КОЛІШНІ СТРАХ
Уранні, ўдзень i па начах
На люднай вуліцы i дома
Нязводны страх, някучы страх
У скронях б'ецца метраномам,
Да долу хіліць галаву,
Душу, як смоўж, зацята смокча.
Дзіўлюся, як яшчэ жыву,
I кожны дзень бяду прарочу,
Лаўлю уважлівы пагляд
Знаёмых мне i незнаемых,
Адказваю ўсё неўпапад,
Раблю за промахамі промах.
Начамі абмінае сон,
Дрыжу, калі рыпіць масніца,
Здаецца, ціха ходзіць Ён
I зноў пад раніцу прысніцца.
Машына недзе загудзе,
Магчыма, «хуткай дапамогі»,
Дрыжу, хоць i ніхто не йдзе,
Апроч нязводнае трывогі.
Хоць зроду не было віны,
Малю, каб i мяне забралі,
Паставілі хоць да сцяны,
Абы вар'яцтвам не каралі.
Дрыжалі ўсе да аднаго,
Пакуль вялікім Ён здаваўся,
Бо ўсе баяліся Яго,
А Ён адзін усіх баяўся.
ПРА НЭП I ПРА ХЛЕБ
(Успаміны сведкі)
Я добра памятаю нэп.
Відаць, у ім была патрэба,
Бо кожны еў уласны хлеб
I сёе-тое меў да хлеба.
Трызніў зямлёю з веку ў век
Змарнелы, стузаны галечай,
Абрабаваны чалавек,
Што марна гнуў худыя плечы.
I вось, з вінтоўкаю ў руках
Ён біўся за «Зямлю сялянам».
Нарэшце пры бальшавіках
Ён сам сабе зрабіўся панам:
Меў па гектару на душу
I шчыраваў зімой i летам,
A ў вольны час масціў шашу,
Каб толькі дагадзіць Саветам.
За тыдзень сена стагаваў,
За тыдзень зжаў авёс i жыта,
Бацькам i цешчы памагаў,
Бо столькі гора перажыта,
Бо ўвесну сам з усімі пух.
Цяпер быў хлеб i скварка ў хаце,
Зямля дагледжана, як пух,
Hi купіны — на сенажаці.
З тых пор усё пайшло на лад
I на сяле, i ў цэлым свеце.
I збожжа на казённы склад
Ішло па ленінскім дэкрэце.
Дабро уласным мазалём
За тры гады было нажыта,
I з рымарам, i з кавалём
Расплачваўся араты жытам.
А што на рынку ўтаргаваў,
З гасцінцамі прывозіў жонцы,
З зямлі работай вымагаў
Хлеб i надзейныя чырвонцы.
Суседзі ў складчыну купіць
Сабе наважылі жняярку,
Бо не адважваліся піць
З вяселля да хаўтураў чарку.
Ніхто не раіў, не вучыў,
Калі i як араць i сеяць,
Бо сам быў здатны i ўначы
Усё намалаціць i звеяць.
Ён зроду золку не праспаў,
Як прасыпалі недарэкі,
I чыстым зернем засыпаў
Дзяржавы i свае засекі.
Купляў у краме пакрысе
Паркаль, i хамуты, i ўтулкі,
I елі ў горадзе усе
Тварог, скароміну i булкі.
Ды гром ударыў над сялом,
Хоць кідайся жыўцом у пельку:
Настаў «Вялікі пералом» —
I абагулілі зямельку.
Як жыць, загадваў правадыр,
I пры яго падтрымцы
Бясплатна ехалі ў Сібір
Навечна «нехацімцы».
Яны усё жыццё ў даўгу
З апошняй будуць сілы
Валіць i карчаваць тайгу
Да самае магілы.
Усё i з хаты, i з двара
Абагульнялі цугам,
A ў голага гаспадара
Застаўся цэп ды пуга.
Цапільна шашаль патачыў,
Няма ў хляве нічога,
А пугай брыгадзір вучыў
I паганяў самога.
Чыталі лекцыі штодня
Пра догляд гаспадаркі,
A брыгадзір i старшыня
Часцей глядзелі ў чаркі.
На ix раўняліся касцы,
Камбайнеры, шафёры,
I аграномы, i пісцы
Глушылі горкай гора.
Хто мужыком ні кіраваў
Без жаднае патрэбы?
Хто для сябе ні вырываў
I хлеба, i да хлеба?
Сябе калгаснік дакараў,
Што не хапала сродак,
Хоць ён i сеяў, i араў,
А сам карміўся з сотак.