Выбрать главу

Нашым небяспечным канкурэнтам была раённая сярэдняя школа. Там вучыліся дзеці служачых, былі салідныя настаўнікі і большыя магчымасці, чым у нашай таежнай сямігодкі. Мы марылі хоць бы заняць другое месца і не шкадавалі ні часу, ні сілы, каб нешта цікавае паказаць. I я, і дзеці захапляліся да самазабыцця.

У пачатковых класах першы год працавала пасля педвучылішча беленькая і кволенькая Валя Салаўёва. Прыехала яна з Вышняга Валачка адпрацоўваць свае два гады. Як толькі канчалі свой тэрмін, ніхто з маладых педагогаў назад у Біязу не вяртаўся. Звычайна яны гаварылі: «Я ж не ссыльная. Замуж тут выйсці можна хіба за мядзведзя або застацца векавухай, а я жыць хачу». I знікалі. Як на сезонную глядзелі і на дробненькую і ціхую Валю. I раптам чэпэ! Маладая настаўніца, камсамолка закахалася. I ў каго? У ссыльнага статнага прыгажуна Івана Рудога. Ён быў майстра на ўсе рукі: нешта рабіў у канторы спажыўкааперацыі, увосень быў нарыхтоўшчыкам, меў прымітыўны фотаапарат, прызарабляў і ім. Вельмі хутка прыбудаваў трысцен да хаты бабылкі Астанінай. Патынкаваў, пафарбаваў, павесіў вясёленькія фіраначкі, зрабіў прыгожую мэблю, хадзіў заўсёды ўсмешлівы і вясёлы. Насупраць Іванавай прыбудоўкі кватаравала Валя. Часам прасіла суседа прыбіць зашчапку, то падцягнуць дзверы, пераставіць вешалку. Неўзабаве, як кажуць сібіракі, «паглянуліся» адно аднаму. Як ні хаваліся, а ад Наталлі Іванаўны не ўберажэшся. Яна ведала пра кожнага больш, чым той сам пра сябе. I зашапталіся ў настаўніцкай: «Мала аднаго ссыльнага, дык і гэтая злыгалася». Валя прыкідвалася, што нічога не ведае і не чуе. Часам чырванела, калі школьныя сакатухі асабліва прыдзірліва аглядалі яе постаць, пасміхаліся і байкатавалі яе. Наталля Іванаўна насядала на дырэктара неадкладна абмеркаваць амаральныя паводзіны камсамолкі Салаўёвай. Той упінаўся, што няма ніякіх падстаў для такой прапрацоўкі маладой настаўніцы: яна дарослы чалавек і мае права сустракацца з кім хоча. «Э-э-э, не, Яўген Паўлавіч, вы траціце класавую пільнасць. Няхай круціць на здароўе хоць з д’яблам, а гэта ж ссыльны. Яны тут расплодзяцца, што і нас выжывуць. Ведаеце, чыю ідэалогію можа прынесці ў школу? А спытаюць, — указальны палец угору, — у вас і ў мяне. Патрабую неадкладна абмеркаваць паводзіны Салаўёвай і прыняць рашучыя меры».

На бліжэйшым педсавеце абмяркоўваліся прычыны нізкай паспяховасці ў асобных класах і справаздачы класных кіраўнікоў. Хоць паспяховасць у Валіным класе была не з горшых, яе пясочылі больш за ўсіх. Педсавет закругляўся, але ўстала Наталля Іванаўна: «Маё партыйнае сумленне і абавязкі завуча прымушаюць паставіць пытанне аб амаральных паводзінах і палітычнай неразборлівасці камсамолкі Салаўёвай. У чым гэта выявілася? Калі ласка. Салаўёва ўступіла ў недазволеныя нашай савецкай мараллю адносіны з ссыльным Рудым. Хто такі гэты прыгажунчык? Бацька яго адбывае пакаранне за антысавецкую агітацыю, а сынок садзейнічаў яго злачынствам і трапіў сюды. Думаеце, ён так закаханы ў нашую пр-ы-г-а-жуню, — яна са здзеклівай ухмылкай апякла Валю сваім каршучыным зіркам, — сумняваюся. Яму трэба сваёй ідэалогіяй атруціць душы нашых дзяцей. Салаўёва ў яго бывае кожны вечар… дапазна. У нашым калектыве павінна быць павышаная пільнасць, а тут яшчэ адна непрыемнасць. Мы абавязаны хадайнічаць перад райкамам камсамола аб выключэнні Салаўёвай з радоў ВЛКСМ, а райана вырашыць пытанне аб мэтазгоднасці яе далейшай работы ў школе». Выпаліла, як прысуд, і села. Яўген Паўлавіч разгублена лыпаў вачыма, маўчалі ўсе, толькі было чутно, як адлічвае хвіліны хрыпаты гадзіннік ды трымціць незакітаваная шыба. Я адчуваў сябе прылюдна аблітым гарачымі памыямі. Валянціна Міхайлаўна папрыгажэла ад чырвані шчок і бляску вачэй. Маўчала, нібыта гавораць не пра яе. Не вытрымала лепшая сяброўка Бугаёвай Варвара Іванаўна. У яе быў моцны тыл — муж дырэктар дзіцячага дома. «Слухай, Наталля, па-мойму, каханне справа асабістая. Да каго ёй ісці, да дзевяностагадовага Жураўлёва ці да п’янага Гошкі? Ды і фактаў у цябе няма». — «Варвара, любоў катэгорыя класавая. А факты? Факты — вось яны». Яна паляпала далонню па сшытачку.

Я памкнуўся выйсці. «Куды вы? Не ўдасца ўхіліцца ад галасавання», — перапыніла Бугаёва. У мяне ўсё затрымцела, але стрымаўся і спакойна адказаў: «Калі вас так цікавіць, куды іду, можаце мяне праводзіць…» Варвара Іванаўна зарагатала: «Ну, палучыла?» — «Гэта нахабства! Бачыце, да чаго яны дайшлі». У калідоры дрыжачаю рукою прыпаліў папяросу, выйшаў у двор і затуліўся ад рэзкага ветру за сцяною. Думаў, перачакаю, пакуль перабушуюць страсці і разапнуць гэтую мілую новую ахвяру. Але памыліўся. Вярнуўся, калі прымусілі гаварыць Валю. «Каго любіць і ненавідзець, справа мая асабістая. А вас, Наталля Іванаўна, вызваляю ад агіднай місіі мерзнуць пазавуголлю і сачыць, куды і калі я іду. Я выходжу замуж за Івана Рудога». Зацягнулася нямая сцэна, як у «Рэвізоры» Гогаля. Маўчанне парушыла Бугаёва: «Ну, цяпер усё ясна. Хто за хадайніцтва перад райкамам камсамола і райана, прашу галасаваць. Смялей, смялей, таварышы». Яна свідравала кожнага сваімі вузкімі драпежнымі вачыма. Дырэктар не то падняў руку, не то пачухаў за вухам. Я сядзеў унурыўшыся, нібы глухі. «Ну а вы?!» — «Мне сорамна ўсё гэта слухаць. Нельга ў далікатных адносінах шукаць палітычную падкладку. А каб не псаваць ваш пратакол, запішыце — ссыльны ўстрымаўся».