Выбрать главу

Тыдні за два ўцягнуліся ў начныя пад’ёмы і работу ў поцемках. Усё больш і больш мучыла смага: усе лужыны высахлі і пакрыліся парэпанаю граззю, пакінулі апалонікі і жабы. Ад прывезенай бочкі вады кожнаму даставалася два-тры глыткі, а сонца смаліла бязлітасна, пад нагамі трашчала ламачча і перацёртая на порах ігліца, пачарнеў і паскручваўся чарнічнік, бярозы шамацелі, як сухія венікі. На небе — ні воблачка, ні хмурынкі, паветра гайдаецца, як растопленае шкло. Ужо і пацець няма чым. Задубелыя і прасоленыя кашулі аж рыпяць на ссечаных заеддзю спінах. Але нікуды не дзенешся — трэба пілаваць, калоць, складаць паленніцы.

I раптам зашапацеў ветрык, загайдаліся падсохлыя верхавіны, нечаканы павеў асвяжыў абсмаленыя спёкаю шчокі і чорныя, як галавешкі, рукі. Мы зашэрхлымі губамі прагна лавілі свежае паветра. Вецер мацнеў і мацнеў. Загайдаліся, сагнуліся танчэйшыя бярозы, як мяцеліца, паляцела сухое лісце і сучча, сонца паблякла і зацягнулася пылам. Пушча гула і стагнала ад ураганнага ветру. Дзесятнікі бегалі і загадвалі спыніць павал, бо ледзьве падпілаваныя дрэвы валіў вецер і шпурляў, куды яму хацелася. Над вершалінамі дрэў стала цёмна-шызая з малінавымі падпалінамі хмара. Яна імкліва папаўзла вышэй і вышэй і засланіла сонца. Трашчалі і падалі сухія дрэвы, вецер выварочваў з карэннем елкі і старыя хвоі. На трасе загайдаліся вышкі, з іх пазлазілі стралкі. З вахты праз свіст ветру і шум буралому даносіліся ўдары ў рэйку: «Выходзь строіцца!» Мы пакідалі недакладзеныя паленніцы, хапалі інструмент і, згінаючыся, беглі на вахту.

Неба рассекла сіняя пакручастая маланка, ударыў і пакаціўся гром. Нам насустрач з гулам і плёскатам ішла сцяна густога дажджу. Буйныя кроплі астудзілі твар і распаранае цела. Брудная бялізна папрыліпала да спіны і ног. Ад кожнага руху папрэлыя за лета кашулі лопаліся і звісалі з плячэй матузамі, а дождж з ветрам хвастаў і збіваў з ног саслабелых. Ісці было страшна, бо то спераду, то побач падалі вывернутыя з карэннем дрэвы. На вахце, дрыжучы ад ветру і халоднага дажджу, туліліся адна да аднае мокрыя белыя здані. Цяпер яны былі шэрыя ад гразі і дажджу.

Нарэшце начальнік канвою пералічыў пагалоўе і падаў сігнал стралкам здымацца з трасы. Пакуль яны ішлі, мы скавыталі на вахце, прысядаючы ад маланкі і грому. А да зоны сем кіламетраў. Паперадзе цягнуўся даўжэзны абоз возчыкаў і ператварыў дарогу ў ліпкі жужаль. Па ім па калені ў гразі з голымі спінамі ў ашмётках рыззя хлюпалі лесарубы. Ішлі праз колішнія дзялянкі. На іх там-сям тырчалі семеннікі — самыя спелыя бярозы і хвоі. Яны згіналіся да зямлі і перакрыжоўвалі нам дарогу. На шчасце, нікога не прыбілі, мабыць, мелі літасць да арыштантаў. Да зоны цягнуліся доўга пад крыкі: «Давай! Давай! Варушыся, маць-перамаць». Усё засцілала заслона буйнога і хлёсткага дажджу. Сківіцы ляскалі, цела пакрылася пупышкамі, як гусіная скура. Кожны марыў — хутчэй хоць пад мокры дах палаткі, да жалезнай печкі, — але дзе там! Стой, калаціся перад варотамі, пакуль усіх не палічаць і не адзначаць на доўгай фанерцы.

