Гэтыя пытанні другі год б’юць і б’юць у мазгі, выкручваюць душу, ні ўдзень, ні ўначы не даюць спакою. Тым часам з вагона ў снег скочваюцца старыя нямоглыя арыштанты. Яны тузаюцца і не могуць устаць, а нам не дазваляюць выйсці са строю і памагчы саслабелым. Убок адышоў невысокі, перацягнуты папругаю і партупеямі з жоўтым партфелем начальнік канвою і не па росце зычна скамандаваў: «Стро-о-ой-сс-я! Разабрацца па чатыры. Прадапраждаю: шаг улева, шаг управа, — нехта буркнуў: прыжок уверх, — прэкраціць агітацыю, — гаркнуў начальнік і закончыў даўно засвоеную малітву, — канвой страляе без прадупражджэння». Відаць, гэты бялыніцкі ці чавускі хлопец не аднаго свайго земляка і суседа справадзіў у апошні пагібельны шлях. Эх вы, пякельныя думы, няма ад вас ратунку!
Абапал лагернай аднапуткі стаяў змрочны, замецены снегам лес. Следам за намі кружыліся, кідаліся на сляды і зноў узляталі груганы, з елак з шоргатам спаўзала снежная навісь.
Большасць з нас былі ў паўчаравічках — на дзіравыя шкарпэткі, у папрэлых за паўтара года бадзяння па камерах галёшах, у выцертых, як рэшата, штоніках, падбітых ветрам пальцечках. Пашанцавала таму, каго забралі зімою, — у іх былі цёплыя паліто, шапкі, а то і валёнкі. Сцежка па цаліку вяла ў гушчар. Снег набіваўся ў чаравікі, раставаў і намярзаў ледзянымі брыжамі на калашынах штаноў. Ішлі моўчкі. У кожнага за плячыма на лямках — брудная, укачаная на нарах торбачка з арыштанцкімі трантамі.
Лес гусцее. Углыбіні відны заваленыя снегам вывараткі, зламаныя пад цяжарам замеці елкі, з верхавін з глухім вухканнем зрываюцца камякі снегу. Канвой з бакоў грузае па снезе па самыя «ступіцы», ад злосці люцее, крычыць, мацюкаецца і без дай прычыны ляскае затворамі. Ідзём моўчкі, як пахавальная працэсія, толькі часам уздыхаюць і войкаюць старыя, а іх у хвост і ў грыву падштурхоўваюць прыкладамі.
Ішлі, ішлі і нарэшце прыбіліся да агароджы. На тоўстыя слупы аж у дзве рэдзі шчыльна нацягнуты калючы дрот, па вуглах пад дашчанымі стрэшкамі вартавыя вышкі, на іх у гаматных кажухах — стралкі. Тут ахоўнікаў завуць стралкамі: у іх адзіны абавязак — страляць. Каго, за што — нікога не цікавіць.
Вось і наш прытулак. Што тут нас чакае? Пакута і… смерць. Хто вытрымае дзесяць гадоў? Выцягваем шыі паглядзець, што там, за плотам. Тры дахі. Адзін даўжэйшы, два ніжэйшыя і карацейшыя. З комінаў лена паўзе шызы дым. Шарэюць прыцярушаныя снегам доўгія палаткі. Спыніліся каля шырокай брамы. Пры ёй маленькая хатка на два акенцы. Над брамаю на доўгай дошцы чырвонаю фарбаю напісана: «Лучковая пила[1] и канадский топор[2] — кратчайший путь к освобождению». Што за лучковая піла і канадскі тапор? — відаць, пазнаёмімся і будзем з іх дапамогаю скарачаць свой доўгі тэрмін.
Загадалі «разабрацца» па два. З прыбудоўкі выйшаў куртаты з шэрым тварам, у новых закасаных валёнках вахцёр, на абвіслай папрузе целяпаецца кабура з наганам. Стаіць, жартуе, зубаскаліць з начальнікам канвою. Адмыкаць не спяшаецца. Ногі закляклі, шчокі пакрыліся гусінымі пупышкамі і самі сабою дрыжаць, губы ледзьве варушацца. Адно жаданне: хутчэй бы пад дах, у цяпло. З зайздрасцю пазіраем на барак і з апаскаю на заінелыя палаткі. Яны-то, відаць, якраз і для нас. Барак даўно заселены.
З зоны на вахту паволі ідзе сярэдняга росту мужчына ў доўгім шынялі і кубанцы. Яны доўга гавораць з начальнікам канвою, закурваюць, нібыта нас і не бачаць. Нарэшце забірае ў начальніка канвою нашы фармуляры і становіцца каля расчыненай брамы. I зноў пачынаецца старая песня: прозвішча, імя, па бацьку, год нараджэння, артыкул, тэрмін. Выкліканы ідзе ў зону і чакае астатніх. Мы, сябры і знаёмыя па волі і перасылках, трымаемся адзін аднаго, каб быць разам і тут. Адзін за адным прайшлі ў зону. Каля нас круціцца губаты, шыракатвары блацяк з «фіксаю» на пярэднім зубе, у новым мультановым бушлаце, закасаных валёнках і з тоўстым кантовым кіем у руцэ. Відаць, ён нейкі лагерны начальнік, бо парадкуе нас, пакрыквае, марудных папіхае кантовым «воспитателем». «Адкуль, контрыкі, прывалілі?» Пачуўшы адказ, выскаляецца: «Бульба-картопа дробненькая. А за Гомелям людзі ёсцяка, гы-гы-гы! Ну, варушыся, даўгалыгі трацкіст», — штурхае ён паважанага колішняга метадыста наркамасветы Жураўскага. Той ледзьве пераступае на распухлых, як налівачы, нагах.
1
Складаецца з лучка і нацягнутага ў ім пілавальнага палатна. Лучок складаецца з дзвюх стоек, распоркі, дзвюх ручак, нацяжной цецівы і закруткі —
2
Масіўная сякера вагай 2,5 кг, з вялікім цяжкім байком і доўгім тронкам (81 см) —