Выбрать главу

Неўзабаве на вахце ўдарылі жалязякаю па вагонным буферы: ад-бой. Хочаш не хочаш, лажыся. Калі пашанцуе, — сон — адзінае збавенне ад усіх пакут і страшных дум. Чалавек ужо прызвычаіўся, што ён нікому не патрэбен, што яго могуць расцерці, як муху, але ўсё ж чапляецца за жыццё, на нешта спадзяецца, верыць, што яго голас нехта пачуе і выратуе з гэтага пекла. Цяжкі і трывожны сон — і збавенне і пакута. Зноў прыходзяць кашмары допытаў, начныя «стойкі», «канвееры» па трое сутак. Нарэшце знясіленага цягнуць у адзіночку. Адзіны паратунак — зваліцца на тапчан і заснуць, але дзе там заснеш: да адбою класціся забаронена. Садзішся на ўмураваны ў сцяну зэдлік, падпіраеш рукою шчаку, павекі заплюшчваюцца самі. Стук у жалезныя дзверы — не спаць! I так да вечара. Адбою чакаеш, як збавення. Толькі прылёг, праваліўся ў бездань, адчыняецца жалезнае акенца, стук ключом: «На «Гэ» — на допыт. Жыва! Жыва!» Адразу не ўцяміць, дзе ты, што з табою, а дойдзе — дрыжыкі працінаюць наскрозь. На ўсё жыццё запомніўся пах пракураных «Беламорам» калідораў следчага корпуса, перасвіст «вывадных», каб не сустрэліся арыштанты, як прывіды, упаўзаюць у памяць шэрыя ад папяроснага дыму і злосці, калюча-сухія, здзекліва-ўсмешлівыя і сытыя абліччы следчых, і жах апаноўвае зноў. Шчасце, што гэта сон, што допыты — у мінулым.

На голых нарах храпуць, трызняць, варочаюцца, стогнуць, чухаюцца ад страшэннага свербу няшчасныя людзі. Мы ж месяц не распраналіся, не мыліся, рубцы залубянелай, як бляха, бялізны, як асцюкамі, забіты шэрымі паразітамі. Калі распранемся? Калі памыемся? Пакуль што ніякіх надзей. Палатка заінела з сярэдзіны, мерзнуць рукі, не знятая на ноч шапка прымерзла да брызенту, здранцвела шыя, страшна паварушыцца, а ў шэсць гадзін пад’ём. Колькі ж цяпер? Паўтара года я не бачыў гадзінніка, але беспамылкова дзейнічае біялагічны. Што мяне чакае заўтра, як пачнецца першы дзень лесаруба? Што абую? Што адзену? Куды пагоняць? Што скарачаюць лучковая піла і канадскі тапор, жыццё ці тэрмін?

Так у палоне пытанняў і ў тумане трызнення я нерухома ляжаў на трошкі падсушаных уласным целам нарах. Хацелася забыцца, хто я і дзе я, але трэск замерзлай палаткі, храп, мармытанне, стогны і крыкі суседзяў у сне вярталі ў страшную рэальнасць. Толькі праваліўся ў нейкую глыбокую прорву, адчуў бязважкасць і застыў у палёце, як ударылі на вахце ў буфер: «Пад’ём! Па-а-д’ё-ом!» Днявальны запальваў капцілкі, адразу шэрая маса заварушылася на нарах, нацягвалі яшчэ мокрыя штаны і целагрэйкі, а мы нейкімі матузкамі шнуравалі свае чаравікі, твары здаваліся сінімі з чорнымі праваламі, лесарубы шукалі лапці і парцянкі, за патрэбаю выскаквалі за дзверы палаткі, а следам урываліся клубы белае пары, нібыта воблакі на нябёсах. Вакол палаткі снег быў жоўты, папраточваны чалавечымі струменямі. Трошкі далей адыходзілі, чэрпалі далонямі шурпаты снег, расціралі рукі і твар: ні вады, ні ўмывальнікаў не было. I ўсё бягом, усё «Давай! Давай!». З гэтым «давай» уставалі, пласталіся на лесасецы і звальваліся на нары з адбоем.

Брыгадзіры раздавалі пайкі хлеба. Гэта была сапраўдная латарэя: адзін адварочваўся, брыгадзір трымаў пайку і пытаўся: «каму», той называў прозвішча. Шчасліўцу трапляла гарбушка. З ім спрабавалі памяняцца з прыдачаю на цыгарэту махоркі. Але дзе там! Такая ўдача бывала не часта.

У палатку ўварваўся раз’ятраны Віцёк. «Што ж вы, маць вашу, цераз пень-калоду, контрыкі, сабатаж разводзіце, усё яшчэ мітынгуеце, бляхі, ёдам мазаныя! Ану, вылятай, аглаеды, без апошняга!» — I, стоячы пры расчыненых дзвярах, хрысціў кантовым дрынам кожнага, хто не ўправіўся апярэдзіць суседа. Строем ішлі ў сталоўку, — па вокны ў зямлі засыпны з дошак барак, поўны пары, гоману і тлуму. Упершыню бачу міскі, вытачаныя з бярозавых чурак, набрынялыя, слізкія і кіслыя. Няхай сабе, абы былі поўныя, а ў іх недавараны турнэпс, хвасты і галовы салёнай траскі.