З’явілася і маленькая надзея: можа, дасць бог, прастыну, падскочыць тэмпература і некалькі дзён пракантуюся ў зоне. Але, відаць, нават прастыць з маім «шчасцем» не ўдаецца. Колькі ні мёрз, колькі ні дубеў у мокрай адзежы на лютым марозе, ні правальваўся ў лапцях на тоненькую парцяначку ў заледзянелыя лужы, ніякая хвароба не брала. А прастыць і захварэць была самая светлая мара.

Кашулі нашы параспаўзаліся, заляпаныя гразёю нагавіцы прасушыць няма дзе, сваю адзежу пазабіралі. А на работу, дождж ці спёка, ісці трэба, а ў чым? Пасля вячэры загадалі забіраць у капцёрцы сваё вольнае адзенне. Ледзь не да поўначы стаялі ў чарзе, потым нацягвалі на голае цела прапахлыя тхлінаю, зваляныя кашулі і штаны. А ў каго не было, зноў ішлі ў брудным параздзіраным споднім.

Чаму! За што! Навошта!

Па дарозе на лесасеку, пілуючы і колючы дровы, сёрбаючы баланду ў парнай, як лазня, пратухлай гнілымі трасковымі галовамі сталоўцы, скрозь, дзе б ні ішоў, што б ні рабіў, токам біла адна думка, свідравалі адны і тыя ж пытанні: чаму «чорны воран» ухапіў мяне, чый палец тыцнуў у мой бок, каго пакрыўдзіў, каму замінаў? Кожны з маіх дваццаці трох пражытых гадоў быў відзён як на далоні. Я нікому і на парушынку нічога кепскага не зрабіў. За што ж такая жорсткая кара? Ды хіба мне аднаму?

За васемнаццаць месяцаў турмы і многія гады лагерных пакут мне сустракаліся толькі сумленныя, чыстыя і светлыя душою, адданыя нашаму ладу людзі. Навошта ж ім усім паламалі жыццё? Каму гэта трэба? Па чыім загадзе вынішчаецца цвет народа? А калі прыехала ўвосень 37-га года ў Мінск страшная Ваенная калегія Вярхоўнага суда на чале з крыважэрным Ульрыхам, колькі светлых галоў і чыстых сэрцаў было прастрэлена маладзенькімі катамі ў блакітных фуражках. Толькі цяпер знойдзена невялічкая частка прабітых навылёт чарапоў лепшых сыноў і дачок Беларусі ў хвойніку, названым Курапатамі. У адзін дзень, 29 кастрычніка 1937 года, забілі Платона Галавача, Васіля Каваля, Анатоля Вольнага, Валерыя Маракова і Ізі Харыка. За што? Ніхто не адкажа. Хто страляў? Нібыта ніхто не ведае. А недзе ж у «справах» ёсць іх подпісы пад актамі аб прывядзенні прысуду ў выкананне, недзе ж яшчэ жывуць натрэніраваныя ў стральбе па жывых мішэнях «варашылаўскія стралкі». Не ўсе яны адышлі ўслед за сваімі ахвярамі, многія ходзяць побач з намі, атрымліваюць персанальныя пенсіі, прымацаваны да асобых размеркавальнікаў і, напэўна, спакойна спяць. А сумленне? Не муляе і не мучыць. Чаго не было, таго няма. За многія гады духоўнага спусташэння гэтая маральная катэгорыя назаўжды страчана ў паслухмяных служак і прыслужнікаў крывавага рэжыму, гатовых выканаць любы бязглузды і злачынны загад. Яны, як манкурты, па загадзе родную маці застрэляць.