Выбрать главу

Агмаль схапіў яйка так, што раздушыў яго ў далоні, і прагна запіхаў у рот усё, што здолеў утрымаць. Сплюнуўшы колькі разоў шкарлупінне, ён выцер аб вопратку руку. Потым з вядром у руцэ выйшаў з зямлянкі, зрабіў крок і праваліўся ў снег ледзь не па пояс. Ён сапраўды дайшоў да рэчкі ці не за дваццаць хвілін, з цяжкасцю перасоўваючыся ў снезе. Ужо каля самага бервяна, там, дзе трэба было спусціцца да вады, ён спатыкнуўся і ўпаў на бок. Спрабуючы адразу стаць на ногі, абапёрся рукой аб зямлю, глыбока засунуўшы яе ў снег. У гэты момант нешта шчоўкнула, і цела вайскоўца працяў востры боль. Агмаль закрычаў, спрабуючы вызваліць руку, але ўсё, што ў яго атрымалася, гэта выцягнуць яе з-пад снегу. Пастка сціскала руку крыху вышэй за далонь, кроплі крыві падалі на снег. Патузаўшы ланцуг, вайсковец прабраўся да дрэва, дзе пераканаўся, што расшчапіць звёны шанцаў няма. Завыўшы ад разумения ўласнай бездапаможнасці, Агмаль асунуўся на снег і пачаў крычаць, спадзеючыся, што Карчоў яго пачуе. Завіруха ўзмацнялася, і ягоныя крыкі зносіла ветрам некуды ў бок вёскі...

Стаміўшыся чакаць Агмаля, Карчоў вылаяўся, начапіў на грудзі аўтамат і выправіўся на пошукі падначаленага. “Вось жа татарская морда, - думаў ён, імкнучыся трапляць след у след за Агмалем. - Няйначай, вырашыў без мяне пайсці ў вёску. Падла! У іншай сітуацыі адразу б расстраляў! Але што я тут буду рабіць адзін?”

Завея круціла свой адчайны танец, і Карчоў, арыентуючыся ў прасторы толькі па ледзь ужо прыкметных слядах, нарэшце ўбачыў наперадзе нейкую цёмную пляму.

- Гэй, татарын! - гукнуў ён. - Гэта ты?

З-за гуду ветру адказу ён не пачуў, але ўцяміў, што ягонаму напарніку патрэбная дапамога. Рашуча ступіўшы наперад, ён адразу не зразумеў, што адбылося. Нешта сціснула ягоную правую нагу, ды так, што боль ён адчуў толькі праз колькі імгненняў. Гэта быў не проста боль: здавалася, нехта спрабуе рэзаць ягоную нагу адразу з двух бакоў.

- А-а, маць тваю! - зароў Карчоў, імкнучыся выпрастаць параненую нагу. Пабачыўшы тоўсты ланцуг, ён з усяе сілы пацягнуў яго да сябе, по­тым ірвануў - адзін раз, другі, трэці. Без толку. Тады Карчоў сеў у снег, сунуў рукі ўніз, намацаўшы тоўсты метал, і зразумеў: так проста вызваліць нагу немагчыма. Таму ён зноў пачаў тузаць ланцуг, аж нарэшце папоўз у бок дрэва. Там ён, губляючы сілы, паспрабаваў рэзаць тоўсты камель нажом, усё выразней усведамляючы, што заваліць альху з дапамогай аднаго нажа - справа безнадзейная. Але ён працягваў рэзаць дрэва, аж пакуль лязо раптам не зламалася. Нага ўжо нібыта й не балела. Карчоў, разграбаючы снег рукамі, папоўз да Агмаля, аднак як ні намагаўся, не змог да яго нават дацягнуцца.

- Ты, дапамажы! - колькі разоў гукнуў ён, аднак у адказ не пачуў нічога.

“Глупа. Наколькі гэта глупа - паміраць вось так, а не ў баі”, - падумаў Карчоў, паволі перастаючы разумець, што адбываецца навокал.

Мінула колькі гадзін. Звечарэла. Завіруха пачала супакойвацца, вецер налятаў на два скурчаныя целы ўсё радзей. Неба паступова вызвалілася ад хмар, мароз усё мацней ахутваў зямлю. Колкія зоркі пераміргваліся на небе. З-за вершалін бору паволі высунуўся месяц, аднак і ў ягоным гулкім святле немагчыма было зразумець, што тут адбылося. Зіма легла на зямлю надоўга. А па вясне адзін толькі чалавек мог пра тое распавесці. Ды не стаў таго рабіць. Парэшткі вайскоўцаў дзед Васільевіч закапаў на ўскрайку бору. Пасткі пратрымаў пару дзён у рачной вадзе, пасля чаго змазаў салам, абгарнуў анучай і схаваў у леснічоўцы пад ложкам.