З таго пад’езда, дзе мне неаднойчы выдавалі візы, павялі ў сутарэнне. У вялікім пустым пакоі вопытны турэмшчык імгненна пазразаў усе металічныя гузікі і гаплікі, з чаравікаў павыцягваў шнуркі, распрануў, як у лазні, загадаў нагінацца і агледзеў усё, што і не кожны ўрач аглядае. А ў дзвярах ужо мяне чакаў «вывадны». Як жа ісці, калі ўсё звальваецца, а рукі трэба трымаць за спіною? Адарваў аблямоўку ад насоўкі, неяк звязаў паясніцу на штанах, і павялі мяне доўгімі прадымленымі «Беламорам» калідорамі на пяты паверх у невялікі пакой на першую пакуту. Праз акно ўбачыў халоднае світальнае неба ў цёмна-сініх хмарах з барвовымі пацёкамі ад недзе схаванага сонца. Злева за сталом нешта пісаў Даўгаленка. На ім была шэра-зялёная габардзінавая гімнасцёрка, на левым рукаве вышэй локця чэкісцкая эмблема — вышыты ў авале шчыт і меч, над манжэтамі — тры пунсовыя нашыўкі, падобныя на сэрцы. Следчы паказаў мне на прыкручанае ў куце да падлогі крэсла. Акно выходзіла на Рэспубліканскую вуліцу. Па ёй ішоў трамвай, з яго выходзілі і садзіліся людзі. Рабочыя спяшаліся на абутковую фабрыку, дзеці беглі ў школу. Учора так хадзіў і я, а з ночы гэты свет стаў для мяне чужы і недасяжны, усё дарагое і жаданае засталося за неадольнаю сцяною, імя якой няволя. Следчы толькі часам блісне на мяне, маўчыць і нешта піша. Зыркая настольная лямпа слепіць мне вочы. Я прыхінуўся да спінкі і па звычцы заклаў нагу на нагу. «Сядзьце, як паложана: спіною не абапірацца, ногі паставіць роўна, рукі на калені. I так заўсёды». Тады я яшчэ не здагадваўся, што ў гэтай пакутнай позе давядзецца сядзець па трое сутак запар, пакуль не страціш прытомнасць і не ссунешся з крэсла, а маладыя ўкормленыя следчыя, папіваючы чай з бутэрбродамі, будуць змяняць адзін аднаго і дзяўбці: «Прызнавайся ў контррэвалюцыйнай трацкісцкай дзейнасці». Як толькі ў калідоры зарыпяць боты, следчы ўскаквае, грукае кулаком па стале, крычыць і сыпле адборныя мацюкі. Сціхнуць крокі, цішэе і следчы, корпаецца ў паперках, звоніць дадому, жартуе з жонкаю і дачушкаю, відаць, на пытанне, калі прыйдзе, адказвае: «Ды тут адзін тып у мяне ніяк не хоча раззбройвацца, але нідзе не дзенецца».
На трэція суткі мяне кінулі ў адзіночку ў так званай «амерыканцы». Чаму «амерыканка»? Казалі, што яна нечым падобна на амерыканскую турму «Сінг-сінг». У двары следчага корпуса стаіць круглая, як вадакачка, з шэрага бетону, з маленечкімі закратаванымі акенцамі ўнутраная турма. Падводзячы да яе, «вывадны», «вертухай», або «попка», як іх завуць усе арыштанты, тройчы свішча. А дзеля чаго, адразу не зразумеў. Адзін вертухай не ўмеў свістаць. З тоўстых, як сасіскі, губ чулася толькі шыпенне. Падвёў ён мяне да дзвярэй і загадвае: «Свісні». — «А я не ўмею», — адказваю. «Свісні, маць-перамаць!» Стаім. Думаю, хоць падыхаю свежым паветрам. А ён аж са скуры вылузваецца — трэба весці іншага арыштанта, а ён са мною валэндаецца. Свістам яны папярэджвалі наглядчыкаў, каб, барані божа, не сустрэліся, не ўбачылі адзін аднаго зняволеныя.
Мой першы вывадны быў якраз добры свістун і, пачуўшы свіст у адказ, увёў у даволі светлае круглае памяшканне, падобнае на цырк. На першым паверсе — чацвёра шэрых жалезных дзвярэй, з «кармушкамі» і «ваўчкамі». Пахне свежаю маслянаю фарбаю, сапраўднаю, на пакосце. Гэты пах запомніўся назаўсёды, толькі пачую, адразу ўспамінаецца «амерыканка». Над галавою сектарамі разбягаецца металічнае павуцінне, на яго накінута густая вераўчаная сетка, пасярэдзіне, на круглым мастку стаіць наглядчык. Дзесяць прыступак уверх, і я стаю на чырвонай дывановай дарожцы, засланай па крузе, над галавою шкляны купал. У сценах васемнаццаць дзвярэй. Па дарожцы няспынна ходзіць другі наглядчык і праз «ваўчкі» заглядае ў кожную камеру, часам стукае ў дзверы і некага нябачнага папярэджвае: «Не спаць!» — і ідзе далей. Перада мною самі адчыняюцца дзверы (гэта наглядчык на пульце павярнуў ключом). Адразу ўражвае гэтая нечаканая таямнічасць. Увайшоў, і дзверы мякка шчоўкнулі, як у пастцы. Вось і камера. Усечаны сектар круга нагадвае дамавіну. Пад столлю з тоўстага непразрыстага шкла закратаванае акенца, да сцяны прыкручаны прантамі жалезны тапчан з матрацам, у куце ўмураваны столік і зэдлік, пры дзвярах тумбачка і параша. Вось і ўся мэбля. На тумбачцы тры пайкі хлеба і шэсць драбочкаў цукру за тыя дні, што прабыў у следчых.
Адзінае жаданне — зваліцца і заснуць. Толькі памкнуўся да пасцелі, адчынілася кармушка, усунуўся прышчавы твар «хадуна па крузе»: «Да адбою класціся забараняецца, спаць седзячы таксама. За парушэнне — карцэр. Зразумела?» — «Нармальнаму чалавеку зразумець гэта нельга». — «Нічога, пасядзіш, зразумееш». Кармушка нячутна зачынілася, а я сапраўды хутка зразумеў і адчуў увесь жах свайго становішча.