Выбрать главу

Наша брыгада была як адна сям’я, большасць нас былі знаёмыя па волі, па агульных камерах і этапах, былыя журналісты, маладыя філолагі, улюблёныя ў літаратуру і паэзію, за гэтую любоў, ахрышчаную следчымі «контррэвалюцыйным нацыяналізмам», нас «перавыхоўвалі» на лесапавале, у халодных і душных палатках і кандзеях. Бяда зблізіла і з’яднала нас. Усе, не ўтойваючы нічога, апошнім дзяліліся з сябрамі, дапамагалі чым толькі маглі. Калі я не паспяваў перакалоць усе сукаватыя чурбакі і кручаныя камлі, кідаліся на падмогу ўсе астатнія. Выгнаны з санчасці «по статейному признаку» Алесь Пальчэўскі стаў добрым пілаправам і раскражоўшчыкам. Быў у нашай брыгадзе таленавіцейшы журналіст Юрка Такарчук. У дзевятнаццаць гадоў ужо — карэспандэнт «Комсомольской правды», потым узначаліў аддзел у «Звяздзе», перад самым арыштам працаваў галоўным рэдактарам грамадска-палітычнага вяшчання радыёкамітэта. Ён быў маім начальнікам і добрым таварышам. Здзіўляў Юрка талентам, аператыўнасцю, вобразнасцю і дакладнасцю фармулёвак. Ён адказныя артыкулы адразу дыктаваў машыністцы, і яны былі ўзорам глыбіні думкі і дакладнасці стылю, і сам ён быў дакладны ва ўсім і прыгожы: высокі і статны, бровы, як ластаўчыны крылы, сыходзіліся над яснымі шэрымі вачыма. Ён апранаўся ў бездакорныя светлыя касцюмы, насіў да хрусту накрухмаленыя каўнерыкі і яскравыя гальштукі, нечым нагадваў партрэты Джэка Лондана.

На дзялянцы Юрка, як і ўсе, хадзіў у закарэлых ад смалы сподніках і лазовых лапцях, волю нагадвала толькі прысланая яго Броняю прыгожая, як казалі, «горкаўская» цюбецейка. Яго эрудыцыя, энцыклапедычная дасведчанасць і дасціпнасць зачароўвалі ўсіх у камеры, у палатцы і на лесасецы. Нават блацякі пачціва звалі яго Юры Кліменцьевіч. А яго крыжавы шлях закончыўся трагічна і страшна, але пра гэта трохі пазней.

Быў у нашай брыгадзе мой незабыўны друг з піянерскіх гадоў, таленавіты паэт і перакладчык вершаў Міцкевіча і Генрыха Гейнэ — Алесь Розна. Разгублены, наіўны, несабраны, захоплены не бытавымі дробязямі, а нейкімі сваімі ўзвышанымі марамі. Ён мог забыць каля ўмывальніка адзіную кашулю, уціральнік, у сталоўцы — недаедзеную пайку. Я яго апекаваў, як малое дзіця. Мы з ім побач спалі, елі з аднаго кацялка, дзяліліся апошнім сухаром, падсоўваючы адзін аднаму большы кавалак. У 1927 годзе мы разам друкавалі свае вучнёўскія вершыкі ў часопісе «Беларускі піянер». Праз рэдакцыю пачалі перапісвацца. Ён жыў на ўскраіне Мінска, цяпер гэта цэнтр і тэрыторыя завода імя Кірава. Алесь рана пачаў друкавацца ў «Савецкай Беларусі», «Чырвонай змене», «Полымі», прысылаў мне свежыя выданні, пісаў пра паэтаў, якіх я і не чуў, я яму з свайго глухога Глуска слаў наіўныя лісты і слабенькія вершыкі. Потым мы разам вучыліся ў інстытуце, працавалі ў «Чырвонай змене», сустракаліся бадай кожны дзень. Следчы нашы сустрэчы лічыў «контррэвалюцыйнымі зборышчамі», злыгаў у адну «нацыянал-фашысцкую арганізацыю», засудзіў нас адзін і той жа Карпік, даў па дзесяць гадоў і пяць пазбаўлення правоў. Лёс нас вёў доўгімі этапамі на нары ў палатцы на шостым лагпункце і ў адну канвеерную брыгаду.

Алесь Розна трагічна загінуў лютаю зімою 1942 года. Хворы на запаленне лёгкіх, ён упарта ішоў у лес, зняможаны лажыўся на сучча на снезе, пакуль зусім не страціў прытомнасць. Яго смерць была наўмысным самагубствам. Ён загінуў таму, што нас разлучылі. Я б яго ўбярог для жыцця і літаратуры. У акупіраваным Мінску фашысты знішчылі ў гета яго маці, сястру і двух братоў. Я і цяпер бядую па Алесю, як па самым дарагім і родным чалавеку.

У тое спякотнае лета, трохі акрыялыя пасля турэмнага голаду і нерухомасці, мы спадзяваліся на перагляд нашых выдуманых спраў, у вольныя хвіліны пісалі скаргі дабрэйшаму Усесаюзнаму старасту Міхаілу Іванавічу Калініну і Молатаву, наіўна верачы ў справядлівасць і выратаванне. Дзівакі! Мы ж і не ўяўлялі, што яны не маглі выбавіць з лагераў сваіх жонак, а старшыня Саўнаркома падпісваў даўжэзныя спісы сваіх былых паплечнікаў і сяброў да пакарання смерцю.

Розна сярод нас быў самы большы аптыміст. Ён лагічна даводзіў абсурднасць усіх абвінавачванняў, верыў, што варта толькі цвярозым і разважлівым людзям пагартаць нашы «справы» і ўбачыць фантастычную бязглуздзіцу малапісьменных пратаколаў. Алесь на допытах «раскалоўся» і назваў завербаваных ім Памялоўскага, Ляскова, Паляжаева. Следчы ўзрадаваўся, далажыў начальству, а потым збіў Алеся на горкі яблык. Мы жылі ў тое лета спадзяваннямі, а нашы скаргі добра гарэлі ў грубках упраўлення Унжлага.