Выбрать главу

Сакратар райкама доўга не прымаў яе, а выслухаўшы, здзекліва спытаў: «Вы што, член партыі? Не? Дык навошта ідзяце ў райком? Педкадрамі займаецца райана, туды і звяртайцеся». Што яна гаварыла Страпчанку, якія довады выстаўляла, што прасіла, што патрабавала, Аля мне не прызналася. Ён злосна маўчаў, потым працадзіў: «Супакойцеся. Зайдзіце ў другой палавіне дня. Падумаем, што можна зрабіць. Не парыце гарачку і нікуды пакуль не ездзіце». Другі раз да сакратара прабілася позна вечарам. Ён памякчэў, паспагадаў і здзіўляўся толькі, як яна, былая камсамолка, чалавек пралетарскага паходжання, звязалася з палітычным злачынцам, якому тут і паміраць, навошта яна калечыць сваю маладосць і будучыню дзіцяці. Яшчэ не позна адумацца і павярнуць свой лёс на правільны шлях.

«Я дзякую за параду. Я гэта чула многа разоў. Мне прапанавалі публічна асудзіць палітычную ненадзейнасць мужа, але я яго ведаю не горш за сябе, ведаю яго сумленнасць, яго адданасць савецкай ідэалогіі. Ён выбіўся з галечы, рэвалюцыя дала яму адукацыю, любімую працу, а нейкі паклёпнік ад зайздрасці ці ад злосці зламаў жыццё і штурхнуў на вечныя пакуты яго і нас». Страпчанка здзекліва спытаў: «Скажыце, ён у маладосці не папісваў часам у газетах і часопісах? Прозвішча знаёмае па даўніх часах. Ён жа з Беларусі?» Аля пацвердзіла здагадкі сакратара і сказала, што верыць у справядлівасць, што ўсё высветліцца і невінаватыя вернуцца да нармальнага жыцця. «Ну, бачу, хочаце перацягнуць мяне ў сваю веру. Дарэмна. Запомніце, у нас дарэмна нікога не саджаюць. Органы — святая святых нашай дзяржавы… У вобласць вам ездзіць няма патрэбы, мы тут параіліся і знайшлі магчымым дазволіць вам выкладаць матэматыку, а муж ваш ніколі не будзе працаваць у школе. Сёння ўжо не паспееце, а заўтра атрымаеце загад аб аднаўленні на рабоце».

Ледзь не да поўначы ў гасцінным доміку Лідзіі Яўсееўны абмяркоўвалася, узважвалася, разгадвалася значэнне кожнага слова новага сакратара і загадчыка райана. Горача выказваліся Алена Хрысціянаўна Ракоўская і Вікторыя Сяргееўна. Маё прызначэнне ў школу абнадзеіла ўсіх ссыльных, а звальненне прыгняло безнадзейнасцю і беспрасвеццем нашага становішча.

Раніцай сапраўды Аля атрымала загад і вось прымчалася абрадаваць нас. Я паслаў заяву ў аблана на імя самога Андросава і цярпліва чакаў адказу. Пачаліся ў школе заняткі. У восьмым класе Аля атрымала добрую нагрузку, а мае ўрокі пуставалі. Хтосьці прасіў дагрузіцца маляваннем і чарчэннем, але Яўген Паўлавіч чамусьці не спяшаўся.

Я цэлымі днямі капаўся на сваіх сотках і пазбягаў сустрэч з настаўнікамі і вучнямі. Але не-не ды прыбягалі да мяне гаваркія дзетдомаўцы, расказвалі пра свае поспехі і няўдачы, крыўды і сваркі. А мне было сорамна нешта ім гаварыць і абяцаць. Дачушка мая пайшла ў першы клас, а мы з дзедам выбіралі бульбу і больш маўчалі. Супакоілася і наша гаспадыня, што сорак рублёў за свой пакойчык будзе мець. А мы цвёрда вырашылі — вясною пачнём будавацца. Чаканне адказу з аблана пазбавіла сну, прыгняло непамерным цяжарам. Самае страшнае было атрымаць адмоўны адказ. Страпчанка ж мог напісаць усё, што прыйдзе ў галаву. Даводзь тады, што ты не вярблюд. Набраўся рашучасці — няхай будзе што будзе, пайшоў на пошту і так-сяк дазваніўся да Новасібірска. Мяне выслухалі, і прыемны барытон адказаў: «Чаго яны там чудзяць? Мы надоечы адправілі загад у пацвярджэнне папярэдняга. Вы будзеце адноўлены на рабоце». Я бег дадому, не чуючы пад сабою ног.

Домаўласнікі

Зіма мінала з маразамі, завеямі, педсаветамі, плёткамі, ласкавымі і варожымі зіркамі ў наш бок. Зноў наша школа займала першае месца на аглядах самадзейнасці, восьмы клас прыбавіў мне нагрузку і заработкі. Мы акрыялі і павесялелі. Я радаваўся, што недзе ў вобласці ёсць не знаёмыя мне, але сумленныя і добрыя людзі — Андросаў і Кулагін. Колькі разоў яны нас ратавалі, а маглі ж адмахнуцца, каб спакайней жыць.

Пад вясну калгасны рухавік даў электрычнае святло. Напачатку яно гайдалася, як ад ветру, але ўсё ж гадзін да адзінаццаці свяціла. У старой шафе, выкінутай у школьны калідор, я знайшоў фільмаскоп і набор дыяпазітываў па розных вучэбных прадметах. Асвоіў яго, і ледзь не кожны вечар у вялікім класе вучні збіраліся глядзець «маленькае кіно». Прыходзілі і настаўнікі на тэматычныя паказы.

У недалёкай вёсцы Платонаўцы за трыста дарэформенных рублёў купілі старую, але яшчэ моцную, прасторную хату. Сельсавет пад забудову ссыльным далёка за вёскаю, каля самай тайгі, нарэзаў высокі, ніколі не араны груд. Пад ім круцілася крынічная Біязянка, а з другога боку быў глыбокі лог, зімою забіты снегам, а ўвесну поўны талай вады. Ссыльных выселілі нават з сяла на асобную вуліцу і назвалі яе Зялёнай.