Выбрать главу

— Не трэба яго турбаваць, — папрасіла яна незнаёмага, але таго ўжо не было побач, і ён не пачуў яе просьбы.

— Як вы думаеце? — спытаў Майет. — Можа, ён мае рацыю? Можа, сапраўды тут крыецца нейкая таямніца?

— У кожнага з нас ёсць свае асабістыя тайны.

— Магчыма, ён хаваецца ад паліцыі?

— Ён добры, — сказала яна з абсалютнай упэўненасцю ў справядлівасці гэтага сцвярджэння.

Майет пагадзіўся з ёю — гэта дазволіла ім болей не думаць пра доктара.

— Вам трэба легчы, — сказаў ён, — і пастарацца заснуць.

Яна адказала няпэўна:

— Я не змагу заснуць, калі побач тая жанчына з яе страўнікам.

Ён адразу прыгадаў містэра Пітэрса, які сядзіць у сваім кутку і чакае, калі яна вернецца, каб узнавіць на дармаўшчыну бязвіннае задавольванне плоцкіх пажадаў, якое не выклікае ніякіх непрыемнасцей. І Майет прапанаваў:

— Вы павінны пайсці ў маё спальнае купэ.

— Як? У вагоне першага класа?

Тое, што яна не паверыла яму, хоць і вельмі хацела гэтага, вызначыла ўсё: Майет вырашыў зрабіць шырокі жэст у духу ўсходніх багацеяў — паднесці дарагі падарунак, не чакаючы і не патрабуючы нічога ўзамен. Скнарлівасць — традыцыйны папрок людзям яго нацыянальнасці, аднак ён пераканае адну з хрысціянак у тым, што гэта зусім не так. Сорак гадоў жыцця ў пустыні, далёка ад урадлівых земляў Егіпта, выпрацавалі ў яго продкаў суровую звычку — абыходзіцца некалькімі фінікамі і глытком вады. Дый і тысячагоддзі, праведзеныя ў пустэчы хрысціянскага свету, дзе даводзілася дзеля бяспекі хаваць свае скарбы, не заахвочвала да шчодрасці. Аднак свет змяніўся, пустыня расквітнела, у розных месцах свету, асабліва ў Заходняй Эўропе, жыд можа выявіць іншыя якасці характару, раней уласцівыя толькі арабам, — якасці па-царску шчодрага гаспадара, які здатны абмыць ногі жабраку і накарміць яго са сваёй талеркі; часам ён можа з ворага багатых хрысціян ператварыцца ў сябра любога самага апошняга жабрака, што імем госпада бога папросіць прытулку. Спакваля грукат цягніка аціхаў у яго галаве, святло ў вачах тухла, калі ён дзеля задавальнення пачуцця сваёй чалавечай годнасці паставіў у аазісе намёт і выкапаў у пустыні калодзеж. Ён развёў перад дзяўчынай рукі:

— Так, вам трэба адпачыць, і вы будзеце спаць у маім купэ. Я дамоўлюся з кандуктарам. І маё футра — вы павінны яго ўзяць. Яно вас сагрэе. У Кёльне я прынясу вам кавы, а зараз вам лепей паспаць.

— Я не змагу заснуць, пакуль не даведаюся, дзе вы самі будзеце спаць.

— Знайду дзе-небудзь. У цягніку гэтым разам шмат свабодных месцаў.

Ізноў Корал адчула бязмежную пяшчоту, якая цяпер ужо не палохала яе, — здавалася, што яе падхапіла цёплая хваля, і здарылася гэта непадалёк ад берага, і нават калі страх агорне яе, яна зможа стаць нагамі на пясчанае дно, — і гэтая хваля нясе яе, без ніякіх намаганняў з яе боку, туды, куды ёй хочацца, — да ложка, да падушкі, да свежых прасцін, дзе яна зможа залезці пад цёплую коўдру і заснуць. Яна сэрцам адчула, як да Майета разам з упэўненасцю вярнуліся міласэрнасць, літасць, дабрыня, і замест таго каб прасіць прабачэння і нешта гаварыць суцяшальнае, ён проста ператварыўся ва ўвасабленне дабрыні і зычлівасці.

