Выбрать главу

На вахце начальнік канвою фанернаю дошчачкаю грэбліва адкідае нашы здвоеныя рады, запісвае на фанерцы трыццаць дзве душы і папярэджвае брыгадзіра, што ён за кожнага адказвае галавою. На дзялянцы сустракае дзесятнік, круглавокі, сярэдняга росту і веку мужчына ў новых валёнках і ватных штанах, зграбным чорным паўкажушку, з трошкі заінелымі закручанымі вусікамі. «От твая дзялянка, Селязнёў, расстаўляй сваю брыгаду «ух», толькі так, каб не перабілі адзін аднаго. Паняў? Цяпер слухайце сюды: норма ў нас на сто працэнтаў такая: зваліць, ацерабіць, спаліць сучкі, распілаваць хлыст на паўметровыя чуркі, перакалоць іх, скласці ў штабель вышынёю метр дзесяць сантыметраў, даўжынёю… Колькі, вы думаеце, трэба на тры і тры дзесятых кубаметра?.. шэсць і шэсцьдзесят сотых метра, а на дваіх у два разы болей. Гэта і ёсць сто працэнтаў — шэсцьсот грамаў хлеба, другі кацёл і неабмежавана свежае паветра. Зразумела, мужыкі? Тады — за работу. Улічыце, валіце дзеравіну, крычыце, каб сцерагліся суседзі, а то вы самі сабе смяротныя прысуды вынесеце. Расстаўляй, брыгадзір». Дзесятнік ляпнуў па халяве доўгім кійком з сантыметровымі дзяленнямі і знік у падлеску. Брыгадзір удакладніў: «Невыкананне нормы — трыста грамаў, штрафны кацёл, ноч у кандзеі, а раніцай — на развод». Ён расставіў пары далей адну ад аднае, лейтэнанта Ягорава без напарніка прызначыў «кастражогам», а мы з Валодзем пачалі абтопваць камлі тонкіх бярозак. Пакуль поўзалі па снезе, яшчэ не пілаваўшы, абодва выбіліся з сіл. Дзіва што! Паўтара года без руху, у душных камерах, на пайцы і місцы баланды раз на дзень. Адкуль узяцца той сіле? Але трэба варушыцца. Укленчылі і пачалі пілаваць шурпаты камель тонкай бярозкі. На сярэдзіне, як абцугамі, заціснула пілу. Колькі ні тузалі — ні з месца. Падсеклі, я ўпінаўся плячом і галавою. Валодзя цягне пілу, а яе зноў заціснула. Нарэшце жывасілам звалілі сваю першую бярозку, яна з гулам крышыла падлесак і ўпала ў пульхны снег. Сяк-так абсеклі вецце, паспрабавалі пілаваць, зноў заціскае пілу. Падважваем, круцімся, спатыкаемся, падаем, умакрэлі, змагліся і нічога не напілавалі.

Непадалёк каля вялізнага, замеценага снегам лаўжа рукавом шыняля выцірае слёзы, ад адчаю ці ад дыму, лейтэнант Ягораў і ніяк не можа ўпаліць адсырэлае сучча. Мы трохі аддыхаліся і звалілі яшчэ адну бярозку, і яна патанула ў снезе, і зноў заціскае пілу. Выбіліся з сіл, а выніку ніякага. Значыць — трыста грамаў, ноч у кандзеі, а заўтра і на такую работу не хопіць сіл. Перспектыва адна: да вясны загнёмся. «И никто не узнает, где могилка твоя». Селі на недарэзаную бярозку і заплакалі ад крыўды, ад бяссілля, ад голаду і холаду, ад жалю да сябе і блізкіх. Зноў вярэдзіць неадступнае пытанне — за што? Незаўважна падышоў дзесятнік. «Вось гэта рабатнулі. Ну, стаханаўцы… нічога не скажаш. А я ішоў кубікі прымаць. I той ваяка, — ён кіўнуў на Ягорава, — соплі распусціў. I не сорам, дарослыя мужыкі. Ты кім быў на волі?» — спытаў у Мяжэвіча. «Карэспандэнтам «Известий». — «Ну, і, вядома, пісалі пра стаханаўцаў поля і лесу, як яны лёгка даюць па тры нормы, а паспрабавалі і селі макам у першы ж дзень. Ладна. Хопіць вільгаць разводзіць. Усё роўна Масква слязам не верыць. Хрэн з вамі. Сёння выручу: запішу кантоўку дня ля пня і выведу шасцісотку. I таму бацяну ў шынялі нешта прыдумаю. Неяк трэба ратаваць вас… Ну і брыгадка ў Селязня». Ён памахаў сваім метровым кійком і лёгка і спрытна пайшоў туды, дзе шугалі вогнішчы, падалі дрэвы, грукалі сякеры, чуліся крыкі: «Бера-ажы-ся!» Да нас падышоў замурзаны сажаю, змерзлы Ягораў. Мы яго суцешылі абяцаннем дзесятніка. Гусцеў змрок, дагаралі вогнішчы, пераклікаліся брыгадзіры і лесарубы. Неўзабаве на вахце ўдарылі ў рэйку: «Выходзь строіцца!» Наш першы рабочы дзень закончыўся нічым. Грузаючы па снезе, зусім знясіленыя, мы ішлі на вахту каля доўгіх шурак дроў, штабеляў дзелавой драўніны, датлелых кастроў. Здалеюць жа, умеюць неяк людзі, зайздросцілі мы лесарубам.

«Карацейшы шлях…»

Ніяк не магу ўцяміць, дзе рэальнасць, а дзе трызненне і сон. Ляжу на нарах, чую гаману, сваркі, крыкі: «Укралі! Укралі! Лаві яго, гада!» Пацягнула халодным ветрам. Гляджу — насупраць у брызенце прарэзана вялікая дзірка. Праз яе зніклі дзве торбы з трантамі і пайкамі рабацяг. Пакуль абкрадзеныя беглі праз дзверы, зладзеяў і след прастыў. Глыбей нацягваю шапку, адгінаю на лоб калматы казырок, заплюшчваюся і зноў патанаю ў свет успамінаў. Але што ўспамінаць? Колькі было таго жыцця? Галоднае і пакутнае маленства, кароткае «орабачивание» на бабруйскім камбінаце, захапленне літаратурай, мары пра пісьменніцтва, жаданне служыць літаратуры да скону, зрабіць нешта значнае, стаць вядомым назло зайздроснікам, што ў вочы кпілі з мяне, дражнячы вершаплётам. Я моўчкі зносіў абразы і верыў у свой шчаслівы лёс.