Ні баланда, ні пайкі хлеба не лезлі ў рот. Я шнураваў пяць крокаў ад сцяны да дзвярэй і назад, а ў галаве круціліся, пяклі і свідравалі адны пытанні: «За што? Чаму мяне? Дзеля чаго? Каму трэба з мяне рабіць ворага?» Яшчэ верылася, што пераканаюцца ў маёй невінаватасці і пусцяць дамоў. А там мая маладзенькая жонка з дня на дзень чакае дзіцяці. Як яна? Што з ёю? Хто ёй дапаможа? Нашы ж людзі выхаваны ў спрадвечнай пільнасці, у страху, нават блізкія адварочваюцца ад сям’і пакутніка. Але я памыляўся. Тады, калі дзеці выракаліся бацькоў — «ворагаў народа», жонкі — мужоў, мой дваюрадны брат, славуты хірург Мікалай Іванавіч Бобрык, не толькі не адвярнуўся ад маёй няшчаснай жонкі, ён не баяўся званіць па тэлефоне майму следчаму, станавіцца перад турмой у чаргу з перадачаю для мяне, ён не пакідаў мяне да апошняга дня маёй няволі. А думкі не давалі спакою ні на хвіліну, у вачах круціліся чырвоныя, сінія, жоўтыя знічкі, у галаве гула і ляскала кузня. Я садзіўся на зэдлік, падпіраў рукою шчаку, самі заплюшчваліся вочы, і адразу ж у рэчаіснасць вяртаў стук: «Не спаць!»
Дачакаўся адбою і праваліўся ў глыбокі сон. Праз нейкую гадзіну адчыняецца кармушка, стук ключом па жалезных дзвярах: «Хуценька на допыт. Давай, давай! Варушыся». Пракінуўся і не разумею, дзе я, што са мною, а расшалопаў, — скаланулі дрыжыкі і заляскалі зубы, рукі дрыжаць і не знаходзяць рукаў, добра, што не трэба зашнуроўваць чаравікі і зашпільваць гузікі: усё выразана, усё наросхліст.
Рукі назад, свіст — і павялі праз вузкі двор, а ў ім, як у доўгай трубе, скавыча пранізлівы вільготны вецер. У канцы двара ляжаць стосы папер, папак, канвертаў з лістамі і здымкамі. Іх кідае ў спецыяльную печ невысокі вайсковец, а другі доўгаю качаргою варочае і разбівае попел. Колькі там згарэла рукапісаў, дакументаў, дысертацый, здымкаў, дзённікаў і лістоў! Год, пакуль быў пад следствам, не патухала тая страшная печ. А колькі яна палілася да мяне і пасля мяне?
На кожным павароце даўжэзных калідораў з мноствам дзвярэй свішча або звоніць ключамі мой вывадны і зноў прыводзіць у вузкі пакойчык Даўгаленкі. Пакуль ішоў, наслухаўся прыглушаных крыкаў, тупату, енкаў і плачу з кабінетаў следчых. Тут «работа» пачыналася апоўначы і да світання. Днём «канвееры» праходзілі цішэй, каб выматаць чалавека бяссоннем і страхам, — нагняталіся пагрозы знішчыць родзічаў, на вачах расстраляць жонку. «Яна ж цяжарная». — «А каму патрэбны байструкі ворагаў народа?» Логіка следчых жалезная. Каторы раз следчы запаўняе маю анкету, задае адны і тыя ж пытанні — ловіць, заблытвае, каб не было разыходжанняў. Упарта піша: «Месца нараджэння Польшча». Як я ні даводжу, што мясціна, дзе я нарадзіўся і пражыў дзесяць месяцаў да імперыялістычнай вайны, ніколі Польшчаю не была, а часова захоплена ўрадам Пілсудскага і належыць Савецкаму Саюзу, ніяк пераканаць не магу. Следчаму так трэба. Грымяць мацюкі і кулак па стале: «Не вучы мяне, а лепш прызнавайся ў контррэвалюцыйнай трацкісцкай дзейнасці. Раззброены вораг нам не страшны. Запомні, што сказаў Горкі: «Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць». Знішчым і цябе. Шлёпнем, вось табе і следства, і суд». — «Без суда ніхто не мае права пакараць», — упінаюся я. «Эх ты, наіўны жаўтароты шчанюк. Прыстрэлім і складзём акт, што забіты пры спробе ўцячы, тады апраўдвайся, што не вінаваты». Думаю — лагічна, тут можа ўсё быць. Калі я трацкіст, дык чаму не магу быць нябожчыкам? Мне называюць членаў маёй арганізацыі. Я зроду не чуў такіх прозвішчаў — Барсукоў, Левашоў, Шляхціч, а мне крычаць: «Хлусіш! Прызнавайся!» Пачынаю разумець, што тут праўду лічаць маною, а хлусню — праўдаю. Зноў круціцца канвеер на трое сутак, без сну, без яды і вады, а следчым прыносяць чай з лімонам, бутэрброды з каўбасою, апельсіны, шакалад і пачкі «Беламора». А ў мяне пухнуць вушы ад жадання курыць, і я прагна ўцягваю дым, выпушчаны следчым.
Пасля допыту зноў камера, зноў: «Не спаць!» I так кожны дзень. А колькі іх? Запалкаю чыркаю рысачкі на нішы акна. Ого, трыццаць тры рысачкі, а я збіраўся раніцай таго ж дня быць дома. Першая ноч без допыту здзівіла і абрадавала — праспаў да пад’ёму на адным баку. Не патрывожылі і ўдзень. Ні кніжак, ні газет не даюць — думай пра свае «злачынствы», рыхтуй прызнанні. А ў чым прызнавацца, нават следчы не ведае, апрача невядомых прозвішчаў, не прад’явіў ніводнага абвінавачання. Зноў мераю камеру, за дзень прайшоў некалькі кіламетраў, добра, што хадзіць не забараняюць, а думкі замыкаюцца на адным: як там мая Таня, што з ёю? У гэтыя дні яна павінна стаць маці. Як ні ўпрошваў следчага даведацца пра яе лёс, адказ адзін: «Прызнаешся, дам спатканне. Што ж ты за бацька, што не хочаш даведацца, хто ў цябе нарадзіўся. Не прызнаешся, пасадзім і яе, дзіця здадзім у прытулак, зменім прозвішча, каб ніколі не найшлі».