Выбрать главу

I ўсё ж мне з кожным днём рабілася цяжэй і цяжэй. Толькі часам на ўроках забываўся на свае пакуты: так ясна і даверліва глядзелі вочы дзяцей бяргульскіх кержакоў, кардонаўскіх беларусаў, весялоўскіх татарчанят і асцякоў. Я з імі пасябраваў і шчыра палюбіў сваіх непасрэдных і наіўнаватых выхаванцаў. Падросшы, яны, відаць, адчулі, што дарэмна мяне дражнілі «Дэр ман», задавалі абразлівыя пытанні, былі неслухамі і гультаямі.

Пасля зімовых канікулаў я падаў дырэктару заяву, каб вызвалілі мяне ад работы. Ён разгубіўся. Дапытваўся, можа, хто абразіў ці пакрыўдзіў, угаворваў закончыць навучальны год. Я разумеў свой абавязак, але заставацца не мог: усё валілася з рук — клікала воля, каб нішто не нагадвала гэтыя сем пакутлівых гадоў. Пры мне Яўген Паўлавіч пазваніў у райана. Было чуваць, як накінуўся на яго Маеўскі. Дырэктар развёў рукамі, аддаў мне заяву.

Прыйшлося ехаць у раён. Загадчык райана спакушаў мяне з новага навучальнага года пасадаю завуча ў раённай сярэдняй школе, абяцаў кватэру, добрую нагрузку жонцы. Пры мяккасці характару я быў непахісны. «Вас прымусіць пракуратура працаваць да канца навучальнага года», — перайшоў да пагрозы Маеўскі. «Сем гадоў я вам быў не патрэбен, як жабрак, выпрошваў работу на кавалак хлеба, звальненнямі кампраметавалі перад вучнямі і бацькамі. Вы ўяўляеце, у якіх умовах я жыў і працаваў. Прабачце, больш не магу заставацца ні дня».

I ўсё ж давялося ісці да пракурора, выслухаць угаворы і абяцанні і настояць на сваім. Мяне вызвалілі па ўласным жаданні з добраю характарыстыкаю і падзякаю за працу…

Ва ўсіх класах даў апошнія ўрокі, прадыктаваў заданні на дом і з камяком у горле выйшаў са школы. Маю нагрузку развярсталі паміж настаўнікамі. Яны былі радыя дабаўцы да зарплаты, а некаторыя шкадавалі, што пакідаю школу. Я жартаваў: «Застаюцца ў заклад жонка і дзеці».

Калі ўдасца выехаць, пэўна не ведаў. Люты — самы мяцельны ў Сібіры месяц. Снежныя бураны накручваюць сумёты аж да стрэх, завальваюць двары, што сусед адкопвае дзверы ў суседа. Мяце і круціць так, што выцягнутая рука не відаць. У такую завею аднойчы мы з Аляю ледзь не загінулі за некалькі крокаў ад свайго плота. Пакуль ішлі з педсавета па вуліцы, заблудзіць не было як, а сышлі ў наш лажок і па пахі патанулі ў снезе. Грэбліся, грэбліся, тупкая дарога прапала. Вецер збіваў з ног, над галавою, як белыя ведзьмы, свішчуць і круцяцца шорсткія пасмы, поўныя снегу валёнкі спаўзаюць з ног. Выбіліся з сіл і папаўзлі, а куды, і самі не ведаем. Трымаемся, каб толькі не згубіць адно аднаго, паўзём у крутаверці гулкай сцюдзёнай прорвы. Я лёг і прытуліўся шчакою да шорсткага сумёту, і здалося — зусім блізка мільгнула кропелька святла. Няўжо трызненне? Не, не знікае, дрыжыць і мільгае. Я ўхапіў Алю за каўнер кажушка, і папаўзлі на агеньчык. Пераваліліся цераз замеценае прасла плота і дагрэбліся да свайго ганка. Увайшлі, як два снежныя слупы. Электрычнасць даўно выключылі, на стале гарэла ўкручаная лямпа і выратавала нас.

Такая ж завіруха ўсхадзілася перад маім ад’ездам. Гусенічныя трактары з вялізнымі клінамі прабівалі дарогу машынам па збожжа, пакуль лютавала завея. Раптам усё сціхла, заіскрыліся дзівосныя сумёты, ударылі маразы з барвовымі світаннямі і малінавымі заходамі. У Барабінск збіраўся ехаць калгасны шафёр, марудны, губасты і маўклівы Ахмед Асанаў, і паабяцаў узяць і мяне.

Ранічкаю з фанерным чамаданчыкам я прыйшоў да яго. Мяне праводзілі Аля і Таня. У двары пад грузавіком невялічкае вогнішча разагравала матор. Я развітаўся з дачушкаю на вуліцы, яна выцерла рукавічкаю вочы і пабегла ў школу. Мы зайшлі ў хату. Ахмед павольна сёрбаў зацірку і маўчаў. У Алі першага ўрока не было, і яна цярпліва чакала… У сенцах пачуўся тупат ног, і ў хату ўваліўся ўвесь мой клас: заплаканая Таня сказала, што я ад’язджаю, яны сарваліся з урока і прыбеглі развітацца. Я расчуліўся да слёз. Шкода было пакідаць гэтых шчырых, з самага маленства працавітых, прагных да ведаў дзяцей, якія яшчэ не бачылі радасці, але і заставацца не было як. Мае мілыя вучні махалі мне ўслед, пакуль машына не завярнула за апошнюю хату.

Ад Барабінска да Масквы ў перапоўненым, душным і тлумным вагоне ехалі больш за чацвёра сутак. На станцыях сыходзілі адны, садзіліся другія са сваімі размовамі і навінамі. У Кунгуры амаль усе пасажыры кінуліся да прывакзальных ларкоў, і вагоны напоўніліся глінянымі і фарфоравымі статуэткамі «Гаспадыні меднай гары», саматужнымі ўпрыгожаннямі з уральскіх самацветаў, капілкамі ў выглядзе размаляваных катоў і сабачак са шчылінамі для манет.