Выбрать главу

— Так.

— Добра.

Да іх падышоў яшчэ адзін мытнік:

— Багаж?

— Прад'яўляць мытні няма чаго.

Мытнік пайшоў далей. Корал Маскер усміхнулася:

— Гэта і ёсць граніца? Ну, у такім разе тут можна правезці кантрабандай усё, што хочаш. Багаж зусім не правяраюць.

— Усё, што хочаш, — сказаў доктар, — але толькі з ангельскім пашпартам.

Ён сачыў за мытнікам, пакуль той не знік, і не вымавіў болей ні слова, пакуль не вярнуўся Майет.

— Бадай што, зараз я магу пайсці ў сваё купэ, — сказала яна.

— Вы ў спальным вагоне?

— Не.

— Вам выходзіць у Кёльне?

— Я еду да канца.

Ён параіў ёй тое самае, што і памочнік капітана:

— Вам трэба было б ехаць у спальным вагоне.

Марнасць гэтай парады ўзлавала яе і прымусіла на хвілінку забыцца на павагу да яго ўзросту і на ўдзячнасць за тое, што ён зрабіў для яе.

— Хіба ж я магу дазволіць сабе ехаць у спальным вагоне? Я артыстка кардэбалета.

Ён глянуў на яе вачыма, поўнымі маўклівага спачування.

— Вядома ж, такіх грошай у вас няма.

— Што мне рабіць? Я хворая?

— Хіба я магу даваць вам парады? Калі б у вас былі грошы, я мусіў бы сказаць вам: вазьміце адпачынак на шэсць месяцаў, едзьце ў Паўночную Афрыку. Вы страцілі прытомнасць, бо вельмі стаміліся і замерзлі. Вядома, я ўсё гэта магу вам параіць, але ж якая ад гэтага карысць? У вас хворае сэрца. Шмат гадоў вы яго перанапружвалі.

Крыху спалоханая, яна разгублена спытала ў яго:

— Дык што ж мне рабіць?

Яму засталося толькі бездапаможна развесці рукамі:

— Нічога. Жывіце, як жылі. Старайцеся як мага болей адпачываць. Апранайцеся цёпла. Вы занадта лёгка апрануты.

Прагучаў свісток, і цягнік, уздрыгнуўшы, пачаў рухацца. Лямпы станцыі паплылі міма і зніклі ў цемры. Перад тым як пайсці, доктар звярнуўся да яе:

— Калі я вам яшчэ спатрэблюся, знойдзеце мяне ў трэцім вагоне. Маё прозвішча Джон. Доктар Джон.

— А мяне завуць Корал Маскер, — з нясмелай ветласцю сказала яна.

Ён злёгку схіліў галаву, цырымонна, як робяць чужынцы, і пайшоў прэч. У яе ў памяці засталіся яго вочы, якія ўжо былі затуманеныя адчужанасцю, нібыта асеннім дажджом. Ніколі раней ёй не даводзілася сутыкацца з тым, што пра яе так хутка забываліся. «Такую дзяўчыну мужчыны хутка забываюць», — праспявала яна ціхенька, каб крыху падбадзёрыць сябе.

Але не паспеў доктар адысці некалькі крокаў ад яе, як нехта яго спыніў. Гэта быў невысокі бледны чалавечак, які пракраўся ціха і асцярожна, трымаючыся за парэнчы калідора. Корал пачула, як ён звярнуўся да доктара:

— Што тут здарылася? Можа, патрэбна мая дапамога? — ён быў на цэлы фут ніжэйшы за доктара, і яна ўголас засмяялася, убачыўшы, як, закінуўшы галаву, ён пільна ўглядаецца ў твар субяседніку. — Не думайце, што гэта простая цікаўнасць, — гаварыў ён, ухапіўшы доктара за рукаў. — Святар у маім купэ вырашыў, што нехта захварэў. Я паабяцаў яму пайсці і ўсё высветліць, — горача дадаў ён.

Яшчэ раней Корал заўважыла, што доктар увесь час шпацыраваў сам-насам па калідоры вагона, замест таго каб сядзець у кампаніі іншых пасажыраў у сваім купэ. Цяпер жа, насуперак яго волі, ён апынуўся ў цэнтры ўвагі: дакучлівыя пытанні і просьбы назалялі яму, як калючкі дзядоўніку. Таму яна чакала, што доктар выбухне, накінецца на гэтага назойлівага тыпа з пракляццямі і той, зганьбаваны, ні з чым вернецца ў сваё купэ. Аднак доктар адказаў яму ветліва і далікатна, і гэта яе ўразіла.

— Вы сказалі — каталіцкі святар?

— Не, не, — пачаў апраўдвацца чалавечак. — Я не ведаю дакладна, якога ён веравызнання, да якой царквы належыць. Што ж тут усё-такі здарылася? Нехта памірае?

Доктар Джон, відаць, зразумеў, што апошнія словы напалохалі Корал, і крыкнуў ёй з канца калідора, каб яна не звяртала на іх увагі, а потым вырваўся з рук незнаёмага, які затрымліваў яго. Маленькі чалавечак на нейкі момант заставаўся шчаслівым гаспадаром становішча. Атрымаўшы з гэтага поўнае задавальненне, ён падышоў да дзяўчыны і запытаўся ў яе:

— Што тут здарылася?

Яна нават не глянула на яго, а звярнулася да чалавека, які зычліва паставіўся да яе:

— Я ж не такая ўжо хворая, праўда?

— Што мяне асабліва ўразіла, дык гэта яго акцэнт, — працягваў незнаёмы. — Адразу відаць, што ён чужынец, хоць і назваў сябе нейкім ангельскім прозвішчам. Бадай што, пайду і пагавару з ім.

Розум у яе зусім праясніўся з таго моманту, калі яна прыйшла да памяці: перакулены з ног на галаву свет, дзе не доктар, як на самой справе, а яна нахілілася над ім, і яму патрэбная была нібыта яе спагада і клопат, — крута перавярнуў яе ўяўленне пра жыццё.