Выбрать главу

Трэці год на агульным сходзе…

У вільготнай і туманнай цемры прывялі ў пусты і гулкі двор старой, кацярынінскіх часоў, турмы. З вузкіх закратаваных вокнаў цадзілася слабае святло і валіла густая пара. На вышках варушыліся гаматныя постаці ахоўнікаў. Усё наша «пагалоўе» палічыў, праверыў па фармулярах начальнік корпуса і павёў па вузкіх калідорах з нізкаю паўкруглаю столлю. Забаранялася гаварыць, тупаць, каманды аддаваліся шэптам, каб ніхто не чуў, што прыбыў новы этап.

Наглядчык адамкнуў абабітыя жалезам дзверы, за імі — другія, з тоўстых кантовых прантоў, у камеру велічынёю з футбольнае поле, покатам усланую соннымі людзьмі да самага парога. Але арыштантаў можна трамбаваць, колькі захочуць: у камеру на дваццаць чалавек заганялі сто, і неяк месціліся. У нашай новай камеры некалі была турэмная царква, а цяпер — перавалачная «база» вандраўнікоў па няволі на Поўнач. Каля дальняй сцяны — суцэльныя нары, каля другое — некалькі металічных ложкаў з голымі дошкамі, відаць, для камерных «арыстакратаў». Насельнікі гэтага чалавечага мурашніка храпуць, мармычуць у сне, чухаюцца, войкаюць і ўздыхаюць. Дух страшэнны ад разапрэлых, даўно не мытых целаў і ад высачэзнай дзежкі, напоўненай смуроднаю жыжаю. Столь і сцены, як спелымі брусніцамі, усыпаны ўкормленымі рухомымі клапамі, гэтымі неразлучнымі спадарожнікамі ўсіх арыштантаў. Яны дакладна пікіруюць на свае ахвяры і дасмоктваюць рэшткі крыві з расчасаных змарнелых целаў. Ходка плодзяцца вялікія бледныя вошы ад нуды, ад гора, ад цеснаты.

Мы спыніліся на парозе, не маючы куды ступіць. Пабудзілі старасту камеры. Пераступаючы сонных на падлозе, падышоў высокі шыракаплечы, з маленькаю галоўкаю мужчына ў кароткіх сподніках, былы бялыніцкі настаўнік Гайдукевіч. Першае пытанне: «Адкуль? Што новага на волі?» А мы больш за год тае волі і не нюхалі. Стараста пачаў старанна запісваць нас на вузкай фанерцы. Ад першых прозвішчаў разгубіўся. «Ці ж не пісьменнікі вы, таварышы? Я ж не так даўно расказваў у класе пра вашы творы, а потым выкрэсліваў прозвішчы і выдзіраў партрэты. А божачкі, за што ж вас столькі?» Перапісаў усіх і прапанаваў размяшчацца. А дзе, калі тут і ступіць няма куды. Гайдукевіч раскатурхаў сонных, загадаў паціснуцца, легчы бокам. Умошчваліся, дзе хто мог прыткнуцца. Мы — тры Сяргеі, Ракіта, Знаёмы і я, знайшлі вольны куточак каля печы пад нарамі. Адразу дажджом пасыпаліся на нас клапы. Нехта з разбуджаных паклікаў Васіля Антонавіча Шашалевіча да сябе. Гэта быў славуты саліст-балалаечнік радыёкамітэта Струнеўскі.

У шэсць раніцы пад’ём. Хочаш не хочаш, уставай: наглядчыкі прыносяць пайкі хлеба з прышпіленымі трэсачкамі-давескамі. Гайдукевіч раздае хлеб дзесятнікам. У розных кутках усчынаюцца сваркі за гарбушкі. На іх існуе чарга, а калі гарбушак далі менш, часам даходзіць да бойкі.

У камеры шэсцьдзесят дзесятнікаў. I каго тут толькі няма? Такой разнастайнасці асоб, характараў і лёсаў болей нідзе не сустрэнеш. Турма раўняе ўсіх, і кожны — індывідуальнасць. Тут — брат і швагер былога Старшыні Саўнаркама Галадзеда, начальнік пагранзаставы, далікатны і інтэлігентны Удовін, маленькі, лысы, з палымянымі чорнымі вачыма армейскі палітработнік высокага рангу Коўтун — наш галоўны суцяшальнік. Ён змаўкае толькі, калі спіць. Да яго ідуць як на споведзь. Кожнаму ў бядзе і няшчасці патрэбна спагада і суцяшэнне, іх знаходзяць у Коўтуна. Ён звычайна сядзіць, падкурчыўшы ногі на засланым шынялём жалезным ложку, гаворыць і гаворыць, пакуль не зморыцца і не асіпне. Непадалёк ад Коўтуна — месца вясёлага кавалерыйскага лейтэнанта з дзіўнаватым прозвішчам Афтар. На ім сіняя венгерка, фуражка без зорачкі, збітая на левае вуха. Асобны куток на нарах займаюць былыя работнікі магілёўскай канторы «Заготзерно» Радкевіч, Халадэнка і Фрэнкель. За сцяною, у камеры для смертнікаў, чакае выканання прысуду іх таварыш Дамброўскі. Іх судзілі за кляшча. Ён спрадвеку вёўся ў збожжы. А знайшлі і пачалі знішчаць не кляшча, а работнікаў кантор, тэхнарукоў і загадчыкаў элеватараў. З лета 1937 года ў турмы пайшлі чыгуначнікі, ад начальнікаў дарог да машыністаў і стрэлачнікаў. На допытах яны «прызнаваліся», што рыхтавалі дыверсіі, а потым плакалі, што падвялі саміх сябе пад «вышку». Хадзіў па камеры да пояса голы, але з гальштукам на шыі і ў чорным берэце не то кантрабандыст, не то спекулянт з Польшчы.