Выбрать главу

Вось Міхайлаў і адважыўся прыйсці да начальства. З пабітым рабаціннем тварам, надзьмуты, як гладышка, малодшы лейтэнант глядзеў трахомнымі вачыма на колішняга палкоўніка ветэрынарнай службы зэка Міхайлава:

— Ну, чаго табе?

— Грамадзянін начальнік, я хоць і ветэрынарны ўрач, але асновы анатоміі і фізіялогіі ведаю дасканала і мушу сказаць, што вы дарэмна заганяеце ў ізалятар людзей, якія слепнуць на змярканні. Яны сапраўды не бачаць.

— А ты адкуль ведаеш? Заступнік мне знайшоўся сімулянтаў і контрыкаў!

— Я вам хачу вярнуць паўнацэнных работнікаў. У іх так званая курыная слепата. У арганізме адсутнічае вітамін «Д» і іншыя неабходныя кампаненты. Яны ёсць у сырой пячонцы і рыбным тлушчы. Паспрабуйце даць ім трохі пячонкі, і ўсе стануць відушчымі.

Начальнік задумаўся.

— Калі праўду кажаш, расканваірую, і пойдзеш рабіць на конбазу конскім доктарам, ашукаеш, згнаю ў ізалятары. Так што выбірай. Тлушчу і нашым дзецям няма. А дзе ўзяць пячонку?

— На конбазе. Там выбракаваных коней раздзелваюць нам у кацёл, а ўвесь лівер выкідваюць сабакам. А гэта ж ратунак для няшчасных людзей.

Нарэшце ўгаварыў Міхайлаў начальніка. Праз тыдзень ужо ніхто не хадзіў па зоне вобмацкам.

Неўзабаве Міхайлаў пайшоў ветэрынарыць на конбазу, яго брыгаду перадалі майму напарніку Валодзю Мяжэвічу. Яго журналісцкая хватка засвойваць усё на ляту, уменне давесці сваю правату, непаспешлівая разважлівасць ратавалі яго ў самых складаных варунках. Ён выгаварыў у начальніка права скамплектаваць брыгаду па-свойму і прапанаваў новы метад працы — канвеерны. Дайшоў, як кажуць, сваім розумам да таго, што цяпер шырока вядома як брыгадны падрад.

Мяжэвіч узяў у сваю брыгаду Грыцка і Амельку Смыкоў, нізкарослых, дужых і паслухмяных братоў з Чарнігаўшчыны, выдатных вальшчыкаў з пня. Яны клалі любую дзеравіну дакладна туды, куды трэба: крыж-накрыж, хлыст на хлыст, каб зручна было, не згінаючыся, пілаваць. За вальшчыкамі ішлі сучкарубы і раскражоўшчыкі, я быў адзіны кольшчык на ўсю брыгаду. Калуном і канадскім тапаром, як арэхі, лузаў свежыя бярозавыя чуркі і сукаватыя яловыя камлі. Брыгада працавала весела і дружна на агульны кацёл, стараліся адзін аднаму памагчы: перад адбоем усе разам складалі дровы ў паленніцы, і не верылася, што столькі напілавалі за дзень, скочвалі ў штабялі дзелавы лес і, пільна азіраючыся, хавалі канцы туфты. Выпрацоўка ішла на ўсіх пароўну. Вылучалі толькі Смыкоў, — ім заўсёды быў забяспечаны трэці кацёл. Часам усёй брыгадзе выводзілі «стаханаўскія». Гэта ўжо было свята: брыгаду саджалі на сцэне за доўгі стол, неслі поўныя міскі баланды і кашы, а на «прэмблюда» маленькія, як царкоўныя просвіркі, булачкі. Глядзіш на яе і не ведаеш, есці ці толькі нюхаць. Пах нагадваў волю, тую пару, калі можна было купіць пульхную сітніцу, батон, сайку ці свежую французскую булку. Я непрыкметна хаваю сваё «прэмблюда» ў кішэню, бо сорамна кусаць, калі на цябе прагна глядзіць столькі галодных вачэй. Булачкі выпадалі рэдка, і мы ведалі, што гэта заслуга вынаходлівасці нашага брыгадзіра — вялікага майстра складаць рапарцічкі і выводзіць працэнты за нарэзаныя і туфтовыя кубікі, а часам за «кантоўку дня ля пня».

У канцы мая ўдарыла пякельная спёка. На сінім да бляску небе — ні воблачка, ні хмурынкі. Сонца ў зіхоткім німбе пералівалася растопленым металам, сляпіла вочы і смаліла бязлітасна. Звяла бярозавае лісце, і пахла лазняю. Ігліца, сухі мох, дробнае сучча трашчалі пад нагамі, як порах. Высахлі ўсе копанкі і лужыны, а мы прэлі ў абшарпаных, з клоччам чорнага пакулля ватніках. Забаранілі паліць лаўжы, бо на паўночных лагпунктах тыднямі гарэлі лесасклады, пажар дабіраўся да зоны, гарэў лес, гарачы вецер даносіў да нас пах дыму і гары. Лесарубы млелі ад гарачыні і смагі. Пад вываратамі знаходзілі зялёныя ад жабурыння, поўныя юркіх апалонікаў лужыны, прыпадалі да іх і праз анучачку смакталі слізкую і горкую каламуць. З высахлых балацін накінулася на нас плойма крыважэрнай заедзі — вялізныя, як чмялі, авадні ссякалі да белых пухіроў, сляпні прыліпалі да змакрэлага цела, лезлі ў рот, у вочы і вушы, звінелі і гайдаліся хмараю вакол галавы камары. Ледзьве адкараскаліся ад паразітаў у рубцах кашуль, як напала гэтая лютая погань. Коні не маглі адбіцца ад заедзі, раўлі і падалі ў аглоблях. Міхайлаў іх мазаў дзёгцем і крэазотам, але і гэта слаба памагала.