Як жа мой недавараны крупнік? Ці дазнаецца Алесь, куды мяне пагналі? I я ж не ведаю нічога. Тут усё засакрэчана: забіраюць чалавека, і ён знікае назаўсёды. За вахтаю нас прынялі два стралкі. Былога «дамушніка і скокара» Васю Лебедзева прызначылі брыгадзірам пагрузачнай брыгады, і патупалі мы на дзевяты лагпункт, у свой новы прытулак.
Злодзей у законе можа пазбавіцца ўсяго, толькі не стракатай коўдры і падушкі. Яны — адзнака прыналежнасці да вышэйшай блатняцкай лігі. На этапе «шмоткі пахана» звычайна носіць «шасцёрка» — хлапчук-папіхач, бездакорны выканаўца волі гаспадара. Скарб нашага брыгадзіра нёс рылаценькі, вуграсты, з шчылінкамі вочак Ванёк «Сіпоўка», а тонкі, сухапары Лебедзеў у хромавых ботах з закасанымі халяўкамі нервова цвыркаў праз зубы слінаю і грэбліва пазіраў на сваю брыгаду дахадзяг і часам бурчаў: «Бля… буду, адкуль вас набралі, столькі фіцілёў? Ну і рабатнём у рот мазанаму начальнічку. Толькі падавай вагоны!» — «Разг-а-а-вор-чыкі!» — крычыць канваір. «А страявога песняка можна ўрэзаць, гражданін начальнік?» — «У кандзеі заспяваеш, а тут не вякай. Давай шыра шаг!»
З лесу выйшлі на вузкі і доўгі чыгуначны прагал. Лагерная аднакалейка працягнулася больш як на сто кіламетраў. Едзеш па ёй — абапал векавыя лясы, зрэдку станцыйныя будачкі і склады — больш нічога не ўбачыць самае пільнае вока. У таежным гушчары за тры-пяць кіламетраў ад чыгункі за калючым дротам — зоны лагпунктаў і мноства падкамандзіровак, з вышкамі, баракамі, кандзеямі, сваім жыццём, сваімі трагедыямі, пакутамі, слязьмі і смерцямі. Колькі ў гэтых колішніх Шарамецеўскіх лясах гібее нашага брата, ніхто дакладна не ведае і не скажа.
Мы перасеклі чыгунку і выйшлі на лясную дарогу. Свеціць сонца, з галінкі на галінку пырхаюць дразды і сініцы, трымціць павуціна, ускрай дарогі гайдаюцца сінія званочкі і лапушыцца папараць. Ідылія. А нам да гэтых званочкаў і папаратнікаў можна дайсці толькі з куляй у патыліцы і ўпасці на цёплую зямлю, да адзінага ратунку ад пакут і безнадзейнасці. Злева пачаліся бясконцыя склады дроў і дзелавога лесу, да іх падведзены чыгуначны «вус». Вось-вось пойдуць адзін за адным саставы паражняку, і не будзе ні дня, ні ночы, толькі: «Давай! Давай! Варушыся, у бога душу, аглаеды, шкоднікі, зрыўшчыкі плана!» Запалаюць начамі вогнішчы і квачы з мазутам, пагрузку зменіць падноска за трыста метраў, будзеш несці бервяно і засынаць на хаду, спатыкацца аб пні, падаць, збіваць калені і ўрэшце «заражаць туфту» ў пульманаўскіх вагонах.
Лебедзеў зірнуў на бясконцыя штабелі: «Ну, мазурыкі, от вам і фронт работы. Укалвай, пакуль пуп не развяжацца. Памантулім начальнічку і сабе на «досрочное освобождение». — «Яшчэ вякнеш, загрыміш з вахты ў кандзей», — аж кіпіць канваір. «Кандзей для людзей, а свабода для блядзей», — агрызаецца брыгадзір, і аўтарытэт сярод сваіх расце.
Вось наш і новы прыстанак. Ого! Тут толькі адна палатка. Вялікую плошчу квадратам акаймоўваюць доўгія баракі, відна сталовая з высокім ганкам, пякарня, капцёрка, санчасць і, вядома, пад вышкаю ў асобнай зоне кандзей. Хіба ж можна ў турме ды без турмы? Палічылі і запусцілі ў пусты барак. Там-сям на голых нарах скручаныя нейкія шмоткі і некалькі пацёртых стракатых коўдраў. Значыць, ёсць свае «законнікі». Малады аднавокі днявальны да пояса голы, аж сіні ад наколак. На грудзях і на спіне цэлая карцінная галерэя, і ўсе сюжэтныя малюнкі выкананы кваліфікавана, у рэалістычным плане: вось арол нясе ў кіпцюрах прыгажуню, русалка з рыбіным хвастом іграе на гуслях, на руках краты, кінжалы, крыж і надпіс: «Не забуду мать-старушку». Над левым і правым саскамі — профілі Леніна і Сталіна. Такія наколкі ў многіх лагерных старажылаў. Яны пераконаны, што з гэтымі татуіроўкамі іх ніхто не адважыцца расстраляць. Не ведалі бедалагі, што звычайна страляюць у патыліцу. Сапраўды, «блажен, кто верует». Днявальны нам адводзіць правы край барака. Лебедзева ён ужо ўсёк і дае месца на тапчане, падобным на ложак. Я адзін чужы сярод уркаганаў. Як яно будзе? Вырашыў: з ваўкамі жыць, па-ваўчынаму выць. Не, я не стаў ні злодзеем, ні фармазонам (аферыстам), ні карцёжнікам, але і сябе ў крыўду не даваў. У шалмане я назіраў мноства зламаных лёсаў, маральнае падзенне, жорсткасць і сентыментальнасць у адной асобе, бязлітаснасць і чуласць ад «душещипательных романов». Я бачыў, як дзялілі і хавалі крадзенае, як прагульвалі ў «буру» і «штос» чужыя шмоткі, маглі прагуляць чалавека і забіць першага, хто пройдзе за акном. Аднойчы прагулялі шынель і шапку начальніка лагпункта. Пастукаўся да яго ў кабінет дахадзяга, доўга «пудрыў мазгі» нейкімі просьбамі, нават слязу пусціў, а калі начальнік адвярнуўся да тэлефона, дахадзяга знік з кабінета. Праз паўгадзіны начальнік агледзеўся, што на вешалцы няма ні шыняля, ні шапкі. Колькі ні шукалі, не знайшлі. Дахадзяга прыпухаў у ізалятары, а шыняля не было. Давялося начальніку выкупіць сваю форму за некалькі буханак хлеба і дзесяць дадатковых абедаў нашай брыгадзе.