Выбрать главу

Якуб Раманавіч Брайцаў нарадзіўся 19 лютага 1861 г. у сяле Забялышын Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні[8] ў сялянскай сям’і. Па ўспамінах сваякоў, бацька быў суровым і працавітым гаспадаром, сваіх дзяцей выхоўваў у бесперапыннай, часам знясільваючай, працы і выключнай дысцыпліне. Сам жа пісьменнік згадваў: «Суровый отец мой не любил шутить делом»[9]. У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей: сыны Якуб, Іван, Васіль і дачка Марыя. Усім траім Раманавым сынам, дзякуючы прыродным здольнасцям і выхаванай змалку працавітасці, суджана было атрымаць выдатную адукацыю і стаць вядомымі людзьмі свайго часу: Іван (1870–1947) стаў матэматыкам, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам; Васіль (1878–1964) – знакамітым хірургам, вучоным у галіне эксперыментальнай і клінічнай хірургіі, прафесарам, сапраўдным членам Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Самым вялікім рамантыкам у сям’і, з юначых гадоў здольным да філасофскага аналізу стану рэчаў, да ўспрыняцця літаратурных твораў так, каб аж не спаць усю ноч ад хвалявання, быў старэйшы сын Якуб. Гэтая акалічнасць не спрыяла трываласці адносінаў з бацькам, які, па-ўсяму, не падзяляў імкненні сына да спраў, што адбіралі час у непраходзячых гаспадарчых клопатаў. На яго, як на старэйшага, ускладваліся абавязкі і надзеі прадаўжальніка сялянскай гаспадарскай традыцыі, кармільца, і не з прыхамаці бацькі, а па адвечным беларускім звычаі. Ён жа гэты звычай намерыўся парушыць і ў вачах усёй вясковай грамады быў дзіваком і адступнікам. Але колькі такіх маладых вяскоўцаў было ў той час у Беларусі, якія адважыліся ламаць спаконвечныя законы, адчуваючы сваю наканаванасць быць у літаратуры, музыцы, навуцы.

Якуб Брайцаў скончыў пачатковую школу ў родным Забялышыне прыблізна ў 1873 г. і паступіў у павятовае вучылішча ў Клімавічах. Менавіта тут ён пазнаёміўся з магутным талентам А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Лермантава, М. Някрасава. На ўсё жыццё яму запомніліся прыватныя вечары ў Клімавічах, дзе ён зачаравана слухаў мастацкую дэкламацыю іх твораў і яго ахоплівала неверагодная радасць і хваляванне. Юнак меў вялікую мару «выйсці ў людзі»: старанна вучыўся, спасцігаў не толькі літаратуру, але і матэматыку, геаграфію, іншыя навукі. Пасля сканчэння прыблізна ў 1878 г. павятовага вучылішча, будучы на раздарожжы і пакуль яшчэ падпарадкоўваючыся волі бацькі, ён застаецца ў Забялышыне і працуе памочнікам пісара Забялышынскай управы. У хуткім часе адпраўляецца шукаць шчасця на Украіну і ўладкоўваецца канторшчыкам на цукровы завод памешчыка Цярэшчанкі[10]. Але праз два гады Я. Брайцаў вымушаны быў вярнуцца ў сваю вёску «на прызыў» у салдаты. Ад вайсковай службы быў вызвалены як старэйшы сын у сям’і, але і на гаспадарцы заставацца не захацеў. Насуперак бацьку вырашыў ехаць у Маскву. Была ў яго і аднадумца – Праскоўя Кілесава, фельчарка мясцовай бальніцы, нявеста. З ей і адправіўся ў далёкі шлях. На паштовай станцыі Звянчатка (паміж Крычавам і Рослаўлем) маладыя павянчаліся. Іх чакалі выпрабаванні беспрытульнасцю і беднасцю і ўрэшце здабыты цяжкай працай дабрабыт, а пасля вялікае расчараванне дваццаці год маскоўскага жыцця.

У Маскве Якуб Брайцаў уладкаваўся на працу ў кантору садавода Ф.Ф. Ноева[11], дзе адразу паказаў сваю дасведчанасць у вядзенні спраў. У хуткім часе атрымаў пасаду бухгалтара, што гаворыць не толькі аб яго выключных здольнасцях і працавітасці, але і аб імкненні і жаданні набываць усё новыя веды. Наўрад ці мог бы ён атрымаць такую пасаду, каб не пастараўся прайсці адпаведную падрыхтоўку. Нягледзячы на тое, што праца бухгалтара давала яму добрую магчымасць утрымліваць сям’ю, а пасля і арганізаваць выданне кніг, бухгалтарам па натуры ён не быў. Я. Брайцаў шукаў шлях у літаратуру. Увесь вольны час аддаваў вывучэнню рускай і сусветнай класікі, сістэматычна наведваючы ў Маскве Румянцаўскую бібліятэку. Пад уражаннем твораў рускіх пісьменнікаў піша вялікую аповесць «Богачи», якая выйшла асобным выданнем у друкарні Кушнярова[12] ў 1889 г., адначасова стварае аповесці «Невдашечка Анюта», «Старая деревня», першую з якіх рыхтуе да выхаду ў той жа друкарні Кушнярова. У гэты час сям’я Я. Брайцава, дзякуючы яго нястомнай працы і выданню «Богачей», жыве ў матэрыяльным дастатку. Якуб Раманавіч нават бярэ на ўтрыманне сваіх малодшых братоў і дапамагае паступіць ім у Маскоўскую гімназію, а пасля і ва ўніверсітэт. Так што «выйшлі ў людзі» яны не без удзелу свайго старэйшага брата. Можна меркаваць, што Я. Брайцаў, без перабольшання, дзякуючы выданню сваёй таленавітай аповесці, стаў адметнай асобай у маскоўскім літаратурным асяроддзі. Ён знаёміцца з многімі пісьменнікамі, яго майстэрства адзначае Л. Талстой, а пасля не аднойчы прымае Я. Брайцава ў сваім доме. Геніяльны рускі пісьменнік, як заўважыў Ф. Дамінікоўскі, зрабіў бясспрэчны ўплыў на фарміраванне яго светапогляду і пад уражаннем іх знаёмства Я. Брайцаў напісаў псіхалагічны эцюд «Иуда».

вернуться

8

Цяпер Хоцімскі р-н Магілёўскай вобл.

вернуться

9

Радкі з аўтабіяграфічнай аповесці «Дудолева лоза».

вернуться

10

Вядомы на той час 2 уладальнікі цукровых заводаў у сучаснай Жытомірскай вобл. Фёдар і Мікалай Цярэшчанкі. Фёдар Арцем’евіч Цярэшчанка пабудаваў цукровы завод у 1870 г. у м. Чырвоным. Недалёка ад Чырвонага знаходзіцца Андрушаўка, дзе цукровым заводам валодаў Мікалай Арцем’евіч Цярэшчанка.

вернуться

11

Ф.Ф. Ноеў, садавод-прамысловец, уладальнік лепшых кветкавыхкрамаў Масквы. У 1883 г. набыў т. зв. Мамонаву дачу, дзе заклаў прамысловае вырошчванне кветак.

вернуться

12

І.М. Кушняроў (1827–1896), рускі пісьменнік, выдавец. У 1869 г. заснаваў у Маскве друкарню, якая стала адным з лепшых паліграфічных прадпрыемстваў.