Што такое карцэр у колішняй магілёўскай турме, я адчуў уласнай скурай і касцямі. Не давядзі гасподзь нікому туды трапляць. Горшых я не бачыў. Гайдукевіч стаяў па камандзе «смірна», камера маўчала. Да начальніка падышоў Струнеўскі са сваім грабянцом і зайграў «Турэцкі марш» з усімі пералівамі і варыяцыямі. Наглядчыкі разявілі раты. Закончыў і працягнуў начальніку грабянец. «Вазьміце. А балалайка вось тут», — і ён пастукаў сабе ў грудзі… «Ну артысты, маць в-а-шу вош», — начальнік вылаяўся і выскачыў з камеры, за ім, азіраючыся на Струнеўскага, выходзілі наглядчыкі.
Калі ўсё сціхла, Васіль Антонавіч заспяваў:
Да яго далучыўся Удовін, а потым і Афтар:
I пакацілася па камеры водгуллем: «Слу-у-шай! Слу-у-шай!»
Мароз прадзіраў па скуры ад гэтага хору. Пасаромленыя наглядчыкі больш не стукалі ў той вечар, а Струнеўскі даваў цэлы віртуозны канцэрт. Васіль Антонавіч Шашалевіч стаў душою ўсіх загнаных лёсам у гэтую камеру людзей з рознымі характарамі і густамі, адукаваных і малапісьменных калгасных «тракцыстаў». Некаторыя з іх ад голаду і бясконцых цяжкіх дум трацілі прытомнасць і рэальнае ўяўленне, дзе знаходзяцца. Кожную ноч, у адзін і той жа час, прахопліваўся сівы і сухенькі дзядок, глядзеў на мноства людзей і крычаў: «Грамадзяне, калі ж гэта скончыцца? Трэці год — усё на агульным сходзе». Пракрычыць, як начны певень, паківаецца, пакруціць галавою, упадзе на пасланую на падлозе світку і засне цяжкім сном да пад’ёму, а ўвесь дзень ён сядзіць моўчкі і перабірае худыя, збялелыя без работы пальцы.
Без спадзявання і суцяшэння ў бядзе чалавеку жыць вельмі цяжка. Калі хто-небудзь занудзіцца і даходзіць да адчаю, яго ўгаворваюць і суцяшаюць суседзі, пераконваюць, што да амністыі застаюцца лічаныя дні: дваццатая гадавіна Кастрычніка вызваліць усіх невінаватых. Суцяшалі і пачыналі верыць самі. Гэтую веру падтрымліваў Коўтун. Ён пераканаўча даводзіў, што раней шкодзіў Ягода, а цяпер Сталіна ашуквае Яжоў. Заявы ад зняволеных і іх родзічаў адкрыюць праўду Генеральнаму сакратару ЦК, і ён выправіць усе памылкі і перагібы.
Як мы чакалі Кастрычніцкага свята! Нават самыя песімісты на нешта спадзяваліся. Амаль усе гэты дзень адзначалі своеасаблівым «балем»: тыдзень па лустачцы эканомілі хлеба і па драбочку цукру, на сёмы дзень набіралася цэлая пайка. Свята можна было адзначыць дзвюма пайкамі, кубкам салодкага чаю і ўспамінамі пра апошняе свята на волі.
Пасля вячэры быў святочны канцэрт: Сяргей Ракіта чытаў раздзелы з рэвалюцыйных паэм Маякоўскага, я дэкламаваў «Смерть пионерки» Багрыцкага, потым спявалі «Вяршавянку», «Наш паравоз, вперед лети», «Широка страна моя родная». Асабліва натхнёна гучалі радкі: «Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек».
Прайшло свята, і нашы спадзяванні на амністыю канчаткова рухнулі. Спахмурнеў і замоўк Коўтун. Змрочны, ён сядзеў, падкурчыўшы ногі, на ржавым жалезным ложку, падзываў субяседнікаў, але ўсе абміналі яго, нібыта ён адмяніў абяцаную амністыю. У абед адчыніліся дзверы, на парозе чалавек гадоў трыццаці пяці падняў рукі і закрычаў: «Ура! Таварышы! Я жыву. Я самы шчаслівы чалавек!» Да яго падбеглі «заготзярноўцы» Радкевіч і Фрэнкель, абдымалі, цалавалі, выціраючы слёзы, павялі толькі што памілаванага ад пакарання смерцю свайго таварыша Дамброўскага. Гэта ён быў так рады, што расстрэл замянілі на 25 гадоў катаргі. Выходзіць, катарзе можна радавацца.
Як толькі акрыяў, Дамброўскі расказваў пра свае пакутныя ночы: днём смертнікі спакойныя — спяць, шнуруюць па камеры, а з набліжэннем вечара расце трывога, пасля адбою апаноўвае страх, што здаецца, вось-вось выскачыць сэрца: насцярожвае кожны стук, кожны крок, кожны шолах, здаецца, вось твая апошняя хвіліна, а зарыпіць у замку ключ, кроў адлівае ад галавы і ад сэрца, траціцца прытомнасць і згінаюцца саслабелыя ногі. Некаторыя наглядчыкі заходзілі ў камеру без патрэбы, распытвалі пра здароўе, самаадчуванне, груба жартавалі, а для смертнікаў гэта былі страшэнныя пакуты. Калі зачыняліся дзверы, апаноўвала радасць, што яшчэ не вядуць туды, адкуль няма звароту, і вярталася надзея на літасць. Часта да Дамброўскага падсаджваўся Шашалевіч і далікатна распытваў пра адчуванні і думкі чалавека ў самай страшнай камеры.
У канцы лістапада пачалі па некалькі чалавек высмыкваць на этап. Адзін за адным знікалі таварышы. Былі кароткія развітанні, абдымкі, запаміналі адрасы родзічаў, каб потым спісацца. Наіўныя мы былі летуценнікі — так ніхто нікога і не знайшоў, ніхто не адгукнуўся. Хутка зніклі Баранавых, Шашалевіч, Багун, Мікуліч, Астапенка, Скрыган і Хадыка. На парозе мы абняліся з Васілём Антонавічам. «Трымайся. Ты ж малады. Можа, пашанцуе вырвацца жывым. Бывай». Мы абняліся. Так я з ім ніколі больш і не спаткаўся, а расказаць пра трагічны лёс гэтага чалавека выключнай дабраты, таленту і сумлення па праву памяці, па абавязку апошняга сведкі я павінен.