Выбрать главу

Судзілі нас, васьмярых былых студэнтаў газетна-выдавецкага аддзялення літфака педінстытута. Дзевяты, ціхі, таленавіты і кволы Янка Валасевіч, не вытрымаў здзекаў і сканаў пад следствам. Дзеля саліднасці нам далі ў «кіраўнікі» вядомага драматурга Васіля Шашалевіча. Апрача мяне і яго колішняй вучаніцы Жэні Каплуновай, ніхто з абвінавачаных з ім ніколі не сустракаўся, і пра іх існаванне Васіль Антонавіч нічога не чуў.

За судовым сталом — дробненькі чарнявы старшыня з невыразным тварам, Васіль Сымонавіч Карпік, і дзве бязмоўныя постаці засядацеляў. Сапраўды, яны добра сядзелі і маўчалі. Збоку сакратар, а за асобным столікам каля акна ў цывільным — следчы Наркамата ўнутраных спраў. Карпік прамармытаў «Абвінаваўчае заключэнне», якое магло быць перадавіцай раённай газеты аб класавай барацьбе і пільнасці. У канцы паведаміў: «Вещественных доказательств и свидетельских показаний по делу нет. Дело слушается в закрытом судебном заседании без участия сторон». Не падымаючы вачэй, суддзя пытае ў кожнага: «Признаете себя виновным в предъявленном обвинении?» Адказ катэгарычны: «Не». Спрабуем растлумачыць, як выбіваліся подпісы ў пратаколах. «Суду ясно. Садитесь! Вы клевещете на советское следствие. Секретарь, занесите в протокол». I такая размова з кожным. Засядацелі нерухома маўчаць, а следчы пагрозліва круціць галавою. «Суд удаляется на совещание».

Канваіры тэрміновай службы ўнутраных войск, пераважна ўкраінскія хлопцы, суцяшаюць заплаканую Жэню: «Та нэ плачтэ. За що вас судыты? Зараз підэтэ додому». Хлопцы парушаюць статут канвойнай службы, бо ў пакоі больш нікога няма, і супакойваюць нас. Выцягваем з кішэняў недаедзеныя пайкі, запыленыя драбочкі цукру, дзелімся адзін з адным і чакаем свайго лёсу. Хвілін праз дваццаць: «Встать. Суд идет!» Вось табе і «Нэ мае за що!». Сямі чалавекам па дзесяць гадоў папраўчага лагера і па пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў, аднаму — восем і аднаму — пяць. «Приговор окончательный и обжалованию не подлежит», — прамармытаў Карпік і, не гледзячы на нас, выскачыў з пакоя; чапляючыся за крэслы, няўклюдна пасунуліся заседачы. Мы стаялі як аглушаныя громам. За што? Навошта? Каму гэта трэба? Гэтыя пытанні мучылі ўсё жыццё і будуць мучыць да скону.

«Чорны воран» даставіў нас у гарадскую турму. Год мы не бачыліся і цяпер расказвалі, хто з кім сядзеў, чаго дамагаліся следчыя. У прахадной паміж турэмнымі варотамі чакалі, пакуль адвядуць у камеру, як маглі суцяшалі Жэню і самі верылі, што хутка разбяруцца і вызваляць. Відаць, на начную змену некага мардаваць і «расколваць» ішоў следчы Серашаў. За год ён ведаў нас усіх. Усміхнуўся і весела спытаў: «Ну, па колькі адхапілі? Лічыце, што вам пашанцавала. Сёння прыняты закон і тэрміны павялічаны да дваццаці пяці гадоў» — і павольна пайшоў да жалезнай брамкі, папраўляючы фуражку з блакітным верхам.

Можа, і праўда пашанцавала. Маглі ж і пастраляць, як Галавача, Каваля, Вольнага, Лявоннага, Харыка, Маракова, Зарэцкага, Сташэўскага, Чарота, як Зіміёнку і ўсю «групу Клімянка», як тысячы такіх жа невінаватых, сумленных пакутнікаў. Зноў у скроні стукае кроў і не даюць збыту адны і тыя ж пытанні.

У перасыльную камеру турэмнага сутарэння за некалькі дзён сагналі некалькі дзесяткаў беларускіх літаратараў, якіх мінавала «вышка». Апынуліся на адных нарах Сымон Баранавых і Барыс Мікуліч, Янка Скрыган і Міхась Багун, Уладзімір Хадыка і Васіль Шашалевіч, Сяргей Ракіта і Станіслаў Шушкевіч, Алесь Розна і Сяргей Знаёмы, Зяма Півавараў і Змітрок Астапенка, Алесь Пальчэўскі і Сымон Куніцкі, былы дырэктар Дома пісьменніка Васіль Залуцкі і начальнік Галоўліта Аляксандр Якшэвіч, яўрэйскі празаік Шыман Гарэлік, ды хіба ўсіх успомніш і пералічыш? Алесь Звонак і пасля суда мог яшчэ жартаваць. Ён лагічна даводзіў, што відавочнае глупства заўважыць разумны і сумленны чалавек і ўвесь гэты «контррэвалюцыйны» міф рассыплецца пылам. Асабліва ўзрадаваліся і акрыялі духам, калі дазналіся, што былы пракурор Глезер, які падпісваў на нас ордэры, на другім паверсе турмы сам выносіць парашу. Значыць, нешта зменіцца да лепшага. Без суцяшэння, без веры ніхто б не вытрымаў турмы і лагера. Больш за ўсё спадзяваліся на амністыю да дваццатай гадавіны Кастрычніка.

У кожнай камеры з’яўляліся перакананыя аптымісты і суцяшальнікі, «тэарэтыкі» амністыі. Да іх ішлі, як на споведзь, «аблегчыць душу», суцешыцца, паверыць у збавенне, у справядлівасць, яны нечым нагадвалі горкаўскага Луку — падтрымлівалі веру і надзею даведзеных да адчаю. Асабліва вылучаўся былы армейскі палітработнік высокага рангу Іосіф Львовіч Коўтун. Маленькі, лысы, з палаючымі чорнымі вочкамі, бледным нервовым тварам. Ён сядзеў па-турэцку на асобным тапчане, бо карыстаўся асаблівай павагай усёй камеры. Вакол яго заўсёды сядзелі даведзеныя да адчаю людзі, якія прагнулі суцяшэння, падтрымкі, веры ў блізкую волю.