У вялікай з высокаю столлю сталовай быў накрыты стол. На белым абрусе блішчалі падставачкі пад нажы і відэльцы, пераліваліся перламутрам талеркі, талерачкі, разеткі, соусніцы. Усё гэта мы бачылі ўпершыню і разгубіліся, не ведаючы, як і за што брацца. Маўкліва туляліся па кутках. Абаяльны, дасціпны і вясёлы гаспадар праз некалькі хвілін зняў напружанне і разгубленасць уласцівай яму прастатою, жартамі і шчырай гасціннасцю. Пачаліся танцы, смех і песні. За сталом Іван Іванавіч паказваў, як трымаць нож, відэлец. I ўсё гэта з жарцікамі і анекдотамі, весела і нязмушана. Праз некалькі хвілін мы і за сталом адчувалі сябе як у сваёй кампаніі.
Разам з намі быў маўклівы аднакурснік дачкі прафесара. Ці не ён толькі дапамагаў следству ведаць, што пілі і елі, дзе хто сядзеў, але і тое, чаго ніколі не было, — ні анекдотаў, ні палітычных размоў: мы ж усе былі дысцыплінаванымі і запраграмаванымі камсамольцамі. Ніхто з арыштаваных не пацвердзіў паклёп, які нам падсоўвалі следчыя, але і гэта не ўратавала нашага любімага прафесара. Яго арыштавалі трохі пазней, бо аднаму з яго вучняў вельмі ж карцела заняць пасаду прафесара, а тады любое месца вызвалялася вельмі лёгка — «сігналам» у органы. Так «прасігналіў» і прэтэндэнт на месца Замоціна, а Івана Іванавіча пратрымалі амаль тры гады пад следствам, і памёр ён на пасадзе днявальнага лагернага барака. А ў нашых пратаколах засталося «зборышча» на кватэры Замоціна.
За год пад кашмарным следствам мяне двойчы вадзілі на інсцэніраваны расстрэл. Звычайна далёка за поўнач будзілі, не дазвалялі апранацца, у бялізне вялі праз двор не ў следчы корпус, а ў глыбокае цёмнае сутарэнне, прапахлае тленам і карболкаю, ставілі тварам да бетоннай сцяны, «апошні раз» пыталі, ці падпішу пратакол пра ўдзел у нацыянал-фашысцкай арганізацыі, клацалі курком, білі пад дых і вялі ў камеру «падумаць». I цяпер не разумею, чаму не спусцілі курок адразу.
Мне ставілі ў прыклад «ідэйнага кіраўніка» маральна зламанага Міхася Зарэцкага. Гэты любімы і вельмі паважаны пісьменнік па загадзе маленькага рудога следчага Шчурава паслухмяна падпісваў нейкую неверагодную трызню. За «чыстасардэчнае прызнанне» Зарэцкаму дазвалялі сядзець на канапе, давалі сустрэчы з сям’ёю, перадачы прыносіла жонка ў пакой следчага, і тут Зарэцкі частаваўся хатнімі прысмакамі, сядзеў побач з дачкою і сынам, усміхаўся сваёй Марыльцы і нават жартаваў. Няўжо сапраўды ён верыў свайму следчаму і ў палёгку за паклёп на сябе і сваіх сяброў?
Паказаць вось такую ідылію мяне правялі ў суседні пакой, пасадзілі каля дзвярэй, каб усё бачыў і чуў і сам клюнуў на такую прынаду.
Следчы мяне пераконваў, што Зарэцкі раззброіўся і праз год-два вернецца да літаратурнай працы. Спачатку хацелася верыць, а многія месяцы пад следствам пераканалі, што ў гэтай установе праўды ніколі не было і няма, кожнае слова следчага — пастка, хлусня, каварны падман, паказанні іншых арыштаваных — падробкі і фальсіфікацыя. Так яно і было. Праз месяц я выпадкова на прагулцы ўбачыў жонку Зарэцкага, потым былі ў адным лагеры, а аўтара «Сцежак-дарожак» выклікалі з камеры без рэчаў, і ён знік назаўсёды 29 кастрычніка 1937 года.
За мяне зноў узяўся Даўгаленка. Ён мне зачытваў «паказанні» Міхася Чарота, што нібыта існавала не нацыяналістычная, а нацыянал-фашысцкая арганізацыя, якая імкнулася далучыць Беларусь да капіталістычнай Польшчы. Я слухаў і не верыў. Хіба ж мог Чарот, які ваяваў з пілсудчыкамі ў грамадзянскую вайну, Чарот — кандыдат у члены ЦК, член урада, першы рэвалюцыйны паэт, не толькі сказаць, а падумаць такое? Я запярэчыў Даўгаленку: «Ён п’яны або звар’яцелы» — і зарабіў за гэта па карку гумоваю палкаю, закручанаю ў «Правду». Ад болю нема завыў, а ён яшчэ абурыўся: «Бач, які далікатны. Газеткаю нельга дакрануцца».
Амаль за год допытаў і бадзяння па розных камерах я добра вывучыў прымітыўныя метады следчых — катаў з неабмежаванаю ўладаю. Ім патрэбны былі толькі хлусня, паклёпы, самаабгаворы. Подпісы пад пратаколамі яны вырывалі здзекамі, інсцэніраванымі расстрэламі, пагрозамі знішчыць сям’ю і ўсю радню, і дамагаліся, і здзяйснялі свае пагрозы. Яны патрабавалі прызнанняў у тым, што нават і не снілася ў самым кашмарным сне.