Выбрать главу

Пачалі цямнець люстры. Сэрца замірае ад хвалявання: вось-вось рассунецца заслона з чайкаю і пачнецца цуд. Але зноў воплескі скаланулі залу. Усе ўсталі, усталі і мы, не ведаючы чаго. Якраз насупраць нас ва ўрадавую ложу ўваходзілі Хрушчоў, Булганін, Мікаян, Суслаў і некалькі незнаёмых у цывільным. Я толькі цяпер зразумеў, што трапіў на спектакль для дэлегатаў Дваццатага з’езда партыі. Пасля ўсяго перажытага апынуцца ў адной зале з кіраўнікамі партыі і дзяржавы, з лепшымі людзьмі краіны здавалася неверагодным, а часам нерэальным. З’яўленне Барыса Смірнова ў ролі Леніна сустрэў шквал апладысментаў. Ён быў такі жывы, такі натуральны, велічны і просты і поўнасцю супадаў з маім уяўленнем Правадыра ад самага дзяцінства. Увага гледачоў раздвойвалася паміж сцэнаю і ўрадаваю ложаю. Хрушчоў ажыўлена ўсміхаўся, глядзеў у розныя бакі. Калі ў кабінеце Леніна з’явілася магутная постаць Барыса Ліванава ў ролі інжынера Забеліна з клуначкам пад пахаю, Мікаян пакратаў Мікіту Сяргеевіча за плячо, звярнуў увагу на сцэну і весела засмяяўся, потым частаваў суседзяў, відаць, цукеркамі з круглай бляшаначкі. Я ў той вечар яшчэ не ведаў усяе праўды, якую сказала партыя на гэтым пераломным з’ездзе, але на памяць міжволі прыходзілі мае сябры па агульных пакутах, паплечнікі і напарнікі на лесасеках і бесперапынных пагрузках. Дзе яны, маладыя, сумленныя, адданыя народу і роднай зямлі? Хто знойдзе іх магілы ў вечнай мерзлаце?

Гэты вечар у тэатры, размовы, здагадкі, чуткі і спадзяванні перавярнулі ўсю душу, далі сілу і веру, што пачынаецца іншае жыццё ў нашага адданага, непахіснага і незласлівага народа. Можа, нешта зменіцца і ў мяне. Але я яшчэ не ўяўляў, куды вынесе лёс, што чакае заўтра, дзе мой прытулак, хто сустрэне, хто адштурхне. Марыў аб адным — усім астатнім жыццём давесці, што заўсёды быў адданы свайму народу і Радзіме, ні ўчынкам, ні думкаю ніколі не здрадзіў ідэалам, у якія паверыў з маленства, якім быў адданы і верны ў бядзе і пакутах.

Я марыў пасяліцца ў ціхім раённым мястэчку, пры рэчцы і лесе, вучыць дзяцей дабру і сумленню, любові да пявучага роднага слова, адкрываць скарбы людскога розуму і духу.

Праз два дні з такімі марамі начным цягніком выехаў у Мінск. Толькі за Вязьмаю змарыў сон. Пад хісткі грукат колаў сніліся за хвалістымі сумётамі мая хата, наўкол, як прывід, заінелая тайга, над срэбна-блакітным прасторам — вялікі месяц і буйныя зоры. Я адчуў цёплае дыханне прытуленага да грудзей маленькага сына і пачуў яго настойлівы галасок: «Тата, дастань Месяц».

Прахапіўся і ўспомніў, што там даўно ўжо развіднела, над хатамі гайдаюцца белыя слупкі дыму, а наўкол — такія сінія снягі. Аля з Таняю спяшаюцца ў школу. Хто ж ім праб’е ў сумётах сцежку?.. Калі зноў будзем разам? I расла трывога: «Куды еду, дзе прыхіну галаву, каму я патрэбен?»

За акном шарэла світанне. На адхонах сям-там яшчэ ляжалі лапікі пачарнелага снегу. Відаць, будзе ранняя вясна. Што яна мне прынясе? Адлігу ці зноў сцюжу?

Замільгалі назвы беларускіх станцый. Ад хвалявання хадзіў і хадзіў па праходзе вагона — думаў, строіў планы то светлыя, то змрочныя. Але колькі ні плануй, жыццё ўсё вырашае пасвойму і нечакана выносіць зусім на іншы бераг.

Вынесла яно і мяне ў свет, пра які я і не адважваўся марыць.

Я пражыў доўгае, складанае, пакутнае і цікавае жыццё, аж не верыцца, што ўсё перажытае было са мною. А было, і нічога забыць нельга. Я дзяліў горкую долю свайго народа і шчаслівы, што цяпер магу паспавядацца за сябе і сваіх незваротных сяброў.