Корал Маскер у адчаі адкінула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала і танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлітасны рэжысёр усё біў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнілася на месяц і парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала і танцавала, не звяртаючы на яго ніякай увагі, а ён усё біў яе палкай па нагах.
Місіс Пітэрс павярнула галаву і сказала мужу:
— Гэтае піва. Мой страўнік ніяк не сціхае. Усё бурчыць і бурчыць. Не магу заснуць.
Містэру Оўпі прыснілася, што ён — апрануты ў стыхар, з крыкетнай бітай пад пахай і спартыўнай пальчаткай на запясці — узыходзіць па агромністай мармуровай лесвіцы да святога прастола ў божым храме.
Доктар Джон, які нарэшце заснуў з горкай пілюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, і скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамі загучала павольнае і распеўнае: «Кёльн, Кёльн, Кёльн».
Частка другая
Кёльн
1
— Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, — сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзіннік прабіў адзін раз, і афіцыянт на тэрасе «Эксцельсіёра» пачаў выключаць святло. — Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. — Яна нахілілася праз столік і паправіла гальштук у Мейбл Уорэн.
— Мы жывём разам тры гады, — сказала міс Уорэн нізкім маркотным тонам, — і я ніколі не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.
Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамі.
— Напрамілы бог, дарагая, паглядзі на гадзіннік. Цягнік адыходзіць праз паўгадзіны, мне трэба ўзяць багаж, а табе — інтэрв'ю. Дапівай свой джын, і пойдзем.
Мейбл Уорэн дапіла джын. Потым паднялася з крэсла, і яе мажная постаць злёгку хіснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык і спартыўнага крою гарнітур з цвіду. Бровы ў яе былі цёмныя, вочы карыя і рашучыя, а цяпер — чырвоныя ад слёз.
— Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, — запярэчыла яна.
— Усё гэта глупства, любая, — сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудраніцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. — Ты добра напівалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкі ведай меру. Я ж пакідаю цябе толькі на тыдзень.
— Трымайся далей ад мужчын! — пахмурна сказала міс Уорэн, а калі Джанет Пардаў паднялася, каб перайсці вуліцу, яна моцна ўчапілася за яе руку. — Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калі б толькі я магла паехаць з табой! — Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну. — Ой, глянь толькі, што я нарабіла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнітур! — Вялікай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысціць спадніцу Джанет Пардаў.