Выбрать главу
Сабе не здраджваў я нідзе, Бо верыў, што збавенне будзе, Не для мяне, дык для людзей, Што мараць кожны дзень аб цудзе.
Я не чарсцвеў i не грубеў, Не прыстасоўваўся ніколі, Бо верны толькі сам сабе I у няволі, i на волі.
СПОВЕДЗЬ
Можа, гэта апошняе лета Каля ціхай празрыстай вады, Можа, ў жніўні ці ў студзені Лета I мяне паглыне назаўжды.
Застануцца пажоўклыя кніжкі, Што, магчыма, ніхто не чытаў, Што маўчаць, як пустыя кілішкі Ці як звон, што званіць перастаў.
Можа, заўтра, а можа, i сёння У трывозе ці ў ціхай журбе На зялёным i росным улонні Прачытаю самога сябе
I даверліваму чалавеку, Забароны зламаўшы мяжу, Пра сябе, як гісторыю веку, Да драбніцы ўсё раскажу,
Бо, да памяці вечна прыкуты, Што спакою дасюль не дае, Прыгадаю чужыя пакуты I пра радасці ўспомню свае.
Ix майму пакаленню хапала: Сем стагоддзяў за семдзесят год Мы прайшлі. Дзе нага не ступала, Узнімаўся i падаў народ.
У прамовы хісталася вера, Калі ўсё засланяла хвала, Бо звінела на пласе сякера I дарога да скону вяла.
Ну а я, не спакушаны лёсам, Праз ружовы не ўбачыў туман За усмешкамі горкія слёзы I пусты патэтычны падман.
За асобай знікалі асобы, Хоць «у-р-р-а-а!» не сціхала ўвушшу, А пакуты вышэйшае пробы Навылет праціналі душу.
За калючым напружаным дротам Я да болю спазнаў усяго, Але быў неразлучны з народам I часцінкаю кроўнай яго.
Сёння б мне нарадзіцца нанова, Але ўжо не сляпым i глухім, Каб С У М Л Е Н Н Е — адзінае слова Засталося пашчадкам маім.
KAЛEKI
Цяпер калек амаль што не відно, Яны нібыта канулі на дно, Адолеўшы нягоды ўсе i здзекі, Але жывуць, як i жылі даўно, На свеце непрыкметныя калекі.
Сляпыя лепей за відушчых бачаць, Што i сябры i несябры ix значаць, Ім зразумелы ўвесь складаны свет. Яны не скардзяцца, не плачуць, A пакідаюць свой прыкметны след.
Калекі ёсць з нагамі i з рукамі, З нястомнымі даўгімі языкамі I з каршучынай сілай зроку, Што прабіваюцца наперад кулакамі, Каб не застацца ззаду або збоку.
У ix энергіі на цэлы генератар, Бо кожны з ix салодкага аматар I горкага ніколі не мінае — Глытае ўсё, нібыта алігатар,
І жыць яму нішто не замінае. О, колькі ж вас, укормленых калек, Нагадаваў наш неспакойны век? З душой бетоннаю i без душы, Сабе на радасць, некаму на здзек, Калі камандуюць: «Трымай, ламі, душы!»
A самі выдаюць казённыя прамовы Пра дасягненні i пра росквіт мовы, Ад кожнае хваробы маюць лекі, Але відно — прыём у ix не новы… Пара на пенсію, таварышы калекі!
НАРОД
Мы, напэўна, адзіныя ў свеце Што забылі, як маці завуць. Так i нас ацураюцца дзеці I спакойна свой век дажывуць.
Разбяруць яны ўсё да асновы, Не забудуць каня закілзаць, Толькі роднае матчына слова Не захочуць у спадчыну ўзяць.
Хто ж знявечыў i памяць, i слова, Немаце забяспечыў размах? Паўстагоддзя сумленне i мову Адымалі знявага i страх.
У душы не загояцца болькі, Бо ідзе наша мова на звод. Так насельніцтвам зробімся толькі, Калі з моваю знікне народ.
СІЛА
Сіле розуму не трэба. Знай адно: ламі, крышы, Здабывай кавалак хлеба I — нічога для душы.
Каб дужэць i моц не траціць, Каб ніхто не перамог, Дужы нават бацьку з маці Скруціць у барані рог.
Дужы шмат не разважае, Толькі слухае загад, Толькі тых i паважае, Хто выплочвае аклад.
Бачылі аднойчы сведкі, Як дубінкай ён трасе, Нa магілах топча кветкі I таго, хто ix нясе.
Ён лютуе безупынку, Ён штурмуе на хаду. Мы ж яму далі дубінку Самі на сваю бяду.