Выбрать главу

У біязінскім клубе мы сваю праграму ў бітком набітай зале паўтаралі разоў пяць. Кабеты круцілі галовамі, войкалі і дзівіліся, на што здатныя іх дзеці. Памякчэла нават Наталля Іванаўна, хоць раней і абуралася, што ператварылі школу ў склад утыльсыравіны, але пазірала пранізліва і пільна маленькімі чорнымі вочкамі.

Праз тыдзень прыйшла раённая газета з падрабязнаю справаздачаю пра агляд школьнай самадзейнасці. Хвалілі нашых артыстаў, касцюмы, бутафорыю, канцэртную праграму. Узнёсла расказвалася пра выступленне сярэдняй школы і заслугі мастацкага кіраўніка Варвары Сцяпанаўны Наважылавай. Мае драмгурткоўцы абураліся, чаму не названы іх кіраўнік. Я суцяшаў сваіх праўдалюбцаў: «У нас жа с-а-м-а-дзейнасць. Значыць, вы дзейнічалі самі, таму і заслужылі першае месца, а я толькі збоку падказваў і памагаў. Гэта мой абавязак». Не мог жа я сказаць, што прозвішча ссыльнага забаронена называць у друку. Яны, мабыць, гэта разумелі і самі.

У 1951 годзе пабольшала наша сям’я. Нарадзіўся ў нас маленькі сібірак, крыклівы і неспакойны. Відаць, нервовасць бацькоў перадалася яму і адбілася на сталым характары. Прыбавілася клопатаў: сталі ўсе нянькамі, часта не спалі начамі, куды ішлі, неслі яго з сабою. Часам суседскія дзяўчынкі гулялі з ім, як з лялькаю. Я часта адчуваў увагу сваіх вучняў і іх бацькоў, а хлапчукі з дзіцячага дома часам мімаходзь забягалі ў наш двор і памагалі напілаваць і накалоць дроў.

I ўсё ж трывога гняла ўдзень і ўначы. Дзіва што! Столькі гадоў жыць у вечным страху за сябе, за сям’ю, не ведаць, што цябе чакае заўтра. Таму і снілася адно і тое ж — перапоўненыя камеры, закратаваныя «цялятнікі», этапы, карцэры і следчыя. Я пракідваўся ад страху і радаваўся, што гэта сон, што ціха спіць дачушка, пахрапвае цесць, вялізны месяц праз размаляванае марозам акно залівае блакітным святлом рассыпаныя па падушцы залацістыя валасы маёй адданай і самаахвярнай пакутніцы.

Шчасце, што мы разам, няма кратаў.

Злавесны зямляк

Увесну ў канцы сяла нам нарэзалі трыццаць сотак няўдобіцы пад бульбу і гародніну. Усё лецечка, як мурашы, мы снавалі на сваіх градах. Цягалі лясёнкамі гной, капалі, палолі, капанічылі. Днём смаліла спёка, а ўначы прыхоплівалі замаразкі. Кожнае каліва трэба накрыць, перад заходам сонца, паліць. Як кажуць сібіракі, пласталіся дзень пры дні, цешачыся, што зімою будзе свая бульбіна, гурок, морквіна і шаткаванка.

Жнівень быў сухі і сонечны. Ляцела і слалася павуцінне, чырванню наліліся асіны, як васковыя свечкі, золатам адлівалі лістоўніцы і трапяткія бярозы, шапацеў бляшаным лісцем усыпаны барвовымі ягадамі глог. Асенняя тайга — чароўная казка. Як палітра, на якой змяшаліся ўсе колеры і адценні самых сакавітых фарбаў. Нічога прыгажэйшага за асеннюю сонечную тайгу не бачыў. Яна палаючым, зіхатлівым з купамі цёмна-зялёных елак і кедраў шырокім вянком абдымала наша доўгае і шэрае сяло.

На жнівеньскую настаўніцкую канферэнцыю выкладчыкі нашае школы трыццаць кіламетраў ішлі пехатою. Дарога збліжае людзей, развясельвае, паднімае настрой. З размовамі, жартамі, песнямі дайшлі да райцэнтра. На нізкім утравянелым беразе рэчкі памылі запыленыя ногі, абуліся і якраз паспелі на адкрыццё пасяджэння. Яно ішло, як звычайна, суха і нудна. Ад даклада і прамоў хіліла на сон. У цэнтры прэзідыума амаль нерухома сядзеў незнаёмы рудаваты, з дробнымі рысамі твару чалавек, у суконнай «сталінцы» з вялікім каўняром. «Хто гэта?» — я спытаў у суседа. «Другі сакратар райкома таварыш Страпчанка. Загадваў абкомаўскім гаражом і пайшоў на павышэнне».

У выступленнях усё было знаёмае, мяняліся толькі назвы школ і прозвішчы лепшых і горшых настаўнікаў, пералічваліся дасягненні, працэнты паспяховасці і… некаторыя недахопы. У заключэнне пад воплескі слова далі таварышу Страпчанку. Ён павольна падышоў да трыбуны, моўчкі агледзеў прысутных так, што я апусціў галаву, зняў з рукі гадзіннік, паклаў на трыбуну, наліў у шклянку вады, з папрокам зірнуў на прэзідыум, чаму не здагадаліся наліць самі. Пачаў нягучна з вельмі знаёмым, не сібірскім вымаўленнем. Гаварыў аб ролі школы ў выхаванні патрыётаў, адданых ідэям Леніна — Сталіна, пра ролю настаўніка на дзесяцідворцы, у распаўсюджанні пазыкі, пра абавязковы выпуск баявых лісткоў і насценных газет на фермах і ў брыгадах. Бясконца паўтараў: «Вы абавязаны, вы павінны дапамагаць на праполцы, на сенажаці, на церабленні льну і копцы бульбы». Выходзіла, настаўнік вінен усім, а яму — ніхто.