Выбрать главу

А час ішоў. Я не магу забыцца аб чэскай мабілізацыі. Усе мы ў нашым доме супольна слухалі, як гаварыў Гітлер. Ён крычаў, злаваўся, быццам крыкам хацеў паралізаваць запалоханыя народы. Нарэшце ноччу аб’явілі аб мабілізацыі. Людзі сьмяяліся, кідаліся сабе ў абдымкі! Яны ня плакалі, не баяліся, яны былі шчасьлівыя, што могуць, маць шчасьце йсьці бараніць сваю волю, сваю Радзіму. «Тэдь вімэ, на чэм йсмэ!» (ведаем, што рабіць!) — крычаў мне сусед наш з несказаным шчасьцем. Мы ня думалі, што вораг дасьць чэхам спакойна мабілізавацца. Суседзі паадзявалі маскі, а ў нас была толькі адна, і мы з мужам пачалі тут сварыцца: ён пхаў яе мне, а я яму назад, і нарэшце мы адкінулі яе зусім. Назаўтра муж папытаўся ў мяне, што, на маю думку, яму рабіць? На маю й на яго думку трэба было вось цяпер адудзячыцца харошаму народу за асьвету й за гасьціннасьць, і муж пайшоў і запісаўся дабравольцам. Але вайны не было, а чаму, я гэтага нават ня ведаю… Як я цяпер думаю, дык Прага ня ў сілах была стрымаць нямецкую ўсю напорыстую навалу, але навала гэтая была ў сіл iх пакінуць ад тысячагадовага горада мокрае месца… Спакой а сабе паехалі дамоў Дэладзье, Чэмбэрлен і інш., якія на так коратка адвярнулі ад сябе небясьпеку. Прэзыдэнт Эдуард Бэнэш пакідаў сваю Бацькаўшчыну. Усе плачучы слухалі ягоную апошнюю прамову. Ён прашчаўся са сваім народам, змушаны пакінуць яго. Мне так захацелася ў гэты час падзякаваць яму за ўсё, што чэхі зрабілі для нас, што я, каб муж ня ведаў, напісала яму на Град падзяку ад нас, усі беларусаў у Празе, і шчырае спагаданьне з прычыны такой гістарычнай сумнай, трагічнай падзеі. Мужу пасьля толькi паказала падзяку з Граду, якая, як адказ на мой ліст, надышла з Граду. Мы доўга яе перахоўвалі вайною.

У Чэхаславакіі ўтварыўся новы ўрад на чале з трагічнай асобаю Гахі. Пасьля 15 сакавіка 39-га года ў бурны, ветраны, засьнежаны дзень увайшлі ў Прагу немцы. У гэтыя дні я на вуліцу не выходзіла. Мала хто плакаў цяпер, людзі кінуліся ў крамы й пачалі купляць усе — ад мыла й сала пачынаючы. У Кашпараку жыла сям’я нямецкіх камуністаў. Гэта быў рабочы й нейкі дзеяч Ота Кляўдэр, Ані, ягоная жонка, і іх дачка. Ані мне многа радзіла, памагала. Ота вадзіў Юру на спацыр, калі я мыла бялізну, і часта нам прыносіў маскоўскія газеты. Ён мне сказаў, што вайну вырашыць савецкая зброя, і гэта пасьля аказалася праўдай. У іх я пазнаёмілася з многімі людзьмі. Адныя з іх — румынскія яўрэі — уцякалі з Прагі й пакінулі нам сваю кватэру. Гэта быў невялічкі пакойчык, і цераз карыдор куханька. Недарагая кватэра й для нас акурат. Яўрэі былі вельмі маладыя, і жонка была надзвычайна прыгожая. Гэта быў чацьвёрты паверх, найвышэй у гэтым доме. Ніжэй пад намі жыла пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, і яшчэ ніжэй — сям’я Малжулаў, гдзе былі дзве дачкі-студэнткі. З малодшай Лідаю мы пасябравалі.

Цяпер усё пераважна залежала ад немцаў, і праца. Беспрадоўных цяпер не было. Немцы ваявалі, а чэхі йшлі на іх месца. Арміі свае чэхі не давалі, але працоўную сілу так. Але муж па-ранейшаму працаваў у доктара Градзіла, якога ўжо прагаалі з Граду, але ён быў такі нэрвовы й такі няшчасны, што ня мог працаваць. А можа, і не хацеў… Усе дні напралёт ён праводзіў ля радыё, слухаў заходнія дэмакрацыі.

Пасьля былі апошнія лісты ад нашых бацькоў, і пачыналася вайна з Польшчай.

Да нас аднойчы завітаў незнаёмы чалавек, які назваў сябе Тыран. Дасканала гутарыў па-беларуску й прыехаў быццам з Латвіі. Меў усе выданыя тады кніжкі Максіма Танка. Мы выпрасілі ў яго толькі Танкаву фатаграфію з першай старонкі. Ён цікавіўся, што мы думаем, што зьбіраемся рабіць і г.д. Дзівіўся мужавай пасыўнасьці, запалоханасьці, але выразна нічога не гаварыў. Ён начаваў у нас у сенях, бо было цесна — было гэта яшчэ ў Кашпараку. Назаўтра, калі муж пайшоў на працу, ён папрасіў у мяне нажа, скінуў чаравік і пачаў майстраваць абцас. Калі яго разварушыў, дык у абцасе паказалася дзюрка, а ў ёй паперка на 500 зл. — яшчэ Польшча тады існавала. Ён глядзеў, як я буду рэагаваць на гэта, але я толькі папыталася: пашто яму гэта? «Хачу студыяваць у Празе», — кажа. «Ну й ну, — думаю, — гэта чалавек нядобры, і пашто ён пры мне даставаў тыя грошы, во дзіва?» Чалавек усім кватэрантам паказаўся падазроным, і яны пачалі шаптацца й пытацца ў мяне: хто гэта? Я ім сказала, што нейкі будучы студэнт. Чалавек прасіў, каб я яго крыху пакінула аднаго ў хаце, пасьля ён пайшоў. Муж быў на рабоце. Вечарам, яшчэ муж не вярнуўся, я клала Юрачку спаць, як раптам прыйшоў да нас малады чалавек і працягауў мне легітымацыю[22], на якую я нават ня глянула — так спалохалася, што падкасіліся ногі. Ён супакоіў мяне, распытаўся пра нашага начнога госьця й пайшоў. Я абняла толькі Юрку й ледзь дачакалася мужа.

