Я быў рады, што заслужыў увагу вучняў і бацькоў. Мне нават у краме саступалі чаргу, але я дзякаваў і станавіўся ў хвост. Больш не чутно было «Дэр ман ідзе». Я нікога не стараўся засланіць. Хацелася, каб дзеці не толькі цягнулі сумную школьную лямку, каб не ляцелі дадому, адбыўшы павіннасць у класе, наслухаўшыся ўшчуванняў, пагроз і папрокаў. Цяпер яны ахвотна заставаліся ў школе дапазна, а слаўны і здольны Сымон Макравусаў з суседняй вёскі часта пасля нашых рэпетыцый начаваў у класе на стале. Пільных настаўніц трывожыла, ці не трапілі вучні пад варожы ўплыў ссыльнага.
Ушчувала мяне і Аля: «Навошта лезеш на ражон? Сіла ў іх. Ім павераць, а табе ўлепяць новае абвінавачванне, і не апраўдаешся». Усё магло быць. Наш камендант звычайна заязджаў да Наталлі Іванаўны. Яна расказвала, што робіцца ў сяле з канца ў канец. Збор навін быў у магазіне, а прадаўшчыца — яе найлепшая сяброўка. Апрача таго, у баковачку пры сельсавеце да ўпаўнаважанага часта шмыгалі невыразныя ў змроку постаці. Я сябе адчуваў як пад рэнтгенам, але здрадзіць вучням і сваім захапленням не мог.
Вечарамі мы ў сваім пакойчыку прыслухоўваліся да кожнага гуку, да рыпу на ганку. I калі не чакалі, раптам у вокны ўдарыла святло фараў, спынілася і засігналіла машына. Я выскачыў у чым быў. З кабіны бензавоза вывалілася мне на рукі змучаная дачушка, за ёю, крэкчучы, вылез патомны гутнік, інвалід і пенсіянер Алін бацька. А рэчы? Рэчы засталіся ў кладоўцы барабінскага машыніста. Дзед некалькі дзён шукаў кузаўную машыну, чакаць больш не было як. Трапіўся бензавоз, селі ў кабіну і вось прыехалі. У сетачцы была лялька, дзве сукеначкі, пачак цукру і паўцагліны хлеба. Як толькі ўсталюецца дарога, дзед з’ездзіць і прывязе рэчы.
Дачушка гарэла і вяла на вачах, галоўка хілілася набок, заплюшчваліся вочкі, шчокі пайшлі чырвонымі плямамі. Куды ж яе пакласці? Што падаслаць, чым укрыць? Добра, у пакоі стаіць гаспадынін куфар. На яго паслаў шынель, пад галаву паклаў пінжак і накрыў Аліным кажушком. Дзед не распранаючыся закруціўся ў падбітую кажушынаю паддзёўку і лёг каля пліты на падлозе. Стомленым і змучаным доўгаю дарогаю, ім было не да размоў. Пагаворым заўтра.
Толькі патушылі лямпу — стук у акно і жаночы голас: «Ссыльныя на адметку». Гукнуў і падаўся далей будзіць нашага брата. Я сеў на тапчане. Трэба ісці. А ў чым пойдзеш? Зморанае хворае дзіця толькі заснула. Не будзіць жа яго. У адной гімнасцёрцы ў такую сцюжу да сельсавета не дойдзеш. Лёг і праварочаўся да світання. Пасля другога ўрока ў мяне «фортачка», вось і пайду да начальства на споведзь. На вольным уроку прыбег у сельсавет. Пушыкаў у пакоі старшыні гуляў з фінагентам у шашкі. На мяне зірнуў і пайшоў у дамкі. Я стаяў як слуп. Калі выйграў партыю, загаварыў павольна і цвёрда: «А я абвясціў вас уцекачом. Чаго маўчыш?» — «Гэта справа вашага сумлення». — «Ха-ха-ха… Сумлення! Ведаеш, што вырасла там, дзе было сумленне?» — «Ведаю, ведаю, гражданін начальнік. Чуў. Але без сумлення чалавек перастае быць чалавекам». — «Гэта што, намёк ці абраза? Бач ты яго! Так і 58-ю пункт 10 склапатаць можна. Мы яшчэ праверым, дзеля чаго ўнядрыўся ў школу і чым там займаешся».
Я, прызнацца, звяў. Ён можа са мною зрабіць што захоча. Пачаў ціха і лагодна апраўдвацца, чаму не змог прыйсці ноччу. «Можаш казкі бабцы расказваць. Скажы дзякуй, што тады, як да сваёй благавернай бег, Траццякоў выручыў. Я б цябе а-фо-орміў». Так ён мяне паласкаў, як анучу. Я не вытрымаў, працягнуў рукі: «Калі ёсць наручнікі, вяжыце і ганіце на катаргу». Голас задрыжаў і асекся. Пасля доўгага маўчання Пушыкаў падаў аркуш паперы і буркнуў: «Пішыце тлумачэнне». Ён прабег яго вачыма, паклаў у папку, пагразіў пальцам: «Запомніце, дарую апошні раз. I засвойце — ссыльны, які не з’явіўся на адзнаку, лічыцца ўцекачом. У-це-ка-чом! Зразумела? Ідзіце!»
Божа мой, хацелася стагнаць і раўці ад знявагі, абразы і болю, ад сораму, што стаяў, як вінаваты школьнік, перад гэтым сыценькім і ружовенькім, упэўненым у сваёй неабмежаванай уладзе малодшым лейтэнанцікам. За якія подзвігі гэтую адзіную зорачку пачапілі яму? Што ён карыснага зрабіў людзям? За што яму плацяць высокі аклад, а няшчаснай Цімошысе ставяць толькі палачкі ў ведамасці? Што ў яго ў галаве? Што ў душы?
Праз два дні Зміцер Сцяпанавіч і Вацлаў прынеслі маёй Тані зграбненькі ложак, Ганна Якаўлеўна ад свае падушкі адсыпала пер’я на ясік, падарыла «лішнюю» байкавую коўдру і прасцінку. Тварык маёй дачушкі гарэў чырвонымі плямамі, яна кідалася і трызніла. «Адзёр», — паставіла дыягназ Эла Рыгораўна і два разы на дзень прыбягала да нашай хворай. Пакуль мы былі ў школе, даглядаў і забаўляў яе дзед. Ганна Якаўлеўна прыносіла журавінавы і чаромушны кісялі, чытала і расказвала казкі, мерала тэмпературу і давала лекі, а потым, накульгваючы, па сумётах ішла на другі канец сяла ў сваю ўтульную хацінку. Відаць, недарэмна біязінцы пыталіся, ці не радня мы ўсе. Раднілі нас горкі лёс і сумленне. Не, «гражданін» Пушыкаў, ёсць у людзей сумленне! Як толькі людзі страцяць яго, кончыцца жыццё на зямлі.