ЖАДАННЕ
За ноч пасівела зямля
I шэрань лугі прысаліла,
А сосны здаюцца здаля
Укрытыя срэбраным пылам.
Нбыта яшчэ нe зіма,
А далеч у ціхай трывозе,
I восень выходзіць сама
Па гулкай настылай дарозе.
Настала чакання пара,
Спавітае сэрца ў кунегу,
Запахла пад вечар з двара
Іскрынкамі першага снегу.
Нябачная легла мяжа
На стыку сустрэч i расстанняў,
Павольна знікае імжа,
I снег на світанні растане,
Нa сцежках лісты зашумяць
Самотных дубоў i акацый,
А мне б перайсці цераз гаць
I новай вясны дачакацца.
ПЕРАД ЗАСЛОНАЙ
Усе мы трошачкі артысты,
I роля ў кожнага свая.
То абы-як, а то ўрачыста
Іграў сябе самога я.
З усіх няма цяжэйшай ролі,
Бо не хапае з неба зор
I не падказвае ніколі
Жыццё — суровы рэжысёр.
Кім толькі я не быў на сцэне,
Каго я толькі не іграў?
То быў узнёслы летуценнік,
То ўваскрасаў, то паміраў,
Рамэо быў, Шыльёнскім вязнем,
Адолець Гамлета хацеў,
Ды, збіўшыся на першым сказе,
У апраметную зляцеў,
I зала адказала свістам
Нa непрадбачаны правал.
Відаць, заўсёды быць статыстам
Мой горкі лёс ці ідэал.
Ніхто не заўважаў старання
Да зморы i да забыцця,
Калі гайдаўся я на грані
Сапраўднай смерці i жыцця.
Іграў я ўмела, то няўмела,
Бывалі спады i напал,
Пакуль душа не пасівела
I не наблізіўся фінал.
Знялі фанерныя калоны,
Скруцілі заднікі ў рулон.
Вось-вось апусціцца заслона…
I я выходжу на паклон.
* * *
Калі б перапісаць на чыставік
Маё жыццё i ўнесці карэктывы,
Магчыма, мой наступнік ці двайнік
Лічыў бы, што ён вольны i шчаслівы.
Закрэсліваю тыдні i гады,
A ў ix — недаравальныя пралікі,
I пакідаюць у душы сляды
Маленькі грэх i грэх вялікі.
Хоць сам знарок ніколі не грашыў,
I грэшных думак не было ніколі,
А страт маіх i час не заглушыў
I мне дасюль папрокам вочы коле.
Я распінаю кожны дзень сябе,
Гатовы пасадзіць душу за краты,
Бо памяць неадольная дзяўбе,
Што сам перад сабою вінаваты.
Я здатны захапляцца навіной,
Часова ўзняцца нават на узвышша,
З пралікамі змірыцца i з віной,
А вось жыццё ніхто не перапіша.
ДОЎГАЕ РЭХА
Я адзін каля вогнішча ў полі,
Толькі іскры мігцяць i мігцяць,
То знікаюць у дыме паволі,
То да зор таямнічых ляцяць.
Я адзін. Толькі вецер трывожна
У ракітніку голым гудзе,
Можа, ў полі зблудзіў падарожны
I дарогу не знойдзе нідзе.
Я гукаю, i доўгае рэха
У асенняе поле плыве,
То замоўкне, то зноў нa пацеху
Азавецца самотнай саве.
Я адзін каля вогнішча ноччу,
Толькі ўласны гайдаецца цень.
Я на зоры гляджу i прарочу
Ясны ранак i сонечны дзень.
ТРЭБА ЖЫЦЬ
У кожнага — адзіная дарога
Ад метрыкі да некралога,
A паміж імі, як заўжды,—
Хвіліны радасці i горычы гады,
Раскаяння імгненні, раздарожжы
I захапленне: «Свет такі прыгожы!»
Хвіліна за хвілінай — час бяжыць,
I як ні цяжка, але трэба жыць:
Стаяць у чэргах, з хлебам ці без хлеба,
I жыць, пакуль i ты камусьці трэба.