Выбрать главу

Коўтун быў палымяны прамоўца і перакананы тэарэтык: ён тлумачыў масавыя арышты злачынствам шкоднікаў у следчых органах. Яны ашукваюць таварыша Сталіна і народ, падрываюць аўтарытэт партыі. Іх хутка выкрыюць, і ўсе мы пойдзем на волю, адноўленыя ў партыі і на ранейшых пасадах. Ён пераконваў, што ўжо падпісаны ўказ аб амністыі ўсіх зняволеных па палітычных справах і дваццатую гадавіну мы будзем сустракаць дома. Малапісьменныя калгаснікі на пайку выменьвалі кавалачкі паперы, і Коўтун ім пісаў поўныя патэтыкі «слязніцы» вялікаму Сталіну. У іх ён укладаў усю сваю палітычную эрудыцыю вайсковага прапагандыста і лірычны літаратурны талент. Часам пісаў так «жаласна», што, чытаючы свае скаргі, сам выціраў вочы, а «заказчыкі» шморгалі насамі і кулакамі па шчоках размазвалі слёзы. Казалі: «Гэны развярэдзіць любому душу». I спадзяваліся на добрае сэрца.

Нас усіх падтрымлівала патаемная вера, што хутка разбяруцца сумленныя людзі, як толькі даведаецца пра ўсё «вялікі і мудры бацька народаў». Бадай усе былі загіпнатызаваны гэтым страшным імем, верылі ў яго мудрасць, сумленне, дабрату. А гэтыя рысы вытраўляліся з душы кожнага чалавека, людзей ператваралі ў даносчыкаў, паклёпнікаў, ілжэсведак, садыстаў і катаў. Потым знішчалі іх як небяспечных сведак страшэнных злачынстваў. Гэтае разуменне прыйшло з вялікім спазненнем, хоць часам са страхам думалася пра гэта, але ўголас нельга было сказаць самым блізкім і сабе самому.

У камеры прасочваліся чуткі (іх звалі турэмнымі «парашамі»), што многіх нашых следчых «за адданую працу па барацьбе з ворагамі народа» ўзнагароджвалі ордэнамі, а праз некаторы час арыштоўвалі і знішчалі ў тых жа падвалах, дзе яны знішчалі нашых сяброў. Замест іх набіралі новых катаў, і машына беззаконня працавала без перабояў у зададзеным рэжыме і тэмпе. I так увесь час: адны касталомы змянялі другіх, а канвеер круціўся няспынна.

Гэтае веданне прыйшло цяпер, а тады? Тады па наіўнасці ў нешта лепшае верылі і пакорліва ішлі на пакуты. А без веры нават тыя нямногія, што вытрымалі нечалавечы здзек да канца, не дацягнулі б да вызвалення.

Не зразумела было, чаму адных расстрэльвалі, другім, такім жа невінаватым, давалі па дзесяць гадоў, іншым восем і нават пяць. Праўда, пасля другога кастрычніка тэрміны падскочылі да 25 гадоў, і тройкі ахвотна выконвалі новы ўказ. У іх быў адзін прынцып: лепш пакараць сто невінаватых, чым выпусціць аднаго вінаватага, лепш перагнуць, чым недагнуць, лепш больш, чым менш. Гэтым і кіраваліся.

Седзячы ў цесным, душным, смуродным сутарэнні «роднай» мінскай турмы, мы толькі і марылі, як найхутчэй вырвацца з-за кратаў на свежае паветра, з клапоўніка ў любы барак без «парашы», без пільнага вока ў «ваўчку», каб можна было паслаць дадому ліст, адправіць скаргі і «слязніцы» ўсемагутным і «любімым» кіраўнікам.

Нарэшце халодным кастрычніцкім надвячоркам пачулі чаканую каманду: «Усім сабрацца з рэчамі». Як мы хваляваліся, як радаваліся, як спяшаліся скласці свае транты ў заплечныя мяшкі, як марылі хутчэй трапіць у лагер, хоць і не ўяўлялі, што гэта такое.

Любая змена ў турэмным існаванні хвалюе і абнадзейвае зменаю абставін, спадзяваннем на нешта лепшае. Калі загадалі збірацца, значыць, некуды паедзем. Хоць да д’ябла, абы вырвацца з гэтай агіднай смуроднай душагубкі з бясконцымі вобыскамі і карцэрамі за знойдзеную іголку, кавалачак грыфеля ад алоўка, за шахматныя фігуркі, па-майстэрску зробленыя ў складчыну з хлеба. Спадзяваліся — адразу павязуць у лагер, на чыстае паветра, а там можна будзе прычакаць пасылку з сухарамі, а можа, і кавалачак сальца. За год мы так агаладалі, што вецер хістаў і збіваў з ног, а мара была адна — хоць раз пад’есці хлеба.

Усе з заплечнымі мяшкамі пастроіліся ў калідоры ў дзве шарэнгі. Зноў пераклічка, зноў адно і тое ж: прозвішча, імя, па бацьку, год нараджэння, артыкул, тэрмін. Турэмшчык перадаў нашы фармуляры начальніку канвою, нас акружылі салдаты з вінтоўкамі і аўчаркамі з вываленымі чырвонымі языкамі і вялізнымі вострымі ікламі і павялі за вароты турмы. Мы прагна глыталі свежае паветра, углядаліся ў змрочнае асенняе неба, пазіралі адзін на аднаго. Пры дзённым святле былі асабліва бледныя, худыя, зарослыя дзікаю шчэццю знаёмыя твары. Чаравікі пассыхаліся і пабялелі, адзежа звалялася і выцвіла. Зірнеш — сапраўды, ідуць людзі з «дна». Вылучаліся толькі Уладзімір Хадыка ў шэрым капелюшы і добрым драпавым паліце, Барыс Мікуліч у рудаватай футравай куртцы, добра апрануты Сымон Баранавых і заўсёды элегантны Васіль Шашалевіч. На ім самы просты касцюм выглядаў прыгожа, ён умеў насіць рэчы з уласцівым яму артыстызмам.