Недзе а дзясятай гадзіне раніцы ён, захапіўшы вінтоўку, пасунуўся ў бок бальшака, дзе й прыхаваўся ў хмызняку. Чакаць давялося нядоўга: хутка з боку мястэчка праехала нямецкая калона з шасці матацыклаў і адной браняванай машыны. З якую гадзіну было ціха, толькі па чыгунцы прагрукатаў цягнік: начная дыверсія, як зразумеў дзед, плёну не дала. Неўзабаве па бальшаку ў бок мястэчка праехалі машына і матацыклы, і тады дзед Васільевіч з палёгкай уздыхнуў: пэўна, у Лохвіцы абышлося, статус вёскі спрацаваў. Пакінуўшы вінтоўку ў хмызах, ён пайшоў да сваіх.
У Лохвіцы сапраўды было як заўсёды: нехта яшчэ корпаўся ў гародах, над комінамі ўздымаліся дымы, квохкалі нешматлікія куры. Ля хаты Васіліхі дзед павітаўся са сваімі.
- І што немцы? - запытаўся ён.
- А што яны? - адказала Васіліха. - Пыталіся, ці не бачылі мы тут чужых, ці не прыходзіў хто з незнаёмых у вёску.
- І што вы?
- А што мы, дурныя? Скажаш, што прыходзілі, - што зменіцца? А тыя ноччу зноў прыйдуць і пастраляюць людзей.
- Твая праўда, - згадзіўся дзед.
- Шакалад не давалі гэтым разам, жмінды, - паскардзіўся Мішка. - Толькі па хатах ды гумнах лазілі. Мусіць, зброю шукалі.
- А што шукаць? - выбухнула Васіліха. - Што, нашыя бабы з віламі на тую чыгунку пойдуць цягнікі спыняць? Гэта яны так шукалі, дзеля адчэпнага. Разумеюць жа, што гэта не нашыя ноччу там былі.
Дзед Васільевіч згодна кіўнуў і папрасіў сабраць пад’есці, а таксама мяшэчак самасаду ды якую газету.
- Дзеда, ты ж не паліш, - здзівіўся Мішка.
- Ты, гэта... Памаўчы! І памятай, што я табе казаў, - заўважыў дзед Васільевіч і пакрочыў у бок хаты нябожчыцы Марысі, дзе ягоная пляменніца Данута зранку збірала дзяцей.
Данута вучылася на медсястру, але з-за вайны не паспела скончыць вучэнне, вярнулая з горада ў Лохвіцу, дзе вырашыла вучыць малых грамаце і сякім-такім нескладаным і заўсёды патрэбным навукам. Дзеці, ад няма чаго рабіць, прыходзілі ў “школку” з задавальненнем, нават Мішка. час ад часу выседжваў на лаўцы якія дзве-тры гадзіны. Наогул дзетак розных узростаў было ў Лохвіцы крыху больш за дзясятак, але ўсе яны былі радыя вучыцца пісаць ды чытаць, рашаць арыфметычныя задачкі, гуляць з Данутай, да якой звярталіся няйначай, як пані настаўніца.
Дзед Васільевіч прыйшоў да Марысінай хаты якраз тады, калі Данута з дзецьмі бавілася на вуліцы. Прывітаўшыся, дзед адвёў пляменніцу ад дзяцей і сказаў:
- Данутка, думаю, табе варта ў мястэчка перабрацца.
- А што так, дзеду, раптам? Мне й тут добра.
- Сама ж чужых, напэўна, бачыла, - патлумачыў дзед. - Гэтыя прыбышы не па нашых панятках жывуць, і калі што, доўга думаць не прывучаныя.
- Дык што ім да мяне? - не зразумела Данута.
- А вось што. Па-першае, ты - маладая ды гожая, а яны здзічэлыя без баб. Не да Васіліхі ж ім чапляцца, зразумела? Па-другое, калі раптам дазнаюцца, што ты на медыцыну вучылася, пацягнуць з сабой у лес. І што гэта значыць, не мне табе казаць.
- Як жа я дзетак кіну? - запярэчыла Данута. - Хто іх вучыць будзе?
- Гэта - вайна, - адказаў дзед. - Час, калі аніякіх правілаў не існуе. Час, калі доўга думаць нельга. Вось і ты не думай, а рабі. У мястэчку няхай сабе і немцы, але ж - спакайней будзе. І спыніцца ёсць у каго. Уцяміла?
Словы дзеда Васільевіча прагучалі ці не як загад, таму Данута не запярэчыла, толькі моўчкі вярнулася да дзяцей. А дзед, захапіўшы ў Вісіліхі торбу з ежай і тытунём, пайшоў да леснічоўкі, забраў па дарозе вінтоўку і дарогаю думаў-прыкідваў, калі ж парашутысты надумаюцца зноў пайсці ў Лохвіцу. Выпадала, што начы праз дзве, найбольш - праз тры. Значыць, неабходна іх яшчэ раз папярэдзіць...
На тым месцы, дзе спачатку спыніліся дэсантнікі, іх ужо не было. Дзед Васільевіч рашуча пакрочыў углыб лесу, дзе хутка ўбачыў нешта накшталт новага лагера. Вакол вогнішча сядзелі сямёра, яшчэ адзін ляжаў на спіне побач на лапках яліны, накрыты коўдрай. На з’яўленне дзеда амаль не зрэагавалі. А калі крыху ўбаку ад паляны ён заўважыў горку свежага пяску, упэўніўся, што начны паход на чыгунку быў у парашутыстаў сапраўды няўдалы.
- І на якую халеру вы туды папёрліся, не зведаўшы броду? - не вітаючыся, спытаў дзед.
Яму ніхто не адказаў.
- А з гэтым што? - дзед паказаў на таго, што ляжаў на спіне.
- Кулю ў жывот атрымаў, - адказаў Карчоў і дадаў: - Не жылец.
- Мост ахоўваецца, ці не ведалі?! Я ж казаў вам, каб рабілі свае справы далей ад вёскі, там, дзе на чыгунцы патрулі толькі час ад часу. А вы дападрываліся! Немцы з самага ранку ў Лохвіцу прымчаліся, распытвалі, хто што чуў ды бачыў.