Выбрать главу

Пальчэўскі ў санчасці вёў усю канцылярыю, прысутнічаў на прыёмах, мераў тэмпературу і, калі бачыў зусім саслабелага, прыбаўляў некалькі дзесятых, каб даць вызваленне ад работы. Часам у спісы вызваленых цішком уключаў каго-небудзь з нас.

Пасля разводу ўсіх, хто заставаўся ў зоне, выганялі да вахты на паверку. Прагульшчыкаў заганялі ў кандзей, з вызваленых па хваробе адбіралі дужэйшых абіраць на кухні мёрзлую бульбу, чысціць рыбу, скрэбці флякі, калоць дровы і цягаць ваду. Самым абразлівым было, што пры выхадзе з кухні абшуквалі ад вушэй да пят. У каго знаходзілі прыхаваныя дзве-тры бульбіны або кавалак траскі, збівалі да крыві, а самі работнікі кухні жэрлі не ў сябе ды яшчэ цягнулі з сабою ў барак. Які я ні быў галодны, а ў заработкі на кухню да канца тэрміну ніколі не хадзіў. Калі чалавек станавіўся рабом страўніка, траціў годнасць і сорам, пачынаў лазіць па памыйніцах і сметніках, вылізваць у сталоўцы чужыя міскі, рабіўся «шакалам», значыць, хутка яго ноччу вывезуць за вахту па групе «Д».

Ад дахадзяг ішоў цяжкі дух гнілой бульбы, гнілі і паносу. Пра такіх гаварылі: «Кандыдат у сасновы бушлат». На першых парах, калі паміралі адзінкі, кульгавы сталяр Міцька Сарокін збіваў для іх з няструганых аполкаў скрынку, яе і празвалі «сасновым бушлатам», а як пачаўся масавы мор, не хапала ні дошак, ні сталяроў — вывозілі ў агульныя траншэі нават без бялізны, а зімою прысыпалі снегам, бо ўкапаць мёрзлую, як каменны маналіт, зямлю ні ў кога не выстарчала сілы.

Адзіны ратунак у самых вялікіх пакутах — не апусціцца, не страціць волю, прыстойнасць, не забыцца, што ты чалавек, і мець надзейнага друга. Любое гора з таварышам дзеліцца напал і становіцца паловаю гора. Таму і трымаліся мы адзін аднаго: Алесь Пальчэўскі, Уладзімір Мяжэвіч, прыгажун і выдатны журналіст Юрка Такарчук, мой даўні друг Алесь Розна і я. Каму б ні прыйшла вестка з дому, яна была нашай агульнай радасцю, пасылка дзялілася на ўсіх. Пасылкі ўскрываліся, ператрасаліся і выдаваліся на вахце. Каму б яна ні прыйшла, атрымліваць мы ішлі ўсе разам з добрымі кіямі, бо па завуголлі «чарцей-пасылачнікаў» цікавалі блатары. Яны наляталі, накрывалі галаву бушлатам, білі кіем па галаве, вырывалі скрынку з рук, і толькі іх бачыў, а ты лямантуй, крычы, кліч на дапамогу, — ніхто не прыйдзе, толькі ўспамінай убачанае на вахце сальца, сухары і блакітнаватыя драбочкі цукру. Колькі наглядчыкі ні спрабавалі шукаць украдзенае, ніколі нічога не знаходзілі.

Мы засвоілі прымітыўныя складанасці лагернага жыцця — трымаліся ўсе разам і неяк жылі, малілі толькі Бога і начальніка, каб хоць бы нас не разлучалі.

Белыя здані

Мой напарнік Валодзя Мяжэвіч вельмі хутка засвоіў усе тонкасці падліку лясной прадукцыі. Ён імгненна пераводзіў пагонныя метры ў кубічныя, беспамылкова падлічваў кубатуру рудстойкі і дзелавой драўніны, шпальніку, балансу і авіяфанеры. Гэта заўважылі дзесятнікі і бралі Валодзю сабе ў дапамогу, а нам за гэта дапісвалі працэнты, а значыць, большала і пайка.

К вясне мы акрыялі на пасылках і нашых «туфтовых» заработках. Навучыліся дакладна валіць лес з пня, хутка пілаваць і калоць дровы, засвоілі, што выгадней нарыхтоўваць, і круціліся як маглі. Праўду кажуць — голад не цётка, ён і ката прывучыць гарчыцу есці.

Пабольшалі дні, прыпякала сонца, асядалі сумёты, дружна сходзіў снег, падсыхалі ад вахты да ачаплення дарогі, набракла апырсканае пупышкамі бярозавае вецце, выпстрыкнула вострая траўка, па абочынах засінелі пралескі. Усё гэта хвалявала, будзіла ўспаміны, а радасці было мала. Суцяшала толькі, што меней мерзлі, не грузалі па сумётах, на развод выходзілі завідна і вярталіся, калі сонца толькі знікала за лесам. Было яшчэ светла, а па зоне, пабраўшыся адзін за аднаго, трымаючыся за відушчага, вобмацкам, з нармальнымі расплюшчанымі вачамі ішлі хлопцы. Начальства вінаваціла іх у сімуляцыі; за тое, што не выходзілі на начныя пагрузкі, саджала ў кандзей. А няшчасныя хлопцы плакалі і кляліся, што, як толькі змеркне, нічога не бачаць. Падтакваў начальству і ліпавы прыблатнёны лекпом.

А сляпых станавілася ўсё больш і больш. Удзень — нармальныя старанныя лесарубы, а на змярканні пабяруцца адзін за аднаго, і сунецца па зоне чарада сляпых. Як ні білася начальства, як ні мардавала ў ізалятары, відушчымі не станавіліся. Заступіўся брыгадзір дахадзяжнай брыгады былы ветэрынарны ўрач Міхайлаў. Прыбыў ён разам з намі з магілёўскай турмы. Быў адным з трох нерасстраляных выкладчыкаў Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Іх вінавацілі ў шкодніцтве, у тым, што прышчэпвалі коням і каровам сібірскую язву і сап. Як яны ні даводзілі, што ў беларускіх сёлах не было зарэгістравана ніводнага выпадку гэтых хвароб, нічога не дапамагло: дзесяць чалавек расстралялі, траім далі па дзесяць гадоў. Латарэя!