Выбрать главу
Мы патруцім сябе радыяцыяй, газам, Выесць вочы i душы настылыя дым. Смерць нячутна ідзе, каб не згінулі разам, A знікалі павольна адзін за адным.
У нябыт адыходзяць счарнелыя пушчы, Самагубствам канчаюць маржы i кіты. Акіяны i рэкі дзівак невідушчы Вынішчае ў прыпадку сваёй слепаты.
За мільёны гадоў не здалелі скалечыць Так Зямлю, як яе пакалечылі мы. I сябе i яе давялі да галечы, А яна ўсё маўчыць, як цярплівы нямы.
А каб мела язык, як яна б закрычала: «Пашкадуйце, няшчасныя, хоць бы сябе. Ці не бачыце вы, што «вучонасці» джала I бяздумная пыха ўсё жывое заб'е.
Знікнуць людзі i рэкі, салавей адспявае, I, магчыма, з галактык убачаць здаля, Як павольна плыве, у Сусвеце нямая, У адвечнай жалобе пустая Зямля».
Уратуйце Зямлю, апантаныя людзі. Можа, шчасце хоць вашым прапраўнукам будзе!
* * *
Не падглядай праз шчыліну ў дзвярах Мае расчараванні i пакуты. Ад позірку твайго калоціць страх, Добразычлівец мой з абліччам Юды.
Мяне ты больш ужо не прадасі За грош, за срэбранік, за паўчырвонца. Як ні старайся, рады не дасі I ў змроку не схаваешся ад сонца.
Я ведаю — не адзінокі ты, Увішны i актыўны ўсюды. Здаецца некаму, што ты святы, Добразычлівец мой з абліччам Юды.
САТЛЕЛЫЯ ЛІСТЫ
Твае лісты прапахлі лесам I пылам жытняе красы, Крутое рошчыны замесам I кропляю скупой слязы.
А я паміж радкоў чытаю, Чаго не папісала ты, Бо я не той i ты не тая, Адны ранейшыя — лісты
З далёкай нашай маладосці, З тае вясны, з тае зімы, Калі не крыўды i ні злосці Яшчэ не разумелі мы.
Пытальнікі, шматкроп'і, кропкі, Паперы колішняй памер I почырк дробны i таропкі Мяне хвалююць i цяпер.
Лісты, сатлелыя на зломах, Сyxi, збялелы васілёк I слабы пах лясоў знаёмых Хвалююць i цяпер здалёк.
Гартаю ў апусцелай хаце З лістамі даўнія гады, I нельга дараваць, што страціў Твой адрас i твае сляды.
Куды, каму цяпер напішаш Даўно запознены адказ? I надалёка тая ціша, Калі ніхто не ўспомніць нас.
БЕЛАЯ НОЧ
Дарога, быццам з алебастры, У лёгкай шэрані сады, На шыбах — папараць i астры, A ў небе — месяц малады,
Аздоблены ружовым кругам У цёмна-сіняй цішыні, У мітульзе, за дальнім лугам, Гараць халодныя агні.
То прывідным, то воўчым вокам Знікаюць, каб ізноў зайграць, То знічкай упадуць звысоку, То ў стылым снезе дагараць.
Такая бездань нада мною, Сузор'і неба замялі… Мне ўсё здаецца навіною, А я — пясчынка на Зямлі.
БЫВАЙ
Дагарае захад, дагарае, Зелянее на лугах туман, Дзе ж ты, азавіся, дарагая,— Даўняя надзея i падман.
Нашыя дарогі разышліся На мяжы сумлення i маны. Дзе ж ты, дарагая, азавіся З прывіднай далёкай даўніны.
Нас ніхто ніколі не пачуе, Мы знікаем, як начны туман. Дагарае захад, i хачу я Хоць у сне убачыць тонкі стан.
Юнаю, іскрыстаю прысніся I мяне ні ў чым не дакарай. Калі ж ты жывая, азавіся, Каб было каму сказаць «Бывай».
НА АПОШНЯЙ ВЯРСЦЕ
Позні мой вечар, як ціхая восень: Долу злятаюць лісты. Гэта — пара i жніва, i дакосін Каля апошняй вярсты.
Сонца заходзіць, плыве павуціна, Ціха i пуста ў палях, I на змярканні журбой жураўлінай Млечны гайдаецца Шлях.
Дзе мая радасць? Дзе маё гора? Дзе мая папараць-кветка цвіце? Можа, калісьці, а можа, учора Звяла яна на апошняй вярсце.
Не адшукаў яе, не дачакаўся. Падаюць восенню зоры часцей. Як ні гукаю, не дагукаўся Шчасця свайго на апошняй вярсце.