Выбрать главу

Па вагонах часта шасталі не так даўно амнісціраваныя «мазурыкі». Я іх пазнаваў з першага погляду, як даўніх знаёмых па бараках і брыгадах, і адшываў некалькімі сказамі на блатным жаргоне. Відаць, лічылі за свайго і пакідалі за мною «сферу дзейнасці».

У сталіцу прыехаў 16 лютага. Выйшаў на прывакзальную плошчу, агледзеўся, аж не верылася, што я ў Маскве. Не, яна — стольная! У кіёску купіў і разгарнуў свежую «Правду». 14-га адкрыўся Дваццаты з’езд партыі. На першай старонцы — здымак Прэзідыума, а над ім у нішы скульптура Леніна на ўвесь рост. Толькі Леніна. Чаму ж няма таго, хто яго так доўга засланяў на плакатах і медалях? Яны ж побач у Маўзалеі? Падумаў і не прыдаў вялікага значэння.

Адрас Вікторыі Сяргееўны ведаў на памяць, але ў каго ні пытаўся, дзе той Лучнікаў завулак, толькі паціскалі плячамі і разводзілі рукамі. Стаяў на ўскрайку тратуара са сваім няўклюдным чорным чамаданам, глядзеў на людную мітуслівую плошчу, на галубоў у лужынах веснавой вады, на адліжную, у лёгкай смузе Маскву. Апошні раз я яе бачыў сем гадоў назад цераз краты «сталыпінскага» вагона, а ў сваёй таежнай глушы толькі па радыё чуў бой курантаў і знаёмыя галасы Левітана, Высоцкай і Тобіяша. Не верылася, што некалі ступлю на яе вуліцы і плошчы, убачу Крэмль, Спаскую вежу і Маўзалей. Але няма чаго раскісаць, трэба неяк дабірацца на той невядомы завулак. I раптам успомніў: Вікторыя Сяргееўна казала, што побач Політэхнічны музей і Лубянскі праезд. Там жыў, хадзіў і памёр Маякоўскі.

Першая думка — сесці ў таксі, але страшна — колькі гэта можа каштаваць? Кожная ж капейка на ўліку, а калі яе яшчэ заробіш?

Пачаў дабірацца на аўтобусах і тралейбусах, надакучаць роспытамі. А на мяне глядзелі падазрона. Па маім выцертым, у асцюках, доўгім паліце, злінялай шапцы і тоўстых мокрых валёнках, відаць, здагадваліся, адкуль я выскачыў, і маглі паклікаць міліцыю.

Дабраўся-такі на Марасейку, а там ужо рукою падаць да Лучнікавага завулка. Стары дом з брудным абшарпаным пад’ездам, дзверы, абабітыя дзіраваю цыратаю з касмыкамі чорнай ваты, на вушаку, як гузікі ў гармоніку, белыя кнопкі электрычных званкоў. Знайшоў патрэбны, далікатна націснуў і доўга стаяў. За дзвярыма пачуліся галасы, нехта некага гукаў, ляснулі засаўкі. Дзверы адчыніла невысокая сіваватая жанчына, падобная на Вікторыю Сяргееўну, і ўпусціла ў доўгі цемнаваты калідор з нейкімі куфрамі, скрынкамі, падвешанымі на сценах бляшанымі ваннамі і веласіпедам пад столлю. «Вікця, прымай госця». З суседняга пакоя выйшла мілая Вікторыя Сяргееўна і прадставіла сваю старэйшую сястру Людмілу, «карагандзінку са стажам». Пакуль сёстры сядзелі ў лагерах і ссылках, іх выракліся мужы (не ў прыклад многім жонкам), але ў абедзвюх выраслі слаўныя сыны, шчыра адданыя мацяркам. Яны ўтрымалі гэтую «камуналку» і збераглі ўсё, што маглі зберагчы, — сумленне і добрую душу.

Я адчуваў сябе няёмка і скавана. I не дзіва, каб не здзічэць за столькі гадоў. Ступаў на дыбачках, каб нікога не патрывожыць, каб шматлікія суседзі не ўпікалі маіх гаспадынь «заезджым домам». Па калідоры і ў кухні шасталі і гучна гаварылі жанчыны ў доўгіх злінялых халатах, з папяровымі папільёткамі ў валасах, нешта варылі і смажылі на сваіх керагазах і прымусах. Я цярпліва чакаў, калі яны схлынуць, каб прайсці да ўмывальніка.

Праз некалькі гадзін, бачачы непадробную шчырасць і нязмушаную ўвагу мілых сясцёр і іх сыноў, я адчуў сябе смялей і вальней.

Мне хацелася пахадзіць па Маскве, пастаяць у доўгай чарзе да Маўзалея Леніна, наведаць Траццякоўку, з’ездзіць у Хамоўнікі, падыхаць паветрам Талстога, пабыць у кватэры Чэхава, пакланіцца Пушкіну. Вікторыя Сяргееўна збіралася пайсці разам, але я адмовіўся, каб не кампраметаваць сваім таежным выглядам, а схлусіў, што хачу самастойна паблукаць па сталіцы.

Увечары толькі і гаворкі было пра партыйны з’езд. Усе чакалі вялікіх змен, асцярожна гаварылі пра нейкія новыя ацэнкі ролі Сталіна, хоць усё яшчэ азіраліся, баючыся яго і мёртвага. Але ўсюды адчуваўся ўздым, раскаванасць, болей было ўсмешак і светлых абліччаў.

На другі дзень Вікторыя Сяргееўна сказала, што ўвечары ідзём у МХАТ на «Крамлёўскія куранты». Я ніколі не быў у гэтым славутым тэатры і чакаў вечара, як малое дзіця навагодняй ёлкі. Білеты ёй дастала Жамчужына. Я адпрасаваў сваю адзіную белую кашулю і стракаценькі гальштук, навёў на штаны стрэлачкі, мне падабралі чаравікі сына Людмілы Сяргееўны. Каб не вельмі кідацца ў вочы, у тэатр мы прыехалі незадоўга да пачатку спектакля. У гардэробе і вузкіх калідорах я аж зажмурыўся ад бляску генеральскіх пагонаў, гузікаў, ордэнаў і лампасаў, ад Зорак Герояў, ад кідкіх жаночых убораў. Амаль усе былі з ордэнскімі планкамі і дэпутацкімі значкамі, галаву п’янілі пахі тонкіх духоў. Куды я трапіў? Тузануў за вуха, ці не сон гэта. Я ціснуўся да сцяны, каб нікому не замінаць, глядзеў на шчаслівых людзей, а яны, як даўнія знаёмыя, стаялі купкамі, гучна гаварылі, жартавалі, смяяліся. Каб не кідацца ў вочы, я папрасіў маіх спадарожніц паказаць нашы месцы. Яны былі на першым ярусе балкона, па правую руку ад сцэны. Пад намі была ўся зала. Пасля трэцяга званка па праходзе ішла невысокая жанчына ў чорным плацці з расшытым бісерам рыдыкюлем, белыя кароткія валасы зачэсаны назад. У зале загрымела авацыя. Жанчына спынілася каля першага рада, павярнулася да публікі, пакланілася на ўсе бакі і села. Авацыя працягвалася. Па зале прашалясцела: «Кніпер-Чэхава». Фантастыка! Я бачу тую самую Вольгу Леанардаўну, якая да апошняй яго хвіліны была з вялікім Чэхавым, ведала Талстога, Шаляпіна, Горкага, Станіслаўскага, Левітана і Купрына, Андрэева і Буніна. I вось яна некаму ўсміхаецца, ківае прыгожай галавой, папраўляе срабрыстыя валасы.