Мае жураўлі
Узнімаюцца клінам,
А я ix прашу:
«Пачакайце хві-лі-ну!»
СТРАШНЫ СУД
Мне сніўся страшны суд.
О, як падсудных многа —
Святых i праведных
I грэшных пазнаю,
I перад мудрым i суровым Богам
I я навыцяжку стаю.
Ён перагортвае мае дасье
I робіць на палях паметкі.
Калоціць страх, калі усе
З'явіліся пакрыўджаныя сведкі.
Былы хлапчук стаў барадатым дзедам
I сведчыць, што ў пару пякельных зім
Я сто гадоў назад сваім абедам
Не здагадаўся падзяліцца з ім.
I следчы колішні, хоць выгнаны з пасады,
Гатоў згнаіць усіх да аднаго,
Бо праз мяне за «превышенье» ўлады
На гэты свет адправілі яго.
Глытаюць зарубежныя таблеткі,
Бо смеласці i моцы не стае,
Упартыя разгневаныя сведкі —
Даўнейшыя каханыя мае,
Амаль шкілеты колішніх дзяўчынак
Даводзяць Богу, што мая віна
У тым, што ўзяў надоўга адпачынак
I жонкаю не стала ні адна.
А каб тады яны мяне засеклі
I ўбачылі, як ноччу павялі
I у якім я апынуўся пекле,
Такога б кавалера праклялі.
А вось дрыжыць ссівелы выпівоха,
Над ім гайдаюцца i неба, i Зямля.
Ён папракае i мяне i Бога,
Што на пахмелку не далі рубля.
Юнак абвінавачвае ў няўвазе,
Бо не пусціў «у паэтычны клан».
Я запісаць прашу, што ў кожным сказе
Ён — безнадзейны графаман.
Прашу, нарэшце, злітавацца: «Божа,
Я з пекла выскачыў, дык пеклам не карай,
А твой прысуд, магчыма, дапаможа
I мне пуцёўку выпрасіць у рай».
Хвалююся, i веру, i не веру —
Прысуд падпісаны. Малі ці не малі…
Ды раптам нехта адчыняе дзверы.
Прачнуўся. О, як добра на Зямлі!
НА ГЭТЫМ СВЕЦЕ
Я быў, i неаднойчы, на тым свеце
I не праліў ніводнае слязы,
Калі мяне адвозілі ў карэце
Рэаніматары аж тры разы.
I аніяк не вымаліць ратунку
Амаль што на смяротным рубяжы.
Як ні круці — выцягвайся у струнку
I нерухома дзень i ноч ляжы.
Не ўпэўнены, жывы ці нежывы я,
Вяду з кашчаваю каргою доўгі торг
I прад'яўляю на жыццё правы я,
Яна ж ласкава запрашае ў морг.
А я ўпінаюся, кажу: «Чакаюць дзеці
Даўно мяне ў пакойчыку пустым»—
I пераконваю, што i на гэтым свеце
Ніколечкі не горай, чым на тым.
А смерць дае прывабную параду,
Што буду я ляжаць, нібыта туз,
I што мяне па трэцяму разраду
Ў каміннай залі адпяе Саюз.
Маю анкету ўзяўшы за аснову,
Адолеўшы начальніцкі цяжар,
На паніхідзе па паперцы слова
Прамовіць кансультант ці сакратар.
Не, любая кашчавая, не трэба
Агітаваць. I як ты ні хвалі
Той свет. Замест спакою неба
Мне даспадобы неспакой Зямлі.
I не тлумі мне болей галаву:
Я тройчы паміраў — аднойчы пажыву.
* * *
На скрыжаванні раніцы i ночы
Не аціхае неадольны боль
I зноў пакуты новыя прарочыць
I на старыя раны сыпле соль.
Пякельны боль маланкаю забліскаў,
Гатовы скінуць з вышыні ў пралёт.
Не ўратавацца мне, бо самы блізкі
Прабіць гатовы сэрца навылет.
ПАПЯРЭДЖАННЕ
Непагодныя дні. Hi прасвету, ні сонца,
Толькі вецер гудзе i гудзе увушшу,
I пякельным туманам нябачаны стронцый
Раз'ядае істоту маю i душу.
Я ніколькі наступнай вайны не баюся,
Не, у атамным пекле Зямля не згарыць,
Не дрыжу перад будучай бойкай у скрусе,
Бо ніхто i нікога не зможа скарыць.
Хоць не будзе вайны, не ўзарвуцца ракеты,
А жыццё не ўратуе ніхто i нідзе:
Смерць ідзе па Зямлі, выбіраючы мэты
У паветры, на сушы, у мёртвай вадзе.