Выбрать главу

Дачушка паволі ачуньвала. Завея ўлеглася, пайшлі з Барабінска машыны па збожжа, і дзед пачаў наладжвацца ў дарогу па рэчы. Аж неспадзявана ўвечары завітала да нас Керпіха і з парога завойкала: «А божачка-божачка! Зрабі людзям дабро, дык ад бяды не адкараскаешся. I навошта мне трэба было даваць братаў адрас? Гэта ж гора такое, — яна дастала з кішэні скамечаны канверт, — не ведаю, як і сказаць. Брат быў у рэйсе, а жывуць яны, самі бачылі, у глухім тупіку. Ведама, дома жонка і малыя дзеці. Нейкі аспід угледзеў, што вы ўносілі ладныя скрыні, а самі паехалі з пустымі рукамі. Ноччу выдралі ў сенцах клямку, дзверы ў хату падперлі калком і распараджаліся як хацелі. Паплылі вашы скрынкі і ў прыдачу паўкубельца братавага сала. От пісьмо. Пачытайце самі», — яна працягнула спісаную старонку ў касую лінейку. Мы стаялі як апараныя. «Брат усіх на ногі падняў. Ні міліцыя, ні сабакі след не ўзялі. Побач жа чыгунка. Матанулі некуды, і ішшы-свішчы».

Мы вытрывалі і гэты ўдар лёсу. Без пажару засталіся пагарэльцамі. Толькі дачушка плакала па сваіх цацках і любімых казках. Праўду кажуць — на каго Бог, на таго і людзі, дзе коратка, там і рвецца.

Трывогі кожны дзень

Страчанага было шкада, хоць мы прывыклі да куды большых страт. Нас на многія гады абрабавалі прылюдна, сярод белага дня адабралі волю, усе правы, хоць фармальна маглі дзеля ўласнага суцяшэння галасаваць за адзінага кандыдата нават у Вярхоўны Савет. Ім быў легендарны Аляксандр Пакрышкін. Яго на нейкай машыне з гусеніцамі прывозілі ў наша сяло. Усе не столькі слухалі, колькі глядзелі на сапраўднага героя. Хацелася крыкнуць, што мы тут пакутуем ні за што ні пра што. Заступіся, Герой. Будзь і цяпер Героем. Але хіба скажаш? Хіба заікнешся? Цярпі і спадзявайся, што пакуты не вечныя. Мне было лягчэй, што побач сям’я, а часта грызла сумленне, што мае самыя дарагія гаруюць з-за мяне, а маленькая Танечка пачынае разумець не роўнае з усімі становішча бацькоў, што яны пазначаны недаверам і ганьбаю, таму замыкаецца, цураецца суседскіх дзяцей. Яна часта плакала і ніколі не прызнавалася — чаго. Я пачуў, як яе равесніца Моцька крычала: «Ссыльная вражына!» Як дзіцяці растлумачыць, чым суцешыць? Што, калі ўзненавідзіць нас за непаўнацэннасць, за кляймо, якім мы пазначаныя? А што думае цесць — патомны рабочы? Ён жа марыў пра шчаслівы лёс дачкі, і на табе, ускочыла ў такую бяду і трымаецца за яе, як сляпая.

Часам здавалася — ад думак можна звар’яцець. А дома ў нас былі мір, увага, ласка і клопат. Пра самае балючае стараліся не гаварыць, а думаць думалі і шанавалі і без таго збалелыя сэрцы. Патроху наладжваўся і быт. Некаторыя нават зайздросцілі нашым дзвюм настаўніцкім зарплатам.

Пасля навагодняга вечара ледзь не ўсе вучні пацягнуліся да мяне, захварэлі акцёрствам, захапіліся маляваннем, выстаўкамі сваіх малюнкаў, насценгазетамі. Некаторыя шчыгілялі нямецкімі слоўцамі, вымаўляючы на чалдонскі лад, паказвалі перад бацькамі сваю вучонасць. Большасць настаўнікаў палагаднела з Аляю і са мною, нават не саромеліся пытацца, калі ў чым сумняваліся. Толькі тры самыя «пільныя» з педкурсаўскімі «дыпломамі» ніяк не маглі змірыцца, што нейкі «варажына» ўбіўся ў калектыў, засланяе іх работу і падрывае аўтарытэт, уплывае на вучняў, а гэта ўжо небяспечна. Па іх ананімках прыязджалі інспектары райана, слухалі мае нямецкія ўрокі, а я тым часам трохі паспеў падкавацца: бегла чытаў, добра засвоіў даўжэзныя лічэбнікі, вучні ведалі некалькі кароценькіх вершаў. Што ж зробіш? Жыццё прымушала пусціць пыл у вочы не надта дасведчаным у лінгвістыцы інспектарам. Яны стрымана хвалілі мае ўрокі ў сваіх заключных актах.

I ўсё ж кожны раз, калі дырэктар нажнічкамі акуратна разразаў пакеты, мы з трывогаю глядзелі на яго, ці не прыйшоў загад аб нашым звальненні.

На педсавеце мне даручылі рыхтаваць праграму да веснавога агляду школьнай самадзейнасці, і я з імпэтам узяўся нешта прыдумляць, з нічога ляпіць нешта, пасля заняткаў прападаў у школе, каб хоць трохі галава адышла ад надакучлівых трывог і змрочных думак, ад вечнага страху. У нядзелю школа ператваралася ў майстэрню: зноў з дзетдомаўскіх недапаленых трантаў шылі касцюмы, з кудзелі і воўны рабілі парыкі, з лою і фарбы грым. Вырашылі ставіць казку «Мікіта Кажамяка і Змей Гарыныч». Зляпілі вялізнае і страшнае тулава Змея. Добраахвотнікаў было больш як трэба. Усе прынялі адну ўмову: двойка пазбаўляе права ўдзелу ў аглядзе. Нават Тартынскі з Бойкам сталі непазнавальныя.