Выбрать главу

Каля сцен шчыльна сядзелі на сваіх «сідарах» калгасныя «тракцысты», «гітатары» і «сабатажнікі»: мацюкнуў члена сельсавета — маеш чырвонец за знявагу «савецкай улады», паспагадаў раскулачанаму «нехацімцу» — ідзі следам за ім. Калгаснікі трымаліся асобна. Яны ўспаміналі, якія ў каго былі каровы, якіх жарабкоў гадавалі, як радзіла грэчка, дзе лепей проса расце. Амаль у кожнага з іх была агульная слабасць — выменьваць розныя транты на пайкі хлеба: самі хаўкаюць ад голаду, а ў хатулі пакуюць выменяныя кашулі, світэры, камізэлькі, споднікі, спадзеючыся хутка выйсці з танным набыткам. Спадзяюцца, бо цвярозы розум не можа пагадзіцца, што невінаватага можна караць. Галоўны камбінатар у камеры — голы кантрабандыст з гальштукам. Кідаецца ў вочы невядомага ўзросту, з постаццю падлетка, сагнуты, з сухою маленькаю галоўкаю і заўсёды раскрытым ротам Філя. Ён усім услужвае, падмятае падлогу, выносіць парашу, наглядчыкі яго выклікаюць мыць прыбіральню за лішнюю міску баланды. Чым ён займаўся на волі, за што сядзіць, ніхто не ведае, і ён нічога пра сябе не расказвае. Успамінаецца Пастарнак: «Сколько типов и лиц». А ў турме асабліва.

Увесь дзень камера гудзе і кіпіць, як мурашнік. Праз закратаваныя і закрытыя «наморднікамі» вокны далятаюць з вуліцы шум, смех, асобныя галасы і словы. Там іншы свет, там воля, там шчаслівыя людзі. Яны смяюцца і не ведаюць, што іх чакае заўтра. Так некалі смяяўся і я, і мой смех, напэўна, чулі пакутнікі ў сутарэнні таямнічага дома на Савецкай вуліцы.

Асаблівае ажыўленне настае за гадзіну да абеду: усе снуюць, як галодныя драпежнікі ў клетках заапарка. У дзве гадзіны ў калідоры чуваць грукат, галасы, тупанне, соўганне дзежак па падлозе, даходзіць пах варанага турнэпсу і бручкі, такі прывабны і чаканы. Два крымінальнікі-баландзёры ўносяць цэбар гарачай баланды. Дзесяткі строяцца адзін за адным, стараста сочыць, каб ніхто не «закасіў» лішнюю порцыю. Ёсць у камеры і «шакалы». Яны хуценька апаражняюць сваю міску і прашываюцца з ёю пад кашуляю да цэбра. Варта толькі баландзёру адвярнуцца, як шакал імгненна зачэрпне самае гушчы і, душачыся, апякаючыся, глытае яе. Бі, штурхай — не адбярэш.

Па абедзе ўсе разыходзяцца па сваіх кутках, як цяпер кажуць, «па інтарэсах»; успамінаюць былі і небыліцы, прыгожае і сытае жыццё на волі, расказваюць цікавыя выпадкі і анекдоты. Ёсць выдатныя апавядальнікі-імправізатары. Яны па некалькі дзён расказваюць «романы» накшталт «Прыгод Мікодыма Дызмы», «Таямніцы палаца на востраве святой Магдалены». Яны найбольш хлусяць пра шыкоўныя палацы, пра каханне прынцэсы да бандыта, пра смелыя налёты і неверагодныя ўцёкі. Адзін з лепшых «раманістаў» Уладзімір Мяжэвіч. За гэта ён вызвалены ад вынасу парашы і збору посуду. Асабліва крымінальнікі слухаюць яго з разяўленымі ратамі, а ён вядомыя сюжэты аздабляе такімі падрабязнасцямі, што ў многіх аж дух займае.

Вечарамі стыхійна пачыналіся канцэрты. Васіль Шашалевіч ціха пачынаў сваім прыгожым тэнарам:

Спускается солнце за степи, Вдали золотится ковыль, Колодников звонкие цепи Взметают дорожную пыль.

Прыпеў: «Динь-бом, динь-бом, слышен звон кандальный, динь-бом, динь-бом, путь сибирский дальний» — падхоплівала ўся камера. Кожнае слова, як стогн, выдыхалі з глыбіні душы. У многіх на вейках блішчалі слёзы. Наглядчыкі стукалі ў дзверы: «Прекратить! Староста, пойдешь в изолятор!» Песня пераходзіла на шэпт, але не змаўкала. Яе змяняла напісаная некалі нашым земляком Іванам Гольцмілерам папулярная на ўсіх этапах, у царскіх турмах «Слушай!». Тут ужо не зважалі на стук наглядчыкаў, больш за сотню глотак цягнула: «Слу-у-шай!» Калідорныя прыадчынялі дзверы, слухалі самі і толькі прасілі спяваць цішэй. Шашалевіч і Удовін дуэтам выконвалі «Не искушай», «Средь шумного бала», пісьменніцкі хор спяваў «Зорку Венеру». Аднойчы з вуліцы пачуліся воплескі.

Мы з Сяргеем Ракітам часта дэкламавалі вершы Купалы, Багдановіча, Багрыцкага, Маякоўскага, Лугаўскога. Струнеўскі на грабянцы з папяроснаю паперкаю імітаваў ігру на балалайцы і дайшоў да такой віртуознасці, што здавалася, гучыць сапраўдная балалайка.

Праз некалькі дзён у камеру ўварваўся начальнік корпуса і некалькі наглядчыкаў.

«Стараста, здаць балалайку!» — «Якую балалайку? Сюды іголку нельга пранесці, не тое што балалайку». — «Не аддасі сам, на дзесяць сутак загрыміш у карцэр, а камеру пазбавім прагулак і перадач». Усе маўчалі. «Прыступайце!» — загадаў ён наглядчыкам. Тыя рынуліся ператрасаць арыштанцкія транты, лазілі пад нары, капаліся ў печы і нічога не знайшлі.

«Гайдукевіч, прамым ходам у карцэр!»