Туфта была толькі падтрымкаю да нашага мізэрнага пайка, бо ўсё адно трэба было варушыцца: валіць, абсякаць сучча, пілаваць, калоць, выкладаць паленніцы, разбаўленыя туфтой.
Начальства ведала пра нашы фокусы, але не надта зважала на іх. Яму важна было, што выконваецца план, ідуць добрыя зводкі ва ўпраўленне і ГУЛАГ, а што на складзе не хопіць некалькі тысяч кубаметраў, ніхто не заўважыць, бо і грузчыкі зараджаюць туфту, і вагоны ідуць напалову пустыя. Тут трэба было майстэрства. Я ім валодаў дасканала, але дзяліцца вопытам не буду.
Часам туфта даходзіла да абсурднага здзеку. Кожны вечар брыгадзір здае нарміроўшчыку рапарцічку дзённай выпрацоўкі. Каля акенца нарміроўшчыка чарга, штурханіна, гамана, углядацца ў кожнае слова няма калі, трэба хутчэй падбіць працэнты і здаць рапарцічку ў продстол. I вось знаходзіліся брыгадзіры-жартаўнікі і пісалі на поўным сур’ёзе:
1) Пракладка тунеля на дне Унжы — 100 пр.
2) Кантоўка дня каля пня — 96 пр.
3) Затрымка сонца — 110 пр.
4) Брыццё галавы прараба — 100 пр.
5) Разгонка дыму — і гэтак далей.
Нарміроўшчык дакладна падлічваў працэнты, ставіў сваю візу, а назаўтра рагатала ўся бухгалтэрыя.
Калі хто пападаўся на туфце, кара была бязлітасная — дзесяць сутак ізалятара, а часам заганялі на штрафны. Гэта рабілася не столькі дзеля страху, а толькі для справаздачы, што вядзецца «барацьба з туфтою». Гэтае слова настолькі прыжылося ў лагеры, што ўвайшло ў афіцыйныя дакументы.
Начальства нібыта вяло барацьбу з туфтою і туфтачамі, хоць і ведала, што без туфты не абыходзілася ніводная зводка і справаздача ўпраўленню. I яшчэ быў адзін паратунак — «закасіць» у санчасці вызваленне ад работы: нагнаць тэмпературу, прымарозіць пальцы, толькі так, каб не аднялі, прыбінтаваныя пялёсткі кураслепу давалі такія флегмоны, што можна было кантавацца тыднямі. Такіх майстроў было не так многа, але былі і ратаваліся як толькі ўмелі, прыслужвалі каля кухні, пякарні, продкапцёркі і мелі кавалак хлеба ці лішнюю міску баланды.
Мы па-ранейшаму спалі на голых нарах, на бярозавай чурцы замест падушкі. Асабліва даймалі неадлучныя арыштанцкія спадарожнікі, якія не пераводзіліся нават пасля дэзінфекцыі ў рубцах нашых бляшаных ад бруду кашуль і споднікаў. Яны не давалі ніколі сумаваць: усе чухаліся, скрэбліся, раздзіралі цела да крыві. А яны пладзіліся і набухалі на нашых маслах, дасмоктваючы тое, што не высмакталі следчыя. Чаргу ў лазню наша брыгада чакала больш за месяц. Ды і лазня тая была як на здзек. Непадалёк ад вышкі скідалі хатку не больш як на адну сям’ю. Каля яе дымілася жалезная будачка з дзверцамі. Звалі яе вашапрудка, а па-вучонаму — «дэзакамера». Брыгада распраналася каля яе проста на снезе. Кожны нанізваў свае транты на гарачае драцяное колца і вешаў у камеру. У лазні ніякіх сенцаў не было, па снезе адразу ўскоквалі ў мыйню, церліся адзін аб аднаго і закураныя сцены. Пры ўваходзе выдаваўся, як ірыска, драбочак мыла і конаўка ледзь цёплай вады. Наіўнаму яе хапала намыліцца, а змываць чым хочаш. Выскаквалі за дзверы, зачэрпвалі снег, ён хутка раставаў, і збольшага змывалі мыла. А потым калаціліся, чакаючы, калі выкінуць на снег каляную і рыпучую ад гарачыні адзежу.
Потым даўмеліся: распраналіся на лесасецы і над вогнішчамі трэслі свае пажоўклыя ад бруду і пражарак кашулі, праводзілі над полымем рубцамі, і толькі трэск ішоў ад паразітаў. Калі б тады, барані божа, уплюнуўся тыфус, ён бы «вызваліў» увесь лагер, але лёс быў літасцівы, а мы трывушчыя.
Мы з Мяжэвічам разам з туфтою налаўчыліся зарабляць часам аж восемсот грамаў хлеба і «прэмблюда» — квадрацік густой аўсянай кашы.
Павярнула на вясну, пабольшалі дні, прыгравала сонца, асядалі сумёты, каля пнёў чарнелі праталіны, пацямнелі ад сцюжы і першага сонца твары, парэпаліся, зашэрхлі, задубянелі ад мазалёў рукі, на нагах, асабліва ў цяпле, нылі і торгалі прымарожаныя пальцы. Але трымала нас сяброўская еднасць. Алесю Пальчэўскаму пашанцавала прыстроіцца рэгістратарам да лекпома ў так званай санітарнай часці. А лекпомам быў тыповы блатнячок, малады, высокі Васёк у ссунутай на адно вуха кепачцы, у бушлаце з натапыраным каўняром. Яго медычныя веды далей тэрмометра і рыцыны не сягалі. Скардзіўся яму на разводзе рабацяга на гарачку і галаўны боль, Васёк грэбліва мацаў пульс і лоб і цадзіў праз зубы: «Увечары зойдзеш, а цяпер шуруй на работу. Кубікі патрэбны. Панімаш?» Начальству такі «медык» якраз і быў патрэбен.