Красавік 1987 — сакавік 1988 гг.
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ
Паспавядаўся,
I стала лягчэй,
Не перад Богам,
А прад ЧАЛАВЕКАМ,
Каб зніклі
Кашмары трывожных начэй
I страх перад нашым
Заблытаным векам.
ГІСТОРЫЯ
Прыйдзе новы —
а мудры — гісторык…
Ламаем галаву: як i чаму
У нас ускрэслі Грозны i Скуратаў
I за турмою ставілі турму,
Каб ліодзі неба бачылі з-за кратаў.
На дыбу Грозны ворагаў валок,
Баярам сек свавольныя галовы,
Саджаў сваіх халопаў на калок
I падкарочваў языкі за слова.
Цераз стагоддзі ў грыдніцу ўступіў
Люцейшы кат у мяккіх ботах
I ціха i таемна затапіў
Крывёй сумленных тундру i балота.
Адданыя заплечнікі яго
Лічылі геніем, надзеяй свету,
Ды ўсе пападалі да аднаго
Над кулямі аслеплых пісталетаў.
А мы маўчалі… Не маўчалі, не —
Спявалі гімны ў будзень i у святы
I гінулі ў калымскай старане,
Не ведаючы ўсе злачынствы ката.
Цвярозым розумам ніяк не зразумець,
Навошта і ў каго была патрэба
Мільёны лепшых выпраўляць на смерць,
Што аж стагналі i Зямля i Неба.
Свяціліся палацы на касцях,
На вечнай мерзлаце раслі кварталы,
Нявольнікі вялі на Поўнач шлях,
А ix сляды завея замятала.
Знікалі за адваламі яны,
Хоць i не быў ніводзін вінаваты,
Затое атрымалі ардэны
«За поспехі» бязлітасныя каты.
Што ж адбывалася? — Ніяк не зразумець.
Радзіма — гонар наш i гора наша.
А як нам жыць? Пра што нам пець?
Сумленная Гісторыя адкажа.
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ
Сябрам-паэтам
Мы як умелі, так хлусілі
Пра новы ўзлёт увышыню
I па рэдакцыях насілі
Сваю дзяжурную хлусню.
Нягоднікам складалі гімны,
Зладзеяў славілі ў свой час,
А шлях ужо крывава-дымны
Быў наканованы для нас.
Сурова дом глядзеў пахмуры,
I енкі чуліся часцей,
A ўверсе маці на скульптуры
Пяшчотна гладзіла дзяцей.
I нас сяржанты абдымалі,
Заткнуўшы кляпамі раты,
Наводліў білі i ламалі
Суставы, рэбры i хрыбты.
I кідалі ізноў за краты,
Саджалі голых на калкі,
А ноччу везлі ў Курапаты
Трэніраваныя стралкі.
Тупыя каты толькі ноччу
Жыццё укарачалі нам…
А як цяпер глядзяць у вочы
Яны i дочкам, i сынам?
З нас мала хто прыйшоў дадому
З бясконцай лютае зімы,
I не адзін паэт вядомы
Замоўк на трасах Калымы.
Ад крыўды я дасюль нямею,
Што не гудуць па ix званы
I што сказаць пра ўсё не ўмею
Так, як сказаць маглі яны.
Данос дарэмна нехта строчыць,
Каб зноў заткнулі кляпам рот.
Не-е! Праўда нам адкрыла вочы
I выпрастала ў поўны рост.
Звароту больш ужо не будзе
У той, даўно пракляты год,
Калі людзьмі пастануць людзі,
Народам стане наш народ,
Калі замучаных мільёнаў,
Што толькі вызваліла смерць,
На чорным мармуры імёны
I ў сэрцах будуць палымнець.
МАЙМУ СУДДЗЮ
Васіль Сымоныч Карпік,
Ну, як жывецца вам?
Ці атрымалі карпа
I балычка з тых крам,
Што ў тупіках схаваны,
Без шыльдаў i вітрын
Для важных i абраных
Чыноў i велічынь?
Вас кормяць за заслугі,
За тое, што з турмы
Загналі нават друга
У шахты Калымы.
Наркома i салдата,
Мужчын, дзяцей i баб,
Hi ў чым не вінаватых,
Пагналі на этап.
Яны з апошпяй сілы,
Дзе толькі мох расце,
Дайшлі ўсе да магілы
У вечнай мерзлаце.
Акружаных «увагай»
У той пякельны год
Заместа саркафагаў
Скаваў крыштальны лёд.
А вы ізноў судзілі
Сумленных без віны,—
Начальству дагадзілі,
Каб гінулі яны
У сцюжу на навале,
У змроку нематы,
На Волга-Дон канале,
У шахтах Варкуты.
А вы, нічым не мечаны,
Звычайны едачок,
Скажыце, чалавечынай
Не пахне балычок?
I не хавайце вочы,
Відаць, хто вы такі…
Скажыце, вас уночы
Не будзяць мерцвякі?