Перад гэтаю д’ябальскаю машынаю фальсіфікацый, падробак, фізічных і маральных здзекаў не мог устояць не толькі кволы і далікатны Зарэцкі, ламаліся загартаваныя старыя бальшавікі, а яны ж прайшлі допыты царскіх жандараў, катаржныя цэнтралы, зведалі пешыя этапы. Тады нічога не прызналі, бо іх дапытвалі ідэйныя ворагі, а тут член партыі малодшы лейтэнант камуніста з 1905 года, старшыню рэспубліканскага таварыства МОПРа (Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам), старога, усімі паважанага Серпеня прымусіў падпісваць неверагодныя фальшыўкі, даводзячы, што гэта патрэбна партыі, неабходна для сацыялізму. Калі арыштаваны ўпінаўся, следчы ставіў ножкі крэсла на пальцы ног няшчаснага, гоцаўся на крэсле, пакуль у таго чаравікі не заплывуць крывёю. Серпень стагнаў і плакаў, звяртаўся да сумлення маладога чалавека і тут жа курчыўся ад удару пад дых. Даведзены да адчаю, падпісваў, што ён польскі шпіён і член міфічнай тэрарыстычнай арганізацыі. А шпіянаж і тэрор забяспечвалі толькі «вышку».
Я сустрэўся з Серпенем у «камеры старых бальшавікоў». Іх было чацвёра з дарэвалюцыйным стажам, і яшчэ да нас укінулі ружовашчокага дзевятнаццацігадовага Альфрэда Бенэка, сына былога наркама земляробства. Ён і многія сотні сыноў і дачок «ворагаў народа» былі пацверджаннем формулы Сталіна: «Сын за отца не отвечает». Маці Альфрэда пасадзілі, а дзесяцігадовага брата пад іншым прозвішчам здалі ў дзіцячы дом.
Суседняя камера была таксама камуністычнай. Там сядзелі пераважна камандзіры Чырвонай Арміі, падчыстую падабраныя летам 1937 года. З вучэбных палігонаў, з летніх лагераў, з пагранічных застаў везлі і везлі ў турму і «амерыканку» камкораў, камдываў, палкоўнікаў і маёраў. На выцвілых гімнасцёрках цямнелі сляды многіх баявых ордэнаў з часоў грамадзянскай вайны. Былі лётчыкі і танкісты, артылерысты і сапёры, кавалерысты і пагранічнікі, пераважна немаладыя, загартаваныя ў баях камандзіры. Траплялася і моладзь. Сядзелі са мною ў агульнай камеры «амерыканкі» лейтэнанты з віцебскага авіяцыйнага палка. Спачатку яны жартавалі і лічылі сваё становішча недарэчнасцю, відавочнай памылкай. Канвеер перамалоў і іх: Краўцоў звар’яцеў у камеры, Філатава і Сударыкава выклікалі ў трыбунал, і яны не вярнуліся.
Аднойчы ноччу з суседняй камеры пастукаў былы палкоўнік: «Даведзены да адчаю. Прашу дазволу сёння ж вырашыць свой лёс…» Партгрупа нашай камеры параілася, асудзіла маладушша таварыша і забараніла нават думаць пра самагубства. Запэўніла, што ўсё высветліцца, партыя выкрые злачынствы і пакарае вінаватых. Палкоўнік адказаў: «Повинуюсь», — і пайшоў на доўгія пакуты. А Серпеня два здаравенных вывадных павалаклі на чарговы страшэнны допыт.
Мяне неўзабаве зноў перакінулі ў «амерыканку», каб зручней было цягаць на допыты. Агульная камера для многіх была сапраўдным універсітэтам. Дацэнт Магілёўскага педінстытута Піпота кожны вечар чытаў лекцыі па гісторыі Расіі. Мы ж яе не вывучалі ні ў школе, ні ў інстытуце, і кожны эпізод, маляўніча расказаны Кліментам Пракопавічам, быў для нас адкрыццём. Перад адбоем Піпота развучваў з намі шчымлівыя і жартоўныя ўкраінскія песні. Мы ў яго куточку ціха-ціха спявалі, часам глытаючы слёзы. Пра асваенне Поўначы расказваў вопытны палярнік Язэп Іванавіч Сцяпура, невысокі ладны мужчына з каштанаваю бародкаю і хвалістымі доўгімі валасамі. Ён насіў цяльняшку і флоцкі бушлат. Сцяпура быў арыштант з вялікім дарэвалюцыйным стажам і трымаўся ўпэўнена і спакойна. Прывезлі яго з Ленінграда, бо назваў яго сваім даўнім знаёмым з дарэвалюцыйнай пары Анатоль Зіміёнка, арыштаваны па справе Клімянка і прызначаны следствам ідэйным кіраўніком «трацкісцкай» групы. Некалі Сцяпура і Зіміёнка спачувалі эсэрам. Калі гэта было, яны ўжо не помнілі самі, а для следчых яны былі знаходкаю, як натхніцелі і кіраўнікі контррэвалюцыйнай групы.
Укінулі ў камеру высокага і мажнога прыгажуна з чорнаю чупрынаю, былога старшыню Лепельскага райвыканкама Язэпа Сямашку. Яго судзілі з раённым кіраўніцтвам, далі ўсяго год і прыслалі на гаспадарчы двор мінскай турмы. Там ён падмятаў прагулачныя загоны, разносіў баланду, ды раптам забралі пад следства ў «амерыканку». Ён грукаў у дзверы, патрабаваў каменданта, але ніхто не зважаў на яго пратэсты. Сямашка абвясціў галадоўку. Апрача вады, нічога не браў у рот. Турэмны доктар, плюгавы чалавечак з сінім носам і мышынымі вочкамі за шкельцамі пенснэ, гразіў, што будзе карміць штучна праз гумовую кішку. Сямашка казаў: «Калі ўдасца» — і паказваў вялізны кулак.
На дзесяты дзень галадоўкі па яго прыйшлі два вывадных і забралі на допыт. Хацелі ўзяць пад пахі, але Сямашка так крутануўся, што яны адскочылі ў розныя бакі. Яму прад’явілі абвінавачанне ў шкодніцтве і ашуканстве суда і ўзялі на канвеер. Лёс яго, відаць, закончыўся трагічна, бо нідзе ніхто яго не сустракаў, а мяне 2 кастрычніка 1937 года павезлі на суд у былую гарадскую ратушу на плошчы Волі, пад белаю вежаю з гадзіннікам.