ІНЕРЦЫЯ
Усё ты ведаеш, усё ты разумееш,
Што можна, а што нельга i чаму,
Ты слова кожнае прасееш i правееш,
Бо ўсё табе вядома аднаму.
Не тая опера, у п'есе многа солі,
A ў вершы аптымізму не стае.
Адказныя інструкцыі на столі
Запісаны, як ісціны твае.
Хоць сам не ведаеш ніводнай ноты
I нават да верлібра не дарос,
A крэсліш бездакорныя работы
I учыняеш аўтарам разнос.
Ды раптам нечакана стала млосна,
Аж сківіцу звярнуў направа боль,
Калі загаварылі пра галоснасць,
А ты дасюль усё глядзіш на столь.
ГОЛЫЯ КАРАЛІ
О, колькі голых каралёў
Жыве i ходзіць паміж намі,
I ўсе ў кальчугах з медалёў,
З пасадамі i з ардэнамі.
I кабінеты, i чыны
Ім дасталіся ў час нягоды,
За ix трымаюцца яны,
Хоць голыя заўсёды.
МАНАЛОГ ПЕНСІЯНЕРКІ
Hi гармонікам, ні песняю
Нас не радуе ніхто,
Толькі дзед, што носіць пенсію,
Часам стукне у акно.
Зіркне, як шчарбаты месяц,
Нешта схлусіць пра калгас
I прапаў, бо кожны месяц
Ён прыходзіць толькі раз.
Нешта шыеш, нешта пораш
Ды куплены хлеб жуеш,
Гучна з радзівам гаворыш
I пытанні задаеш,
А яно i не адкажа —
Ўсё гаворыць пра Каір,
Пра жніво, здабыткі нашы
Ды пра барацьбу за мір.
Ломіць крыж у непагоду,
Хоць ты літасці малі…
Мы ж змагаемся заўсёды,
A рабіць няма калі.
Я няўвагу прабачаю
I што песня ў ix адна,
Але ўсё ж не выключаю
Рэпрадуктар давідна,
Нават сплю i прыкмячаю,
Быццам дома не адна.
Дажываю век з бядою,
З ёю ўстану, лягу спаць,
А прачнуся — зноў надоі,
Зноў касьба i сенажаць,
Зноў пра парыхтоўкі мяса
I гаворыць, i пяе,
Дзе, чаго, якім калгасам
I чаму не дастае.
Слухаю i ўсё дзіўлюся
На світанні i ўначы:
Нас ніхто ж у Беларусі
Жаць i сеяць не вучыў,
Самі сеялі i жалі,
Мелі плуг, касу i цэп,
I таму нас паважалі
За вяндліну i за хлеб.
Мы ж заўсёды шчыравалі
Ад відна i да цямна,
Злыдням спуску не давалi,
А цяпер чыя віна,
Што ўсяго адзін гаруе,
Ды i той часцей з калек,
Але ім штодня кіруе
Аж трынаццаць чалавек.
Хтось крычыць: «Ары па снезе,
Не чакай сухой вясны»,
Бо крыкун у крэсла лезе,
Дзе высокія чыны.
Потым сам жа акт падпіша,
Што насенне звёў мароз,
Што яшчэ на полі мышы
З'елі жыта i авёс.
Ну а сам, бы кормнік, сыты
Рады, што з калгаса ўцёк,
I заместа світкі — світу
За сабою прывалок.
Так вось думаю штодзённа
I ўздыхаю пакрысе
Ды чакаю паштальёна —
Можа, радасць прынясе
Ад дзяцей, што збеглі з дому
I даўно кіруюць мной,
I бяскормніцу, вядома,
Я лічу сваёй віной,
Бо дзяцей не прывучыла
На загоне шчыраваць…
Ноччу вёска як магіла,
Нават плачу не чуваць.
НА ЗМЯРКАННІ
За вокнамі — снег,
I — лясы, i лясы,
У замеці знікла дарога…
Я думаю часта,
Што ў нашы часы
Да Ісціны так, як да Бога,
Ніяк не прабіцца,
Ніяк не дайсці,
Ніяк не паставіць хлусню на калені.
Адзіны ратунак
У нашым Жыцці —
Забытая Праўда, Любоў i Сумленне.
За вокнамі снег, i — лясы, i лясы,
I нехта блукае ўначы недалечка,
Гукае, i ледзьве чуваць галасы,
А я на змярканні запальваю свечку.
МАЕ ЖУРАЎЛІ
Мне семдзесят пяць,
А здаецца, учора
Мне людзі прысвоілі
Тытул селькора,
Я ў вецер i ў стынь
Прабіваўся па снезе,
Каб лямпу хутчэй
Засвяціць у лікбезе.
Да поўначы там
Засядалі камбеды,
I «Мы — не рабы»,—
Паўтаралі кабеты,
А потым у Менску
На беразе рэчкі
Вясной бушавалі
Студэнцкія спрэчкі.
Мы вершы чыталі
З агульнае згоды,
Ды пільна за намі
Сачылі сексоты,
Каб нас паздаваць
У калматыя лапы,
Што рукі круцілі
I гналі ў этапы.
Я верыў, што будуць
Не вечна нягоды,
Што Праўду здабудзем,
I ўжо назаўсёды.
Дажыў, дачакаўся
Жаданае волі,
Каб гора не ведаў
Ніхто i ніколі.