Выбрать главу

Немцы ж пакуль нічога не абяцалі і нікога не крыўдзілі. Нават курэй не стралялі. Ды хоць бы і стралялі - не апошняе ж забіралі! Навучаныя, лохвіцкія даўно панарабілі ў лесе надзейных сховаў, дзе трымалі тое, што выратуе ў ліхія часіны.

А дзед Васільевіч адрамантаваў леснічоўку, дзе й жыў большасць часу. Паляваў дзічыну, у тым ліку і сур’ёзную, сушыў рыбу, збіраў ягады-грыбы, вядомыя яму зёлкі, трымаў з пяток борцяў, а як сціхлі баі, нацягаў з акопаў рознае зброі: гранаты, вінтоўкі, аўтаматы, патроны, нават кулямёт спраўны. Была і любімая цацка: вінтоўка з аптычнаю прыладай, якая надта ж надалася для паляўнічых спраў. Здабытае ў лесе і назапашанае адносіў у Лохвіцу, адкуль, наведаўшы лазню і замяніўшы сподняе, вяртаўся з хлебам, іншай ежай, часам - з пляшкай выгнанага Васіліхай для сябе.

Але тое, што ён пачуў ад пляменніка, дзеда растрывожыла. Ён і сам чуў, як надоечы ўначы над лесам гуў самалёт. Зразумела, гэта савецкі лятак быў, бо што немец будзе ноччу над лесам рабіць? А вось тое, што Мішка знайшоў у балоце каля чыгункі дзве вялікія торбы, было нярадаснай навіною. Торбы, прымацаваныя да парашута, ляжалі на зямлі, і пэўна ж былі скінутыя ў тую ж ноч. А гэта значыла, што на парашутах выкінулі і людзей.

Таму дзед Васільевіч, калі вярнуўся да леснічоўкі, вырашыў зранку пахадзіць па лесе і пашукаць гасцей. З тым і заснуў. Ды абудзіўся не сам. Мішка заляцеў у хатку і з парога выпаліў:

- Уначы ў Лохвіцы савецкія былі!

- Якія савецкія? - не зразумеў дзед. - Яны ж паўцякалі.

- Ага, паўцякалі... Парашутысты прыходзілі, аўтаматамі палохалі.

- Адкуль ты ведаеш, што гэта парашутысты?

- Самі казалі: маўляў, іх скінулі, каб тут немцаў страляць. А потым набралі есці, прымусілі самагон прынесці, кур пахапалі. Васіліха было запярэчыла, дык ёй аўтаматам у грудзі сунулі так, што звалілася на падлогу.

- Толькі ў нас былі? - пацікавіўся дзед.

- Ці не па ўсёй вёсцы прайшліся. Крычалі, што пастраляюць-папаляць, калі ежы не дадуць. У коўдры загортвалі, ледзь пацягнулі тое, што набралі. Сказалі, хутка зноў прыйдуць. Ну, я іх сустрэну!

- Ты, гэта!.. - ускочыў з печы дзед. - І не спрабуй! Малы яшчэ з савецкімі заядацца. Сядзі як мыш пад печчу. Я сам іх пашукаю ды дазнаюся, хто такія і ці надоўга да нас. А колькі іх было?

- Ушасцёх па хатах гойсалі. Але, відаць, яшчэ ў лесе колькі іх ёсць.

- Напэўна... - ці не самому сабе сказаў Васільевіч. - Добра, ідзі ў вёску. І не спрабуй што-небудзь удумаць! Я сам заўтра ў Лохвіцу прыйду.

“Толькі савецкіх тут не хапае! - разважаў Васільевіч, ідучы лесам. - Чалавек з дзесяць іх, напэўна. У немцаў страляць пачнуць, а тыя ж не будуць доўга думаць, хто і чаму страляе. Атрымаюць усе, напоўніцу... Як адшукаю іх, скажу, каб немцаў стралялі як мага далей ад Лохвіцы... Але дзе іх шукаць? Ну, як у вёску прыйшлі, значыць, атабарыліся не ў глыбіні лесу, а недзе бліжэй да вады. Наўрад ці пасунуліся ў вёску праз мост: рызыкоўна. Значыць, ішлі полем, перабраўшыся праз рэчку... Ну так, няйначай!”

Колькі гадоў таму бура паваліла вялікую сасну, што расла на самым беразе рэчкі, і для сялян шлях у лес істотна скараціўся. Да ўпалага дрэва прыладзілі парэнчы, таму праз рэчку магло перабрацца нават дзіцё. Прыкінуўшы, што да чаго, дзед Васільевіч, паправіўшы рэмень ад вінтоўкі, рашуча накіраваўся да таго месца, дзе ляжала мажное дрэва.

Ён здалёк пачуў пах дыму.

“Партызаны, але... - падумаў ён. - Калі так вогнішча паліць будзеце, вас накрыюць, як сляпых кацянят”.

Атабарыліся парашутысты насамрэч ці не на самым ускрайку лесу. Дзед Васільевіч нетаропка накіраваўся да вогнішча і ўбачыў, як аднолькава апранутыя ў вайсковае людзі падняліся з зямлі, накіраваўшы ў бок незнаёмца зброю.

- Стаяць! - выгукнуў адзін, у якога на галаве сядзела фуражка з сіняй паласой. - Хто такі?

- Тутэйшы, - спыніўся дзед. - Вось ішоў сабе, бачу - новыя людзі.

- Ты адкуль такі цікаўны? - працягваў выпытваць, па ўсім было відаць, галоўны.

- Ды з вёскі, вунь той, - махнуў рукой дзед. - На звера іду паляваць. А тут бачу - вы.

Дзед Васільевіч налічыў вакол вогнішча дзевяць чалавек. З іх толькі адзін знешне выглядаў адрозна ад іншых: маленькага росту, з крываватымі нагамі, вузкімі вачыма і смуглым колерам твару. Ён і адзначыў:

- З такой вось вінтоўкай толькі на людзей палююць!

- Не, яно зручна і на кабана, і на вавёрку якую.