Малаканаў ходзіць у будзёнаўцы, новенькім бушлаце, зграбных валёнках з закасанымі халявамі, весела жартуе з начальнікам і камандзірам узвода, запанібрата з вахцёрамі, жыве ў асобнай кабінцы, абеды яму проста з кухні носіць днявальны. Пасля штодзённай «малітвы» на вахце Малаканаў падае знак блатнаватаму гарманісту, і той рэжа адну і тую ж мелодыю «Утро красит нежным светом стены древнего Кремля». Пад музыку вахцёр пералічвае пагалоўе брыгад, а стралкі далдоняць адно і тое ж: «Шаг вправо, шаг влево … стреляю без предупреждения».
На адным з разводаў Малаканава не было, а мы так прывыклі да яго зычных «акафістаў», што здалося: нечага не хапае. Думалі, захварэў, аж не, папаўзла чутка: палымяны прамоўца і наш заўзяты выхавальнік… збег. Знік, і знаку няма. Ні аўчарка, ні стралкі так і не ўзялі след, па якім сігануў Малаканаў. А оперупаўнаважаны чэкісцкага аддзела ўсю ноч дапытваў Дарожнага, як ён садзейнічаў уцёкам Малаканава. I той расказаў шчырую праўду: за пасаду ў канторы начальнік КВЧ зняў з яго ўсё, нават бялізну, каб па лагерных пячатках ніхто не пазнаў, адкуль ён. Паліто і шапку пераправіў на конбазу раней, на гарнітур Дарожнага нацягнуў новенькі бушлат, нібыта пайшоў на станцыю Пастой па плакаты, прысланыя з упраўлення. Як пайшоў, так і след прастыў. Схапіліся толькі на другі дзень, калі «прапаведнік» не выйшаў на развод. Потым выявілася, што Малаканаў зусім не Малаканаў, а славуты ў злачынным свеце аферыст, якога шукаюць па ўсёй краіне. Ён здабыў сабе прыстойную «ксіву» (дакумент), павандраваў па Волзе і Каўказе, а калі адчуў, што можа ўліпнуць за ранейшыя буйныя злачынствы, украў нейкую дробязь, так, каб адразу злавілі. Далі яму чатыры гады, і ён схаваўся на нашым лагпункце, каб пераседзець небяспеку. Занудзіўся па сапраўднай «рабоце» і знік, каб пачаць гастролі па асноўнай спецыяльнасці.
Няшчаснага Дарожнага затузаў «кум» за садзеянне ўцекачу, але, відаць, Сяргей неяк разжалобіў упаўнаважанага, што той не павесіў на яго новы артыкул і тэрмін, а выгнаў з цёплага месца ў дахадзяжную брыгаду лесарубаў. Там Дарожны і скіс. А мы патроху акрыялі: зрэдку з дому пачалі прыходзіць пасылкі. Сям’і ў мяне ўжо не было, але дзядзька з Глуска часам прысылаў сухары, рукавок фасолі, кавалак сала і пачак кускавога цукру. Мае сябры мелі добрыя пасылкі ад блізкай радні, але ніхто не жаваў хатнія прысмакі з кулака, усе дзяліліся чым толькі маглі. Павесялела наша брыгада. Не таму, што стала пілаваць звыш нормы, а ўсе навучыліся заганяць «туфту» — па тры разы здаваць адны і тыя ж кубікі.
Дарожны яшчэ не ўцягнуўся ў работу і не засвоіў лагерную прамудрасць, і з волі была малая дапамога ад адзінай слаба забяспечанай сястры. Хадзіў Сяргей маўклівы і змрочны. У лесе не выцягваў на другі кацёл, слабеў з кожным днём і думаў, як вырвацца з лесапавалу. Дачуўся, што недзе ёсць сельскагаспадарчыя лагеры. Яны яму здаваліся збавеннем — і работа лягчэйшая, і першая морквіна ці бульбіна, хоць сырая, перападзе, а там, глядзіш, і гурочак не абміне. I наважыўся пісаць заяву, што ён аграном і просіць скарыстаць яго па спецыяльнасці. Я яго ўгаворваў нікуды не зрывацца ад сваіх, не паслухаўся, адправіў заяву ў Другі аддзел упраўлення. «Які ж ты аграном? Выкрыюць падман і загоняць на штрафны», — ушчуваў я яго. «Хіба я не ведаю, як бульбу саджаць. А выкрыюць — пайду радавым рабочым. Рыдлёўка і капаніца ўсё ж лягчэй за пілу, ды і перападзе якая гародніна, а тут я загнуся галоднай смерцю». Мы бачылі, як ён пакутуе на сваёй маленькай паечцы, дапамагалі як маглі. Напрадвесні яго выклікалі на этап па спецнарадзе. Мы развіталіся каля вахты; я больш ніколі не сустракаў Сяргея і нічога не ведаў пра яго лёс аж да шасцідзесятых гадоў. А лёс склаўся трагічна.