзіўным, як можна плянаваць і пачуцьці? Я нічым не магла памагчы разбуджанай душы гэтага чалавека, і ён з гэтай кватэры ўцёк. Вось такія былі чэхі — цьвярозыя, чэсныя, але душа ў іх была.

Чэскі быт памалу ўваходзіў у мае прывычкі. Каб лепей варыць, я купіла сабе кулінарную кніжачку й з цікавасьцю прачытала там, як прыгатаваць на абед «жабі стэгінка» (жабіныя кулыпачкі). У гэты час мне прыпомніліся нашыя каўбасы, сальцэсоны, вантрабянкі, парасяты і індыкі, якія так смачна падавалі на Беларусі. Жабы, гэта ж, мусіць быць, несусьветная несмач! Але чэскія кнэдлікі[20] мне падабаліся.

А тым часам падзеі не стаялі на месцы. Нейк Прага ня спала цэлую ноч, гэта тады, калі немцы акупавалі Аўстрыю. Чэхі адчувалі, што падобнае можа аднойчы быць і з імі. На жаль, яны не памыліліся. А тым часам быў у Празе апошні й цудоўны Сакольскі зьлёт[21]. Гэта была адчайная дэманстрацыя патрыятызму, прыгажосьці, спартыўнасьці, сілы. Прага некалькі тыдняў не прачыналася й не засынала, Прага проста ня спала! Яна вітала, паіла, карміла, дарыла й гасьціла чужых і айчынных гасьцей. Яна сьмяялася й плакала, адчыняючы людзям насьцеж свае чыстае сэрца й быццам просячы зразуменьня, ратунку й помачы супраць таго, што маршыравала адмераным каваным крокам з Захаду й на цэлую Эўропу ўжо крычала: «Гэйль Гітлер!» На стадыене былі цуды зладжанай масавай гімнастыкі, быў улюбёны свой прэзыдэнт з неадступным другам — мілай і дастойнай першай дамай Рэспублікі — сваей жонкай. Але гэта быў апошні размах свабоднага народу. Насоўваліся цяжкія хмары. Усе мясьціны свабоднай дзяржавы прывезьлі на гэты зьлёт любоў і вернасьць ураду сваяму й сталіцы. Я бачыла, як таргоўкі бралі ў прыпол цытрыны й памяранцы са сваіх латкоў і нясьлі іх моладзі, якая ўсё прыбывала й прыбывала ў Прагу, вітаючы дарагую сталіцу. Я бачыла пасьля, як кожная з гэтых гандлярак трымала ў руках газэту, гдзе пісалася аб адарваньні ад Рэспублікі яе правінцыяў і галоўнае — Судэцкага краю, і як кожная плакала з гора. Плакаў тады ўвесь гэты харошы, пакінуты ўсімі народ. Гэта не была Рэспубліка, а дом іх дарагі й гасьцінны, сям’я іх адзіная, на якую тупым маршам ішоў іх адвечны вораг, і зьнікуль не відно было ратунку. Прагна адскубла сабе з жывога цела Рэспублікі й ачумелая Польшча, быццам ня думаючы аб тым, што чакае заўтра яе безабаронны, няшчасны народ. Адна толькі Румынія засталася ў тыя страшныя дні чалавечнай і дружнай. Недарма, знача, румынскія жанчыны на Сакольскім зьлёце крычалі перад трыбунай ураду аб сваей адданасьці й аб дружбе…

вернуться

18

Пражскі Град, гістарычнае ядро Прагі, заснаваны ў IX ст., рэзідэнцыя чэшскіх правіцеляў і архіепіскапаў.

вернуться

19

Коруна (чэшск. koruna) — крона, грашовая адзінка некаторых заходнееўрапейскіх краін.

вернуться

20

Кнэдлік (чэшск. кnedliceк) — фрыкадэлька.

вернуться

21

Чэшская гімнастычная арганізацыя «Сокал» створана ў 1862 годзе.