Выбрать главу

— Ох, напрамілы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, — сказала Джанет.

Настрой у міс Уорэн змяніўся. Яна выпрасталася і заступіла Джанет дарогу.

— Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.

— Лепей пойдзем хутчэй.

— Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.

Джанет Пардаў саступіла:

— Адну шклянку, толькі адну, май на ўвазе.

Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велізарны, прасторны, бліскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькі стомленых мужчын і жанчын паспешліва глыталі кубачкі кавы.

— Яшчэ адзін джын, — папрасіла міс Уорэн, і Джанет заказала ёй шклянку джыну.

У люстры на супрацьлеглай сцяне міс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, — даволі агіднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая і дарагая істота — зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. «Чаго я вартая? — з маркотай, уласцівай п'яніцам, падумала яна. — Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, — а потым з цынічнай жорсткасцю дадала ў думках: — Яна ў мяне на ўтрыманні. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маімі крывёю і потам (хоць батарэі ў рэстаране не ратавалі яе ад пранізлівага холаду), падымаюся на досвітку, бяру інтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у іхніх логавах, у матак забітых дзяцей, «асвятляю» тое, «асвятляю» гэтае. Яна ведала і нават ганарылася тым, што пра яе гаварылі ў рэдакцыях лонданскіх газет: «Калі вам трэба прымусіць чытачоў загаласіць, такі матэрыял зробіць вам толькі Незвычайная Мейбл». Яе ўладанні — ажно да самага Рэйна, паміж Кёльнам і Майнцам не знойдзецца ніводнага мястэчка, вялікага ці малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусім ёй не знаёмых, яна насільна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнанні, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Ніводзін самазабойца, ніводная забітая жанчына, ніводная згвалчаная дзяўчына не закраналі яе пачуццяў, не выклікалі ў яе шкадавання. Яна — мастак, і яе задача — крытычна даследаваць, назіраць, прыслухоўвацца, а слёзы — яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела і плакала ўголас, з агіднымі ўсхліпамі, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.

— У каго ты будзеш браць інтэрв'ю? — спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусім не цікавіла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклікалі агульную ўвагу. — Табе трэба прычасацца.

Яна была проставалосая, і яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусім раскудлаціліся.

— У Сейвары, — адказала міс Уорэн. — Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнігі «Развясёлае жыццё». Паўмільёна слоў. Дзве сотні персанажаў. Геніяльны кокні[10]. Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.

— А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?

— Едзе на Ўсход збіраць матэрыял на новую кнігу. Праўда, гэта не зусім мая работа, аднак, калі выпала мне цябе праводзіць, выкарыстаю магчымасць і вазьму ў яго інтэрв'ю. Заказалі мне артыкул на чвэрць газетнай калонкі, але, відаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такія матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялі паўслупка сярод паведамленняў пра русалак і марскіх канькоў.

Раптоўны ўсплеск прафесійнай цікаўнасці схлынуў, як толькі яна зноў глянула на Джанет Пардаў: раніцай яна не ўбачыць, як Джанет у піжаме налівае ў кубачкі каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у піжаме размешвае кактэйль.

— Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? — хрыпла спытала яна. Дзіўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калі яго вымавіла міс Уорэн сваім нізкім мужчынскім голасам.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Піжаму, дарагая. Я хачу ўявіць сабе, як ты будзеш выглядаць сёння ўвечары.

— Відаць, сёння я наогул не буду распранацца. Слухай, ужо палова другой. Мы павінны спяшацца. Ты не паспееш узяць інтэрв'ю.

Апошнія словы абразілі прафесійную годнасць міс Уорэн. Яна з пагардай фыркнула:

— Няўжо ты думаеш, што я буду задаваць яму пытанні? — сказала яна. — Я толькі кіну на яго позірк і сама знайду за яго патрэбныя словы. Яму ж усё адно: гэта ж яму рэклама.

— Але ж мне трэба знайсці насільшчыка, каб аднесці мае чамаданы.

Наведнікі пачалі выходзіць з рэстарана. Дзверы адчыняліся і зачыняліся, і туды, дзе яны сядзелі, няясна даносіліся галасы насільшчыкаў і гудкі паравозаў. Джанет Пардаў зноў звярнулася да міс Уорэн:

— Трэба ісці. Калі ты яшчэ хочаш джыну — можаш выпіць, але я пайду.

Аднак міс Уорэн нічога не адказала, міс Уорэн не звяртала на яе ўвагі. Джанет Пардаў стала сведкай звычайнага рытуалу ў журналісцкай практыцы Мейбл Уорэн, — яна на вачах рабілася цвярозай. Спачатку яе рука прычасала валасы, потым звыклым жаночым жэстам яна правяла насоўкай з пудрай па чырвоных шчоках і павеках. Адначасова яна кінула позірк на тое, што адлюстроўвалася ў бліжэйшых кубках, падносе і шклянках, а потым яе погляд дабраўся да люстраў на сцяне і яе адбітку — гэта было падобна да чытання алфавіту па табліцы ўрача-акуліста. У гэтым выпадку першая літара — вялізная чорная «А» — пажылы мужчына ў плашчы, які стаяў каля століка, страсаючы з сябе крошкі, ён збіраўся выходзіць, каб паспець да адыходу цягніка.

вернуться

10

Карэнны жыхар Лондана.