Нядаўна я пра гэта расказвала адной жанчыне. Яна ў мяне толькі папыталася: «Такі Хрыстападобны?» Кажу: «Так, бледны, худы, страшны й менавіта Хрыстападобны». Яна назвала яго. Гэты чалавек дапамог арганізаваць, а пасьля такжа прадаць і праваліць «Грамаду»… Быў гэта страшны чалавек… Болей мы ў хату такіх не пускалі, прыходзілі да нас толькі свае сябры й нашыя з Моджанаў.

Пасьля падзелу Чэхаславаччыны нас пачалі вельмі прасьледаваць палякі. Яны відавочна патрабавалі, каб чэхі нас вярнулі ў Польшчу, бо мы ж былі польскімі грамадзянамі. I вось у нас бязвыхаднае становішча, нас выкідаюць. Нехта перадаў мужу, каб мы з сынам схадзілі да аднаго з чэскіх сэнатараў і папрасілі заручыцца за нас. I вось ідзем мы з Юрачкам, вяду яго за руку. Калі мы туды прыйшлі, дык усе ва ўрадзе зацікавіліся цудоўным хлопчыкам, які міла гаварыў чэскія вершы. Пан сэнатар прыняў нас ветліва. Я вельмі няўмела папрасіла яго памагчы нам — прасіць нешта для сябе мне было заўсёды цяжка. Ён загадаў сакратарцы напісаць нешта, падпісаў гэта, і мы трапілі ў рукі ўсіх супрацоўнікаў гэтага ўраду. Яны паспелі ўжо купіць Юру чэскія кніжачкі для дзяцей і сабралі яму троха й грошай. Я старалася скрыць тое, што я не прывыкла, каб давалі мне грошы, што я іх прывыкла людзям даваць, але яны ўсе былі такія шчырыя, такія харошыя, што я ўзяла гэты падарак для сына, і мы сардэчна разьвіталіся з імі. Так мы засталіся ў Празе, і грозны начальнік паліцыі для чужынцаў, нейкі славак — забылася яго прозьвішча ўжо, — ня мог нас так сабе выкінуць.

Палякі нейк ужо пранюхалі мае крыўды на іх, і бацькі мне са страхам пісалі, чаму я не маўчу лепей у Празе, што тут шкадуюць, што наагул мяне выпусьцілі са сваіх рук… Я чытаю польскія газеты. Кракаўскі «Кур’ер поранны» пісаў, што палякі немцаў разаб’юць, напэўна, і тады пашыраць свае граніцы так, што польскі жолнеж[23] падасьць руку японскаму. Аж куды ўжо пашырацца граніцы Рэчы Паспалітай! Каго Бог хоча пакараць, адыме розум, — думала я. Мы яшчэ пасьпелі зрабіць Юрачкін партрэцік і паслаць яго бацькам, як немцы напалі на Рэч Паспалітую. Шкада было нашых людзей, шкада было бацькоў нашых, нашай зямлі. Вайна ня жарты, і немцы ня ангелы! Што ж, выйшла яшчэ горай, як мы баяліся. Зьяднаньне Беларусі і яе «асвабаджэньне» поўнасьцю закрыла мне гора маёй сям’і. Хутка напісалі нам, што тата мой памяняў сваю кватэру на горшую ў Гродне, і я ўжо ведала, што гэта значыць. Неўзабаве гэта пацьвердзілася, і мы ад зэльвенцаў атрымалі справу аб тым, як ля сьцяны нейкага хлява ў Зэльве забілі 21 чалавека, у тым ліку старэнькага бацюшку Якабсона, зэльвенекага ксяндза, і інш… Божа мой, і каму й пашто гэта было трэба? Калі хто й чакаў чаго, дык ня гэтага. Старэнькі гэты сьвятар, памятаю, вельмі любіў туліпаны, а матушка яго была старэнькая, малая, як курапатка. Ён прыходзіў да нас хрысьціць Юрачку й такі быў бяскрыўдны. Што там далей у нас рабілася, я ня ведала, але лёс таты мяне ўстрывожыў, і тут я пыталася: за што? Я ня ведала, як дапамагчы ім. Напісала ліста ў Палаўкі, да чалавека, які быў многім нам забавязаны, да Люціка Уладка. Гэта быў набожны чалавек, наш сусед. Яму давалася балота касіць, поля, што засеяць. Мама і лячыла дзяцей ім, і жаніла, і нават на вясельлі ў іх была каравайніцай, што было супраць яе правілаў. I вось гэты чалавек прадаў нас, першы падпісаўся на вываз мамы з дзецьмі, бо тату ўжо дабівалі ў Гродне ў турме разам з яго братам Валодзем і пляменьнікам Віталем. Сын гэтага Люціка, таксама Уладзімір, цяпер важны праваслаўны сьвятар савецкі, якога яны пасылаюць увесь час за граніцу. Кажуць, што ён партыйны.

вернуться

22

Легітымацыя (польск. legitymacja) — пасведчанне асобы.

вернуться

23

Жолнеж (польск. zolnierz) — салдат.