Майет не стаў шукаць кандуктара, а прыткнуўся на адкідным сядзенні ў калідоры, склаў накрыж рукі і ўладкаваўся падрамаць да Кёльна. Але без футры было вельмі холадна. Хоць усе вокны на калідоры былі зачынены, усё адно цягнула скразняком з дзвярэй на пляцоўку паміж вагонамі. Дый грукатанне цягніка цяпер было не такое аднастайнае, каб да яго прызвычаіцца: паміж Гербершталем і Кёльнам было шмат тунеляў, а ў кожным з іх грукат узмацняўся. Майет спаў неспакойна: імклівы напор выпушчанай пары і скразняк з дзвярэй, які халадзіў яму твар, ублытваліся ў яго трывожны сон. Калідор ператварыўся ў Спаніердз-роўд[8], абапал якой цягнуліся зараснікі верасу. Ісаак павольна вёз яго ў сваім «бэнтлі»[9], яны разглядвалі дзяўчат, якія шпацыравалі парамі ўздоўж асветленага ліхтарамі ўсходняга боку вуліцы, — гэта былі прадаўшчыцы, якія рызыкоўна прапаноўвалі сябе за келіх віна ў гатэлі, прагулку ў аўтамабілі і за магчымасць павясяліцца на дармаўшчыну; на другім баку вуліцы ў прыцемках сядзелі на лаўках прастытуткі, азызлыя, знябытыя і старыя; спіны ў іх былі павернуты да пясчаных адхонаў і кустоў верасу, яны чакалі якога-небудзь нямога ці сляпога мужчыну, зусім лядачага, які б прапанаваў ім дзесяць шылінгаў.

Каля ліхтара Ісаак прытармазіў «бэнтлі», міма праплывалі незнаёмыя, маладыя, прыгожыя твары дзяўчат. Ісааку чамусьці хацелася пухленькую бландзінку, а Майету — стройную брунетку, аднак падчапіць якраз такіх было нялёгка: уздоўж усходняга боку вуліцы цягнулася чарада машын іх супернікаў, а дзяўчаты палілі цыгарэты і пасміхаліся, прыхіліўшыся да адчыненых дзвярэй; на другім баку вуліцы цярпліва вяла назіранне толькі іх адзіная двухмесная машына. Майета пачалі ўжо злаваць бескампрамісныя дамаганні Ісаака, у «бэнтлі» было холадна, у твар дзьмуў скразняк, — і ўбачыўшы, што міма праходзіць Корал Маскер, ён выскачыў з машыны, прапанаваў ёй спачатку цыгарэту, потым выпіўку і, нарэшце, паездку ў машыне. «Такія дзяўчаты маюць, зрэшты, адну добрую якасць, — думаў Майет, — яны ведаюць, што азначае паездка ў машыне, і, калі твой выгляд ім не даспадобы, яны проста гавораць, што іх чакаюць дома». Аднак Корал Маскер згадзілася пакатацца з ім у машыне, і яны разам хаваюцца ў цемрадзі аўтамабіля. Ліхтары, гатэлі, будынкі засталіся ззаду, абапал дарогі пацягнуліся дрэвы, у зялёным святле фар яны здаваліся нібыта сілуэты, выразаныя з паперы, потым узніклі кусты з водарам вільготнай лістоты, якая хавала ў сабе свежасць ранішняга дажджу, і нарэшце кароткая жывёльная асалода ў стажку саломы. А што да Ісаака, то хай ён задавальняецца сваёй спадарожніцай, хоць і цёмнавалосай, але пухленькай, лёгка апранутай дзяўчынай з вялізным носам і вялікімі зубамі. Аднак калі гэтая дзяўчына садзіцца побач з Ісаакам на пярэднім сядзенні, яна паварочваецца да Майета, шырока ўсміхаецца і кажа: «Я не захапіла з сабой візітнай карткі, але маё прозвішча — Стэйн». Потым, падхоплены моцным парывам ветру, ён караскаецца наверх па вялізнай лесвіцы, учапіўшыся за срэбныя з пазалотай парэнчы, а гэтая дзяўчына чакае яго наверсе, і на твары ў яе ён бачыць чамусьці вусікі; яна паказвае яму на жанчыну, занятую бясконцым швівам, і крычыць: «Пазнаёмцеся, гэта — містэр Экман!»

вернуться

8

Вуліца ў Лондане.

вернуться

9

Марка дарагога аўтамабіля кампаніі «Ролс-ройс».